Почему минчане выбирают местом жительства Докшицкий район?

Па-сапраўднаму цікавыя людзі расказваць пра сябе, пра свае справы не любяць. Таму журналісту даволі складана “атрымаць пропуск” у іх душу. Нам пашанцавала. Былыя гараджане, а зараз вяскоўцы, згадзіліся растлумачыць, чаму бетонныя джунглі Мінска яны змянілі на лес, рачулку, на агарод і жывёлу ў ціхім і аддаленым ад гарадской цывілізацыі Улессі. І, самае галоўнае, чаму менавіта тут яны знайшлі сапраўднае шчасце.

Маленькая дзяржава Новікаў

Вясковая вуліца ва Улессі.

Вясковая вуліца ва Улессі.

Чалавек у вёсцы як маленькая дзяржава: сам атрымлівае прадукцыю, сам яе спажывае і робіць гэта з любоўю і павагай да прыроды. Жыць свабодна, у еднасці з прыродай Георгій Новік марыў заўсёды. Сям’я мае аграхутар пад Гроднам. Для бацькоў гэтага дастаткова, а для Георгія — не, бо ён вельмі любіць менавіта лес. На яго погляд, гэта найбольш устойлівая сістэма, якая даўжэй, чым іншыя, можа працаваць на дабрабыт чалавека. Таму, узяўшы сёння для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі 70 гектараў зямлі, ён не сее на ёй збожжавыя ці іншыя сельскагаспадарчыя культуры, а будзе садзіць эксперыментальны сад, з семечак, без хіміі. Па дамоўленасці з лясніцтвам маладыя саджанцы дрэў высаджвае ў лесе, на пусташах. Лічыць, што беларускім лясам не хапае ліставых і нават фруктовых дрэў, а хваёвых — лішкі. Таму і нападае на іх караед, бо парушаны прыродны баланс суадноснасці. Лес – гэта не градкі для дрэў, таму сапраўдны, як экасістэма, ён ёсць толькі там, дзе яго не чапаюць гадоў трыста. Вырастуць пасаджаныя Георгіем дрэвы, вырасце і яго маленькі сынок з імем Святабор, што значыць, ахоўнік лесу.

Менавіта лес і прывёў выпускніка Гродзенскага ўніверсітэта, іпэшніка-праграміста ў запаведны бярэзінскі край. З жонкай Ірынай, якая мае дыплом мехмата БДУ, яны паглядзелі шмат месцаў у Віцебскай вобласці, бо менавіта ў ёй захаваўся яшчэ вялікі лес, ды ўсё не тое. Справа ў тым, што новае месца жыхарства Новікі прыглядвалі не толькі для сябе, але і для сваіх самых блізкіх сяброў – коней. Гэтыя высакародныя, разумныя жывёлы — ­іх агульнае палымянае захапленне. У Георгія мама – трэнер па верхавой яздзе, а з Ірынай ён пазнаёміўся ў конным паходзе. І вось ва Улессі сужэнцы знайшлі не толькі прыгожыя краявіды, багаты лес, але і прыродны выпас для коней. На агароджаным электрапастухом лузе яны пасуцца, ходзяць на вадапой да сажалкі і тут жа начуюць. Танканогія прыгажуны Стэлла і Трой – пара для верхавой язды, і, магчыма, калі не сёлета, то праз год ёсць надзея ўбачыць іх ра­зам з гаспадарамі на свяце ў Бягомлі ці ў Докшыцах. Мышастая кабылка Моня з пароды беларускіх запражных коней і выглядае адпаведна, як дачка цяжкавоза літоўскага.

Святабор з дзядулем Сяргеем і сябрам па мянушцы Дагор.

Святабор з дзядулем Сяргеем і сябрам па мянушцы Дагор.

Пагаварыўшы з Новікамі, можна вельмі хутка стаць тэарэтычным знаўцам усяго, што датычыцца коней, — надта ўжо натхнёна і горача яны распавядаюць пра гэтых цудоўных жывёл. Мараць пра спартыўную школу, пра іпатэрапію і шмат пра што яшчэ, але раскрываць усе планы маладога, а таму рамантычнага і, як водзіцца ў гэтым узросце, крыху амбіцыйнага гаспадара пакуль няма патрэбы. Можна толькі захапляцца глыбінёй яго натуры, жаданнем прысвяціць сваё жыццё інтарэсам грамадства. Па сённяшніх рэаліях гэта гучыць нават старамодна, бліжэй так да стагоддзя ХХ, а то і ХІХ. Большасць сучаснікаў, што знаходзіцца ў палоне спажывецкіх інтарэсаў, не ў прыклад нашаму герою, любіць сябе і тое, што пры найменшых затратах дае імгненнае задавальненне.

Сядзіба Новікаў знаходзіцца зараз у стадыі будаўніцтва. Дарабляюць купленую чатыры гады таму вясковую хату, узводзяць канюшню. Над апошняй эксперыментуюць з выкарыстаннем альтэрнатыўных будаўнічых матэрыялаў: гліначуркі, лёгкага саману і іншых. З будоўляй дапамагае бацька Ірыны. Сяргей Мікалаевіч з жонкай, дарэчы, людзі абсалютна гарадскіх прафесій: трэнер па плаванні і мадэльер-канструктар таксама купілі хату ва Улессі і думаюць пра пастаяннае месца жыхарства ў вёсцы.

Ірына і Георгій Новікі.

Ірына і Георгій Новікі.

Вяскоўцы маладую пару прынялі прыязна, зараз ужо лічаць іх абсалютна сваімі. І Новікам не прыходзілася моцна напружвацца, каб адшукаць з імі агульную мову. Горш з тымі, хто прыязджае ў гэтыя прыгожыя мясціны толькі ўзяць ад прыроды, а ўзамен пакінуць адходы ад свайго так званага “адпачынку”. На заўвагі рэагуюць часам і груба, але Новікі і не думалі ніколі, што быць яе ахоўнікам будзе лёгка.

Глыбока памыляецца той, хто лі­чыць іх ці то сектантамі (веры яны праваслаўнай, наведваюць храм, хаця не так часта, як хацелася б), ці то дауншыфтарамі. Яны не пустэльнікі і ад цывілізацыі не збеглі. Проста вырашылі, што на зямлі здолеюць хутчэй рэалізаваць сябе, увасобіць у жыццё сваю мэту. Сувязей з горадам не губляюць, хаця і наведваюцца туды без вялікага задавальнення. Георгій па-ранейшаму піша камп’ютарныя праграмы і гэтым зарабляе на хлеб. У сеціве ў іх шмат сяброў і знаёмых. Ёсць і такія, што гатовы пераехаць ва Улессе і ла­дзіць агульную справу з Новікамі. Адна з сем’яў ужо жыве ў вёсцы.

Побач з каралём – любая жанчына каралева!

Андрэй Чыкіда прызнаецца, што шукаў сваю жанчыну дзесяць гадоў. А калі знайшоў, то захацелася стаць для яе сусветам, у якім любай было б абсалютна камфортна. Як гэта звычайна і бывае ў людзей, што па-сапраўднаму кахаюць адзін аднаго, Ірыне хацелася таго ж. Таму яна з дыпломамі двух прэстыжных вузаў у кішэні абсалютна спакойна прыняла прапанову мужа – былога дызайнера ў рэкламным агенцтве, кіраўніка сталічнай фірмы – пажыць у вёсцы, спачатку хаця б толькі летам. Спробы аказаліся ўдалымі, і ва Улессі Чыкіды ўжо двойчы перазімавалі. Хочуць вырасціць дзяцей фізічна здаровымі і самі больш камфортна адчуваюць сябе без шуму і тлуму гарадскога, без агрэсіі, усеагульнай незадаволенасці, заклапочанасці і стрэсаў. Шукалі месца з лесам, вадаёмам і знайшлі Новікаў. Зараз Андрэй рэалізуе сябе як вольны мастак і будаўнік. Для новага дома, які буду­юць, выб­ралі месца на гарушцы — бачны ён здалёк. А жывуць пакуль у старой хаце, якую разам з зямлёй крыху раней набыла мама Андрэя. Трэцяе лета садзяць агарод, прычым, у высокія градкі. Узяць бы з іх прыклад тым гаспадарам, якія выносяць у кантэйнеры скошаную з газонаў траву, галінкі, сухую расліннасць, а градкі на сваіх агародах робяць больш пажыўнымі з дапамогай хімічных удабрэнняў. Чыкіды ж выкопваюць яму па памерах градкі і скідваюць туды ўсё смецце (акрамя штучнага). Калі яна напаўняецца, засыпаюць. Няма больш урадлівай глебы, чым гэты перагной. Скошаную траву выкладваюць паміж радкоў з культурай. Яна не дае расці пустазеллю, абараняе глебу ад перасыхання і ў канчатковым выніку сама ператвараецца ў добрае ўгнаенне.

Андрэй і Ірына Чыкіды.

Андрэй і Ірына Чыкіды.

Чыкіды, як і Новікі, стараюцца зрабіць свой побыт як мага больш натуральным. Напрыклад, у вясковай хаце, дзе ўсё размешчана кампактна, з цудоўным мастацкім густам, няма месца плас­тыку ды штучным шпалерам. А Ірына, абсалютная гараджанка ў мінулым, адкрыла для сябе ні з чым не параўнальны смак кашы, калі яна даспявае ў кацялку ў грубцы.
Асаблівая ўвага ў сям’і, дзе чакаецца трэцяе дзіця, яе самым маленькім членам. Для іх тата абуладкаваў на панадворку цудоўны спартыўна-гульнявы комплекс. У канцы сядзібы выкапалі сажалку. Як і належыць дызайнерам, не проста вырылі яму, а прывязалі гэты штучны вадаём да прыроднага ландшафту, і атрымалася чароўная прыгажосць. Зімой сажалка – найлепшы каток для маленькіх Чыкідаў. Маша ў тры годзікі ўжо стала на канькі. У садок яна не ходзіць, бо ў бліжэйшыя з іх у Беразіно і Бягомль ездзіць бацькам далекавата. Ды ў гэтым і няма вялікай патрэбы. Мама займаецца з імі не горш за выхавальніцу. На стале прымацаваны расклад дзённых заняткаў дзяцей, і ў ім значацца, як і патрэбна, зарадка, прагулкі, дапамога маме, урокі, творчасць, гульні. Жыццё дзяцей: іх першыя словы і крокі, свавольствы і дасягненні – з любоўю занатоўваецца ў відэаархіве.

img_9633 20170109_171024Раніцай, калі яны яшчэ спяць, тата ў прыстасаваным пад майстэрню кутку піша карціны, затым носіць ваду з калодзежа, зімой – дровы, цепліць грубку. Сябры, якія наведваюцца ў госці, здзіўляюцца: як можна па сваёй волі адмовіцца ад выгод і стварыць сабе падобныя цяжкасці? І рэдка хто дадумаецца паглядзець на гэта з другога боку. Не цяжкасці, а звычайная фізічная праца, якая не толькі здымае эмацыянальную нагрузку, але і дае здароўе, якое гараджане шукаюць у трэнажорных залах і на занятках фітнесам. А для жаночага вока няма лепшага відовішча, чым мужчына за справай, якая патрабуе яго сілы і моцы, і няма лепшай асалоды, як карміць яго абедам пасля гэтага. Такі галава сям’і — сапраўдны кароль у сваёй маленькай сямейнай дзяржаве, а каралеве ўтульна і спакойна за яго надзейнымі плячыма.

Зараз на адзінай вуліцы ва Улессі, якое знаходзіцца за дзевяць кіламетраў ад Беразіно і пятнаццаць ад Бягомля, нязвыкла шматлюдна і ажыўлена. Можна ўбачыць нават маладых маці з дзіцячымі каляскамі. Вока радуюць новыя зрубы, на некаторых сядзібах поўным ходам ідзе будаўніцтва.
– Пастаянна пражываюць у вёсцы 13 чалавек, а летам і да пяці дзясяткаў даходзіць, – распавядае старэйшына Уладзімір Аўтушка. – Гараджане выкупілі 15 участкаў. Будуюць на іх новыя дамы, рамантуюць старыя. Гледзячы на іх, і мы падцягнуліся, парадак навялі на сваіх сядзібах. Бачыце, якая зараз чысціня і прыгажосць вакол? А пачаў гэтую справу ўнук Кузьмы Кургея Руслан Насаржэўскі. Ён першы купіў хату. За ім і іншыя пацягнуліся. Глядзіш — і яшчэ нехта захоча стаць пастаянным жыхаром. Мясціны ў нас добрыя, грыбныя, ягадныя. Толькі б людзі адумаліся і спыніліся ў пошуках шчасця ў чужым краі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ і Аляксандр ВАРАНКОВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *