Лучшего музыканта выбрали в Докшицком районе (+фото, видео)

Аляксандр Малюжанец

Аляксандр Малюжанец

Традыцыйнае свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае” адбылося ў Таргунах у першы дзень Святой Тройцы. А таму невыпадкова адкрыццё мерапрыемства распачалося пропаведдзю настаяцеля Тумілавіцкай царквы Святога Георгія Перамоганосца айца Пятра Іоські. Са шчырымі словамі і віншаваннямі звярнуўся да месцічаў і гасцей аграгарадка старшыня Тумілавіцкага сельсавета Дзям’ян Варанковіч.
Афіцыйная частка пад гукі музыкі павольна перацякла ў творчую, напоўненую песнямі, вершамі і танцамі. Ды і як жа інакш? Люстэркам народнага побыту з’яўляецца менавіта творчасць, якая дапамагае даведацца, як жылі нашы продкі, пра што марылі. Любоўю да сваіх бацькоў, да сям’і і роду, да сваёй малой радзімы былі прасякнуты выступленні мясцовых артыстаў. Шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы Алу Краўчонак і Валянціну Малюжанец. Зараджалі пазітывам прысутных хлопчыкі і дзяўчынкі з Таргуноўскага дзіцячага садка і Тумілавіцкай ДССШ і іншыя самадзейныя артысты. Добрым настроем падзяліліся знакамітая прыпевачніца гэтага краю Зінаіда Кішэня і яе акампаніятар Мікалай Казачонак. Не толькі на музычныя нумары было багатым свята: на плошчы ля імправізаванай сцэны на розныя густ, колер і смак разгарнуўся Траецкі кірмаш. На ім свае выставы прадставілі сельскія Дамы культуры, Дом рамёстваў, Тумілавіцкая ДССШ. Якімі толькі відамі творчасці не займаюцца самадзейныя майстры Докшыччыны! Госці кірмашу з задавальненнем набывалі саматканыя посцілкі, плеценыя кошыкі, вышываныя ручнікі, драўляныя вырабы, вязаныя рэчы і інш. Чэргі ствараліся ля сталоў са стравамі нацыянальнай беларускай кухні: тут можна было не толькі паспрабаваць смакату, але і набыць, напрыклад, слоік салёнага сала ці бярозавага соку. Пакуль дарослыя выбіралі патрэбныя рэчы для гаспадаркі, дзеці бавілі час на разгорнутых спецыяльна для іх пляцоўках. Адну з якіх, можна сказаць, традыцыйна, зладзілі культработнікі Парплішчанскага СДК. Не адыходзіла малеча ад сцен намаляванага доміка, зробленага работнікамі Таргуноўскага дзіцячага садка. Тут жа была аформлена выстава малюнкаў выхаванцаў гэтай установы адукацыі. На свяце юным аматарам мастацтва прапаноўвалася ўзяць алоўкі і фарбы, каб адлюстраваць мерапрыемства, і дзеці з задавальненнем малявалі, седзячы за мальбертамі, прадастаўленымі Докшыцкай ДШМ.

Ганна Сіўко

Ганна Сіўко

Яшчэ адна галоўная падзея свята ў Таргунах – гэта правядзенне раённага агляду-конкурсу “Грай, гармонік”. Сёлета ў ім удзельнічала восем музыкантаў. Згодна з умовамі музычнага спаборніцтва выканаўцы-інструменталісты павінны былі выканаць па два рознахарактарныя творы. Выбраць лепшага з лепшых даверылі кампетэнтнаму журы, якое складалася з сапраўдных прафесіяналаў: знакамітага музыканта, лаўрэата абласных, рэспубліканскіх і Міжнародных конкурсаў, акампаніятара народнага вакальнага ансамбля народнай песні “Раніца” Докшыцкага ГЦК Івана Курдзекі, настаўніка Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, кіраўніка народнага вакальнага ансамбля народнай музыкі “Раніца” Уладзіміра Пусташылы і настаўніка Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, лаўрэата абласных, рэспубліканскіх і Міжнародных конкурсаў Аляксандра Букатага.

Полькі, вальсы, крыжачок, знакамітыя “Цыганачка”, “Лявоніха” і іншыя знаёмыя мелодыі разносіліся па наваколлі. Ногі самі ішлі ў скокі, а далоні “гарэлі” ад пляску. Усім светам падпявалі местачкоўцы аднаму з удзельнікаў – свайму земляку Аляксандру Малюжанцу – аўтарскую песню пра Таргуны. Таленавіты музыка і выканаўца раздзяліў перамогу з мясцовай жыхаркай Ганнай Сіўко, якая была адзінай жанчынай-удзельніцай сёлетняга конкурсу. Другім месцам адзначылі выступленні гарманіста-баяніста з в. Бярозаўка Міхаіла Ігнацкага, знакамітага таргуноўскага віртуоза Алега Радзевіча і гарманіста з Параф’янава Міхаіла Міхаля. На трэцім месцы – вядомы параф’янаўскі музыкант Віктар Каросцік, пераможца мінулага года, удзельнік вакальнага гурта “Чабарок” Барсукоўскага ДК Іосіф Альхімёнак і музыкант-самавучка з Несцераўшчыны Мікалай Казачонак.

Шыкоўны канцэрт падарылі святу дзеці і дарослыя Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага. Сваім майстэрствам з радасцю дзяліліся вакальная група выхаванцаў школы “Пацеркі”, танцавальныя калектывы, цымбальны дуэт, баяністы і акардэаністы. Разам з дзеткамі выступілі і іх настаўнікі – інструментальны ансамбль “РэМікс” і народны ансамбль “Вярба”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *