Фестиваль театрального искусства «Зазеркалье-2017» прошёл в Докшицком районе (+фото)

img_6787На мінулым тыдні ў Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце адбыўся традыцыйны фестываль тэатральнага мастацтва для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Зазяркалле”. Сёлета ў ім удзельнічала дзесяць калектываў з розных куткоў Беларусі. 

За тры дні мерапрыемства адбылося шмат цікавых падзей, незвычайных знаёмстваў і прыемных сустрэч. У фае школы, як заўсёды, арганізавалі выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тут жа была прадстаўлена персанальная выстава, прымеркаваная да Сусветнага дня распаўсюджання інфармацыі аб аўтызме, юнага мастака з Віцебска Тадэвуша Урубеля. Вечарам удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем бавілі час разам з артыстамі Докшыцкага народнага тэатра гульні “Балагуры”.

На наступны дзень на адкрыцці фестывалю прысутнічаў паважаны госць – пасол італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б’янкі. Ён шчыра вітаў дзяцей і дарослых, а таксама ўручыў прыз за лепшую работу ў традыцыйным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Глыбоцкаму псіханеўралгічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў, самадзейныя мастакі якога зрабілі вялікую ляльку Бураціна. Дарэчы, менавіта гэтаму казачнаму герою і прысвяцілі свае выступленні юныя артысты: тэмай агляду-конкурсу стала казка А.Талстога “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”. Пасля выступленняў творчыя калектывы атрымлівалі памятныя дошкі ўдзельнікаў і падарункі ад прадстаўнікоў італьянскага сацыяльнага клуба “Матрошка”. У гэты ж дзень сваёй творчасцю з прысутнымі падзяліліся вучні Бягомльскай СШ. Таксама радасць і весялосць дарылі са сцэны юныя артысты аднаго са сталічных Цэнтраў дзяцей і моладзі. Канцэрт арганізавала даўні сябра фестывалю кіраўнік сацыяльна-культурнага цэнтра мінскага Дома Міласэрнасці беларускай праваслаўнай царквы Ірына Тарасік.

Зорным дажджом назвалі фестываль падчас яго закрыцця вядучыя. Бліскучая рэжысура, артыстычнасць і абаянне самадзейных акцёраў, гучныя апладысменты перапоўненай залы стваралі атмасферу сапраўднага тэатральнага свята. Журы прыйшлося вельмі цяжка вылучыць лепшых, і, аб’яўляючы пераможцаў, італьянскія госці шчыра шкадавалі, што кубкі толькі тры. Спецыяльную прэмію атрымалі артысты-пачаткоўцы з Дапаможнай школы № 26 г. Віцебска, якія ўразілі ўсіх сваёй харэаграфіяй. Прызам за лепшыя касцюмы адзначылі каманду Бялыніцкай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. За лепшую жаночую ролю падарункі атрымалі дзве юныя артысткі з Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната – Таццяна Шаўкера (Кот Базіліа) і Ганна Разумава (Ліса Аліса) (на здымку). Выканаўцам лепшай мужчынскай ролі – Бураціна – прызналі Андрэя Катасонава з Багушэўскага дома-інтэрната (дарэчы, Андрэй – былы бягомльскі выхаванец). Кубак за трэцяе месца атрымала тэатральная трупа Бабініцкага псіханеўралгічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, за другое – Глыбоцкі псіханеўралгічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, за першае – Дапаможная школа № 24 г. Оршы. Асобны падарунак “За любоў да фестывалю” атрымала віцебская сям’я Краўцовых – бацька і дачка, якія заўсёды ўдзельнічаюць у мерапрыемстве.

Гучнымі апладысментамі віталі ўдзельнікі фестывалю юных артыстаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Завяршылася свята майстар-класам ад акцёраў дзіцячага прадзюсерскага цэнтра вядомага беларускага гумарыста Яўгена Крыжаноўскага, якія спачатку правялі на сцэне невялікую спартыўную размінку, а потым запрасілі ахвотных у квэст-гульню.

Тэкт і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *