Почему отключают свет в подвалах в Докшицком районе?

776З сярэдзіны вясны бягучага года камунальнікі пачалі актыўна інспектаваць падвальныя памяшканні і адключаць іх ад крыніц электраэнергіі. Зразумела, што робяць яны гэта не беспадстаўна, а згодна з рэспубліканскай практыкай, але працэс, тым не менш, выклікае хвалю незадавальнення жыльцоў шматпавярховікаў. Каб разабрацца ў сітуацыі, мы накіраваліся ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” за падрабязнымі тлумачэннямі.

– Згодна з Указам Прэзідэнта ад 31 снежня 2015 года № 535, пачынаючы з 2016 года выдаткі за асвятленне месцаў агульнага карыстання жыльцамі шматкватэрных дамоў павінны аплачвацца ў поўным аб’ёме, – паведамляе галоўны інжынер арганізацыі Дзмітрый Ляжневіч. – Аднак гэта ні ў якім разе не азначае, што наша арганізацыя мае права спагнаць з жыльцоў сапраўдны кошт за затрачаную на месца агульнага карыстання электра­энергію. Дзяржавай гэты працэс дакладна рэгулюецца ў інта­рэсах карыстальнікаў. Пастановай Саўміна ад 16 снежня 2016 года № 1035 зацверджана, што за асвятленне дапаможных памяшканняў у шматкватэрных дамах на аднаго пражываючага там можна выставіць аплату не больш чым 0,39 рубля ў месяц. Уся астатняя спажытая электраэнергія кладзецца на выдаткі камунгаса. А таму выйсце адно – інспектаваць жылфонд, выяўляць факты нерацыянальнага спажывання і эканоміць.
На практыцы ж камунальнікі сутыкнуліся з тым, што па асобных шматкватэрных дамах у раёне ўзровень спажывання электраэнергіі ў дапаможных памяшканнях зашкальвае.
У размову ўступае начальнік участка па эксплуатацыі і рамонце жыллёвага фонду арганізацыі Святлана Хілько:
– У нашым раёне налічваецца 89 дамоў з падвальнымі памяшканнямі, агульная колькасць якіх 1623. Калі мы прааналізавалі інфармацыю аб колькасці электраэнергіі, якая выкарыстоўваецца жыльцамі для асвятлення дапаможных памяшканняў, прыйшлі да высновы, што па многіх дамах яна неверагодна велізарная. Прывяду некалькі фактаў, каб не было бяздоказна. Напрыклад, у райцэнтры ў доме па адрасе Школьная, 8 за 5 месяцаў было спажыта 1723 кВт/г, а сума страт камунгаса на адным толькі гэтым доме склала 204,9 рубля, у доме 2 па вуліцы Чарняхоўскага гэтыя лічбы яшчэ большыя – 2082 кВт/г і 247,7 рубля выдаткаў! Спіс можна працягваць. Відавочна, што аднымі лямпачкамі ў праходах дапаможных памяшканняў столькі кілават не спажываецца. Трэба было прымаць канкрэтныя меры і шукаць карыстальнікаў, якія падвалы выкарыстоўваюць не толькі ў якасці месца для захоўвання прыпасаў. Хаця, нават гэта там рабіць незаконна, бо дапаможныя памяшканні прызначаны ў першую чаргу для забеспячэння эксплуатацыі жылога дома.
Адключэнне падвальных памяшканняў ад крыніцы электраэнергіі не адбываецца стыхійна. Пры гэтым падвальныя памяшканні, да якіх не ўзнікае пытанняў, падключаюцца зноў. Падрабязней пра гэта расказвае інжынер-энергетык камунгаса Раман Салдатаў:
– Спачатку мы размяшчаем на пад’ездах аб’явы пра тое, у які дзень і час будзе абход падвальных памяшканняў і звяртаемся з просьбай забяспечыць свабодны ўваход у іх. На практыцы зрабіць абследаванне за адзін дзень не атрымліваецца, а таму часта робім яшчэ і пакватэрны абход, просім адамкнуць падвал. Што толькі за гэты час мы не знаходзілі ў падвальных памяшканнях! Напрыклад, халадзільнікі, электрапрыборы, а ў адным з дамоў па вуліцы Чарняхоўскага прадбачлівы жыхар размясціў там электрамлын і без згрызотаў сумлення карыстаўся дармавой электраэнергіяй на поўную. У шматкватэрным доме па Школьнай выявілі падвал, адрамантаваны не горш за жылы пакой кватэры, у якім таксама карысталіся не толькі лямпачкай. Згодна з аналізам спажывання электраэнергіі на асвятленне дапаможных памяшканняў, напрыклад, яшчэ ў сакавіку неразмеркаванымі засталіся 2380 кВт/г, у красавіку лічба была меншай – 1368 кВт/г, а па выніках мая на выдаткі камунгаса лягла аплата ўжо за 696 кВт/г. Пасля інспектавання камунгас абразае святло, разеткі, а затым, у “чысты” падвал ізноў падаецца электраэнергія. Так электрычнасць вярнулі ўжо па 11 адрасах. І гэта справа працягваецца.
Якое выйсце для тых, хто ўсё ж такі жадае карыстацца электрапрыборамі ў падвальным памяшканні за свой кошт?
Як паведамілі ў камунгасе, асобны лічыльнік на падвальнае памяшканне не ўсталюеш, бо для гэтай працэдуры патрэбен праект, які могуць зрабіць па заяве ўласніка. А дапаможнае памяшканне ў доме па законе не можа знаходзіцца ва ўласнасці гаспадара кватэры. Выставіць большы, чым патрабуе закон, рахунак за электраэнергію таксама немагчыма. А таму варыянт адзіны – напісаць заяву ў абслугоўваючую арганізацыю (камунгас) аб жаданні заключыць дагавор на аказанне дадатковай паслугі і падключыцца да сеткі праз індывідуальны электралічыльнік.
Поўная аплата за паслугі – гэта тое, да чаго крок за крокам камунальныя службы імкнуцца прывучыць грамадства. Толькі цяжка яшчэ нашай свядомасці, якая прызвычаілася да дармавых выгод, зразумець, што лічыць і эканоміць – гэта нармальна і цывілізавана.
Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *