В центре оперативного управления Докшицкого района работают ответственные и опытные сотрудники


img_6297

Ад дакладнай работы цэнтра аператыўнага кіравання ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях залежыць захаванасць маёмасці, а то і жыццё людзей на пажары і ў іншых непрадбачлівых сітуацыях.Таму служаць у ім вельмі адказныя, вопытныя супрацоўнікі.
Прапаршчык унутранай службы Юрый Навіцкі (на здымку) больш за дваццаць гадоў сочыць за супрацьпажарнай абстаноўкай. Пасля службы ва ўнутраных войсках ён думаў пайсці ў міліцыю, але лёс прывёў яго ў пажарныя. Там і застаўся.
– Ведаў, што гэта прафесія не з лёгкіх, – гаворыць Юрый, – і цяжкасці выклікаюць не столькі фізічныя нагрузкі, колькі псіхалагічныя. Упэўненасць, што зрабіў правільны выбар, прыйшла пасля першага выезду на пажар. Атрымаў вялікае задавальненне ад таго, што магу дапамагаць людзям.
Зараз Навіцкі служыць дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання. У яго абавязках – прымаць тэлефонныя званкі на нумары 101 і 112 і хутка рэагаваць па сітуацыі. На пасту Юрыя змяняюць Сяргей Падбярэзскі і Віталь Галавач. Праз дзяжурнага МНС ідзе сувязь паміж чатырма пажарнымі пастамі (Валкалата, Гліннае, Ветахмо, Крулеўшчына) і дзвюма часцямі (Докшыцы, Бягомль).
– У дзень бывае і па 100 зваротаў грамадзян. Усе размовы з імі запісваюцца. Пэўна таму зніклі ілжывыя выклікі. На маёй памяці год таму быў зафіксаваны выпадак дзіцячага хуліганства: нарад выехаў па адрасе, які быў указаны ў час званку, але ўзгарання там не было. Аказалася, малеча паспела не толькі ў пажарную патэлефанаваць, але яшчэ і ў “хуткую”. Свавольнікаў вылічылі, а адказнасць панеслі дарослыя.
Больш за ўсё выклікаў бывае па адзіным нумары 112. Па ім тэлефануюць сведкі любых надзвычайных сітуацый, а дзяжурны злучае іх з патрэбнай службай. У раённым аддзеле МНС дзейнічаюць пяць “прамых ліній”: з РАУС, “хуткай дапамогай”, ЖКГ, РЭС і райгазам.
– Быў выпадак, – узгадвае Юрый, – калі патэлефанавалі суседзі памерлага чалавека і паведамілі, што невядомыя з яго дому выносяць рэчы. Так быў папярэджаны крадзеж. Сваю службу ў МНС называю ўніверсальнай – працуем і за пажарнага, і за міліцыянера.
– Як адпачываеце пасля сутак дзяжурства? Высыпаецеся?
– Нам дазволена 3-4 гадзіны сну падчас службы, – усміхаецца Юрый. – І гэтага хапае. Напэўна, звычка. Спяшаюся дадому, да дзяцей, якіх у мяне трое. Вельмі люблю братоў нашых меншых, а таму ў нашай сям’і ёсць яшчэ сабака, кошка, чарапаха і дэкаратыўная белка. Нядаўна захапіўся калекцыяніраваннем – збіраю мадэлі аўтамабіляў, і не толькі пажарных. Самы найлепшы адпачынак, лічу, на зямлі – таму, каб узнавіць сілы, еду на дачу.
Нашу размову перарваў тэлефонны званок.
– Дзяжурны МНС. Чым дапамагчы?
Тэлефанавалі з Крулеўшчыны. Дзесьці ля нафтабазы пры пракладцы новай трасы рабочыя знайшлі боепрыпас.
– У гэтым годзе гэта першы такі выпадак, – удакладніў Юрый і пачаў тэлефанаваць у ваенкамат, а затым у РАУС.
– Далей справа за гэтымі службамі. Мне ж трэба кантраляваць працэс.
Пазней мы даведаліся, што спецыялістамі з Барысава снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны быў размініраваны.
Кажуць, што найлепшае віншаванне для пажарных – “сухіх рукавоў”. Гэтага і пажадаем ім напярэдадні прафесійнага свята.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *