Докшичанка Любовь Румчик читает районную газету со дня её основания

bez-imeni-1Семдзясят тры гады Любоў Румчык выказвае прыхільнасць раёнцы. Яна старэйшая наша падпісчыца. Любові Цярэнцьеўне пашчасціла трымаць у руках першыя выданні друкаванага органа Докшыцкага раёна – газеты “Ленінская праўда”. Было гэта восенню 1944 года. Тады сям’я Любы вярнулася з эвакуацыі, і бацька Цярэнцій Шапкоў быў прызначаны на працу ў райвыканкам. Сама ж Люба стала супрацоўніцай райкама камсамола. Размяшчалася ўстанова ў Параф’янаве, у адным з пакояў маленькай хаткі, а ў другім былі рэдакцыя і друкарня. Пісаў матэрыялы, уручную набіраў тэкст малады хлопец, пазней рэдактар газеты Піскуновіч.

Любоў Цярэнцьеўна ўспамінае, што на аркушы паперы памерам у чацвёртую частку сённяшняга газетнага ліста друкаваліся ў асноўным заклікі і паведамленні ТАСС. Потым прыехала на працу Бася Шапіра, з’явілася наборшчыца Леаніда Маркавец. Павялічыўся і памер газетнага ліста.

З таго часу Любоў Цярэнцьеўна ні разу не здрадзіла раёнцы. Да сённяшняга яна афармляе падпіску на яе з месяца ў месяц. Прызнаецца, што абедаць не сядзе, пакуль не прагледзіць новы нумар любімай газеты. Любіць чытаць пра школьнае жыццё, пра спорт, гісторыю Докшыччыны, пра цікавых людзей і вайну. Некалі яна выпісвала некалькі друкаваных выданняў. З узростам паціху адмовілася ад усіх, акрамя раённай газеты. Чытае праз лупу, але, як яна выказалася, “от корки до корки”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *