Докшицы с послевоенных лет и по сей день

Пасляваеннае адраджэнне

Мікалай Усцін і Ульяна Крышталевіч ускладаюць кветкі да помніка  І.С. Палявому.

Мікалай Усцін і Ульяна Крышталевіч ускладаюць кветкі да помніка
І.С. Палявому.

Па прычыне таго, што Докшыцы былі моцна разбураныя, раённыя ўстановы пасля вызвалення часова размяшчаліся ў Параф’янаве. У горадзе засталіся толькі гарсавет, паштовае аддзяленне ды сярэдняя школа. У Наддатках пачаў працаваць дзіцячы дом для сірот вайны. І ўсё ж спалены і разбураны горад павольна аднаўляўся. З усяго раёна, пераважна з фальваркаў і маёнткаў, у Докшыцы звозіліся драўляныя будынкі. З іх узводзілі памяшканні для раённых устаноў. Менавіта тады быў пастаўлены будынак, дзе зараз размяшчаецца райваенкамат. Напачатку там быў райвыканкам, потым паліклініка.
У былым маёнтку пані Мікульскай пачала дзейнічаць МТС, а з 1951 года адкрыліся курсы шафёраў. У 1946 годзе ў адной з уцалелых хацін на развілцы сённяшніх вуліц Савецкай і К. Маркса адкрылася майстэрня па рамонце абутку і шыццю аддзення, якая называлася арцеллю інвалідаў “2-га ліпеня”. Яе першым дырэктарам быў Шыманоўскі. Сталі працаваць млячарня і хлебапякарня. На млыне Шэймана ўстанавілі дызельны электрагенератар, які забяспечваў горад электрычнасцю. Фотапаслугі аказваў мастак і фатограф Сяргей Вішнеўскі, адным з першых пасляваенных цырульнікаў быў Ягор Плыгаўка. У 1960 годзе пачаў дзейнічаць аэрапорт. Самалёт АН-2 абслугоўваў авіялінію Віцебск – Докшыцы – Мінск. Аэрадром займаў тэрыторыю, на якой сёння знаходзіцца жылы мікрараён вул. Палявой. Да канца 50-х гадоў у горадзе з’явіліся першыя двухпавярховікі па вул. Ленінскай, у тым ліку і той, дзе зараз знаходзіцца рэдакцыя раённай газеты. Быў ён тады жылым домам, дзе кватаравалі партыйныя і савецкія работнікі. Атрымаць нават пакой у гэтым доме лічылася на той час вялікай удачай. У другім месціўся інтэрнат для дзяцей-сірот, пераведзены сюды з Наддаткаў. Былі пабудаваны сярэдняя школа, клуб, райкам партыі. Будаўніцтвам займаўся створаны ў 1959 годзе міжкалгасбуд – прабацька сённяшняй ПМК-52. У 1961-м годзе базарная плошча стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Палявога. Яго астанкі, як і іншых загінулых воінаў і партызан, перавезлі ў райцэнтр з Малажаняў. На брацкай магіле ўстанавілі помнік. Вуліца Палявая стала вуліцай Палявога. У тым жа 1961 годзе быў пастаўлены абеліск і на брацкай магіле ваеннапалонных на месцы былога канцлагера.
У 1962 годзе Докшыцы ў сувязі са скасаваннем раёна страцілі статус райцэнтра. Крыху зменшылася насельніцтва, бо спынілі сваё дзеянне ўстановы раённага значэння і некаторыя служачыя выехалі, але гарадок па-ранейшаму працягваў жыць і даказваць сваё права на існаванне. Менавіта ў гэты час дзякуючы намаганням былога партызанскага камісара, легендарнага дырэктара Докшыцкай школы, які ўзначальваў яе амаль 30 гадоў, Уладзіміра Паруля, установе было прысвоена імя Палявога. У школе адкрыўся музей, у якім знаходзіліся некаторыя асабістыя рэчы Героя. Дырэктар разам з вучнямі ездзіў на радзіму Палявога, у суседнюю Украіну. Для школы быў узведзены новы двухпавярховы будынак на цяперашняй вул. Школьнай. Але ён усё роўна не ўмяшчаў усіх вучняў, і некаторыя класы знаходзіліся ў хатах, што стаялі побач.

Горад зменьвае аблічча 

На свяце ў Чыстаполлі выступае вакальная група Бягомльскага дома культуры.

На свяце ў Чыстаполлі выступае вакальная група Бягомльскага дома культуры.

У 1964 годзе Докшыцы зноў сталі райцэнтрам. Менавіта на гэты час прыйшліся падзеі, якія не ўпрыгожваюць гісторыю горада, але яны былі неад’емнай часткай таго атэістычнага перыяду, які ў 60-я гады набыў ваяўнічы характар. Былі знішчаны габрэйскія могілкі на скрыжаванні вуліц Піянерскай і Маякоўскага. На іх месцы разбіты парк. На яшчэ больш старажытных габрэйскіх пахаваннях у канцы вул. Савецкай стаў будавацца РЭС. На вул. Пушкіна на зруйнаваных уніяцкіх могілках разбілі піянерскі парк. Потым гэта месца католікі выбралі для будаўніцтва касцёла. У канцы 60-х з’явіўся помнік на месцы масавага расстрэлу габрэяў па вул. Маякоўскага. У гэтай яме, як звалі яе ў народзе, захавана і шмат іншых ахвяр, якія загінулі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх партызаны, падпольшчыкі, тыя, каго да іх прыпісалі немцы, у тым ліку і сям’я праваслаўнага святара Новіка з вёскі Слабада.
У 1967 годзе першым сакратаром райкама партыі стала Герой Сацыялістычнай працы Ульяна Крышталевіч. Здольны кіраўнік, цудоўны чалавек, вельмі просты і, як зараз кажуць, дэмакратычны ў зносінах з падначаленымі, яна за сем гадоў здолела вывесці раён у рэспубліканскія лідары па выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі. Пасля гэтага пайшла ў Міністэрства сацзабеспячэння, а распачатую ёю справу дастойна прадоўжыў Мікалай Усцін. Пры Ульяне Феактыстаўне змяніў свой твар і горад. Вуліца Ленінская пасля перапланіроўкі стала больш шырокай па памерах, на ёй у 1966-м паклалі брук. Брукаванка была таксама на Піянерскай і Савецкай. Да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі было пашырана і паглыблена возера, пабудаваны дамба і мост, а сама вуліца Савецкая паднята насыпам да той вышыні, якую мае і сёння, і адна з першых заасфальтавана. Тады ж на набярэжнай устанавілі свяцільні і пасадзілі парк, а па вул. Ленінскай – каштаны. Сталі працаваць малаказавод, хлебазавод, ПМК-48, рэмбуд (ДРБУ-180), прамкамбінат, музычная школа, атэлье. Да пачатку 70-х цэнтр ужо ўпрыгожвалі будынкі райкама партыі (зараз ДШМ), універмага (адміністрацыйны будынак райста), кінатэатра “Іскра”, рэстарана. Свае будынкі атрымалі пошта і вузел сувязі (Цэнтр дзяцей і моладзі), КБА (зараз будынкі райаддзела Дэпартамента аховы і падатковай інспекцыі), гасцініца, камгас (зараз ЗАГС). Аўтастанцыя знаходзілася ў маленькім будынку, які зараз месціцца ў канцы гасцінічнай стаянкі. У 1970-ым з’явіліся першыя шматпавярховікі на вул. Чарняхоўскага, якія стала будаваць для сваіх работнікаў міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (ПМК № 52). У сярэдзіне 70-х быў узведзены цяперашні будынак райвыканкама, пабудавана бібліятэка (зараз Дом рамёстваў). Вельмі актыўна ішло прыватнае будаўніцтва. Людзі не чакалі жылля ад дзяржавы, бралі восем сотак і будавалі свае сядзібы. Дзякуючы гэтаму горад рос, яго насельніцтва павялічвалася.
Нягледзячы на тое, што гараджане шмат працавалі, акрамя асноўнай работы, практычна ўсе з іх мелі прысядзібную гаспадарку, трымалі жывёлу, нават кароў, людзі знаходзілі час для заняткаў у шматлікіх калектывах мастацкай самадзейнасці, спартыўных гуртках і секцыях. Яшчэ Ульяна Феактыстаўна ўвяла традыцыю святкаваць Дзень Перамогі ў Чыстаполлі. Месца было выбрана па прынцыпе будаўніцтва антычных амфітэатраў. Сцэна ў лагчыне, а ўзвышша вакол яе служыла прыроднай ложай, адкуль усё было бачна. На святы прыходзілі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі, якія елі і спалі тут жа на разасланым дыване. Калі 9 Мая святкавалі толькі гараджане, то Дзень моладзі быў святам раённым. На яго прывозілі моладзь і пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва з усіх гаспадарак раёна. Людзей тады ў сельскай мясцовасці было шмат, таму з адной гаспадаркі прыходзіла, бывала, па тры-чатыры машыны ахвотных убачыць грандыёзнае па тых часах відовішча. Вялікія канцэрты ладзіліся сваімі сіламі. Ульяна Феактыстаўна вельмі трапятліва адносілася да мастацтва і асабіста аберагала кожнага, хто меў спеўны ці музычны талент. Пад яе крылом нарадзіўся сямейны ансамбль музыкаў Глінскіх, з яе благаславення заспявала Ядзвіга Локцік. Што датычыцца іншых святаў на працягу года, то канцэрт да кожнага з іх рыхтавала вызначаная арганізацыя. Напрыклад, да 7-га лістапада – медработнікі, да 1-га Мая – райсельгастэхніка і г.д. Практычна ў кожнай з буйных арганізацый працавалі хор, вакальныя групы, былі салісты, з якімі займаліся культработнікі і спецыялісты з музычнай школы.

Адметныя 80-ыя 

Хоць і называюць 80-ыя гады мінулага стагоддзя росквітам застою, для Докшыц яны былі даволі плённымі ў плане добраўпарадкавання. За пяць-шэсць гадоў горад стаў больш сучасным, прыгожым і ўтульным. Свае намаганні прыклалі да гэтага сакратары райкама партыі Мікалай Усцін, Анатоль Салаўёў, Ірына Крукава, старшыня райвыканкама Людвіг Петрашкевіч. Асфальтавае пакрыццё і тратуары набылі нават такія вуліцы, як напрыклад, Гайдара, Чарняхоўскага, Маякоўскага, на якіх іх ніколі не было. Пабудаваная аўташкола мела лепшую ў вобласці вучэбна-вытворчую базу. Выраслі будынкі ўнівермага, банка (зараз “Бел­аграпрамбанк”), аздараўленча-­лазневага комплексу, у якім былі сауна, два басейны, трэнажорная зала. Не маглі нарадавацца гараджане новаму бальнічнаму гарадку, аўтавакзалу, будынку Дома быту. Было пабудавана некалькі новых крамаў, райкам партыі (зараз ГЦК), адкрылася першая пральня, куды жанчыны-гараджанкі з задавальненнем сталі здаваць мыць бялізну. Вялікай падзеяй стала адкрыццё другой школы. Да гэтага часу дзеці займаліся ў двух будынках адзінай школы ў дзве змены.
Вельмі хутка пасля гэтага адбылася змена грамадска-палітычнага ладу. БССР ператварылася ў Рэспубліку Беларусь. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў дасягнула вяршынь, і менавіта ў 90-ыя гады пачаўся рух за аднаўленне гісторыі нашага старажытнага горада. Да гонару раённай газеты, менавіта на яе старонках з’явіліся першыя публікацыі як прафесійных гісторыкаў, так і аматараў-краязнаўцаў пра мінулае Докшыц. Ля вытокаў стаялі аўтар гэтых радкоў і на той час студэнт гістарычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта Алег Каляга. Алег шукаў звесткі ў архівах, а журналіст “хадзіла па людзях”: далібог, тады яшчэ жылі тыя, хто памятаў нават рэвалюцыю. Так адшукалі і Мікалая Чысцякова. Потым далучыліся іншыя. Занатаваная без палітычнай афарбоўкі гістарычная памяць у аднайменнай кнізе – гэта тое вечнае, што застанецца нашым нашчадкам.
За мінулыя амаль тры дзесяцігоддзі горад ужо ў які раз змяніў сваё аблічча. Займеў новыя будынкі, цэлыя жылыя мікрараёны, яшчэ адзін храм, рэканструяваную светлую і прасторную плошчу, добраўпарадкаваную набярэжную з амфітэатрам і цудоўным паркам. У ім стала больш зеляніны і кветак, а самае галоўнае, стала больш жыхароў. Наш невялічкі горад жыве і прыгажэе, нягледзячы ні на якія шматвекавыя выпрабаванні, і для сямі тысяч жыхароў ён з’яўляецца самай дарагой кропкай на карце, куды хочацца вяртацца з любога падарожжа.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *