В Докшицах прошёл вечер памяти поэтессы Марии Лукьяненко

img_6364

Мінулы тыдзень аказаўся багатым на літаратурныя сустрэчы. У пятніцу, 21 ліпеня, у аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту быў арганізаваны вечар памяці настаўніцы, паэтэсы, былой супрацоўніцы рэдакцыі раённай газеты “Родныя вытокі”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі – Марыі Лук’яненка.

Пяць гадоў таму Марыя Мікалаеўна заўчасна пайшла з жыцця, але памяццю пра аўтара сталі кнігі вершаў: выдадзеная “Апусціць не паспела вачэй” і падрыхтаваная да друку “Доўгая спяшаецца дарога”.
Пра паэтку гаварылі калегі, сябры, а таксама героі яе артыкулаў. У прыватнасці, Алена Сарокіна, якая падзялілася светлымі дзіцячымі ўспамінамі, бо ведала Марыю Мікалаеўну яшчэ маленькай Машай, што прыязджала ў Докшыцы да бабулі і дзядулі Сіндрэвічаў.
Былая настаўніца, удзельніца літаб’яднання “Крыніцы” Ганна Сінякова прачытала вершы паэткі з цыкла, прысвечанага падарожжу ў Італію. Гучалі ў гэты дзень і іншыя вершы аўтара, а таксама кароткія замалёўкі – абразкі, асноўная тэма якіх – вельмі розныя жаночыя лёсы.
Таксама вядомая нашым пастаянным чытачам аўтарка вершаў з Крулеўшчыны Марыя Януш прыгадала, як пазнаёмілася з паэтэсай, калі тая прыехала браць інтэрв’ю ў яе як настаўніцы для газетнай рубрыкі “На педагагічным алімпе”. Той артыкул жанчына беражліва захоўвае да сённяшняга як выдатны ўзор апісання сваёй педагагічнай біяграфіі.
Чалавек жывы, пакуль жыве памяць пра яго. Памяць пра аўтара – у яго творах. Вершы Марыі Лук’яненка лірычныя, меланхалічныя, з асаблівай жаночай тугою. Іх хочацца чытаць і перачытваць.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Марыя Лук’яненка

***
Вазьмі, як біт, маю душу, Айчына,
І раны ўсе свае перавяжы,
І ні дачкі чарнобыльскай, ні сына
Заўчасна ў мёртвы дол не палажы.

Аддам усё, жыцця не пашкадую,
Каб шэрань смутку не студзіў вачэй,
Каб ты вясну сустрэла маладую
І акрыяла як мага хутчэй…

***
Штодзённыя дажджы
размылі ўсе сцяжыны.
Як радасці цяпер дабегчы да мяне?
Каб не цвяліць вачэй,
за жураўліным клінам
У вырай паляціць, як шмат гадоў раней.
А мне пакіне цень пажоўклых успамінаў
І шэры далягляд без зеляніны мар.
І пад вакном маім дрыготкі куст каліны,
Які і дзень, і ноч люляе дум цяжар.

***
Іграюць Баха. Долу капялюш.
Браню і крывадушнасць кіньце долу,
Сівых, здранцвелых не шкадуйце душ.
Яшчэ не позна. Нас чакаюць колы
Высока ўзнятай годнасці людской.
Іграюць Баха. Скажам “не” галечы
І хцівасці пачварнай і тугой,
Што гне цяжарам непрыстойным плечы.
***
Цікаўнай поўні вузенькая стужка
Праціснулася ў шчыліну акна:
Як дзіўна абыходзіцца падушка
З няўдачаю закрэсленага дня.
То кінецца да ног яе прыціхлых,
То запаўзе вужакай пад жывот,
А то зацісне змучанаму ўздыху
Імгненным рухам нецярплівы рот…

***
Па лёсе, як па небе: то хмары, то аблокі,
То павуцінне зорак рве ранішні прамень.
То радасна, то сумна
маім часовым крокам,
Пляце вянок пачуццяў
падораны мне дзень.
У вогнішчы шчаслівым гараць,
як свечкі, ночы,
А потым дождж бяссонны
варушыць попел той.
Сплятуцца – расплятуцца
і паплывуць аднойчы
І радасць, і мой смутак па небе чарадой.

***
Пераскочыў, як і год назад,
Травень спрытны цераз плот зубчасты –
Векавымі мроямі аб шчасці
Ружавее яблыневы сад.
І ўгадае толькі зрок нябёс,
Яблыкам салодкім або кіслым
Над зямлёю летняю павісне
Кветак маладых цяжарны лёс.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *