Один день на комбайне провела журналистка из Докшиц


Ab ovo*

a-1339

Пакіраваць магутным “караблём палёў” – мара, што “спела” яшчэ з дзяцінства, таму світанак свайго дня ў новай прафесіі сустрэла з радасцю і душэўным уздымам. Пачаўся той дзень у палове восьмай з… веласіпеда. Менавіта на гэтых двухколавых машынах мы з механізатарам ДП “АграСітцы” Міхаілам Наумцам паехалі па Валкалатах да скрыжавання вуліц, адкуль нас разам з іншымі работнікамі забраў вадзіцель на “бусіку” і завёз у Сітцы на мехдвор. Міхаіл на камбайне працуе адзін і да просьбы ўзяць да сябе некампетэнтнага, але дапытлівага памочніка аднёсся лагодна і з разуменнем.
Адзінаццаць камбайнаў задзейнічаны на жніве ў гаспадарцы. Зранку на мехдвары знаходзілася шэсць – гэта тыя, што працавалі на недалёкіх палях. Астатніх механізатараў пасля кароткай нарады і падпісання пуцявых лістоў на тым жа “бусіку” развезлі на нівы да тэхнікі, што там начавала.
План на дзень для трох камбайнераў – Міхаіла Наумца, Сяргея Бабровіча і Вячаслава Будзіча – закончыць жаць ячмень на полі за вёскай Курдзекі і пераехаць да Сітцаў, на поле з трыцікале. На адвозцы зерня – два МАЗы, якімі кіруюць Руслан Камнеў і Рыгор Лапіньш.
Як вядома, пакуль не спадзе раса і сонейка не падсушыць добра каласы, жніво не пачынаецца. Таму паўтары-дзве гадзіны механізатары займаюцца аглядам камбайнаў, дробным рамонтам, уборкай рабочага месца. Вось і мой камандзір (здымак 1) да паловы адзінаццатай памяняў сегмент і палец (дзе яны знаходзяцца і якія функцыі выконваюць, ведаю – чэсна), а памочніку, каб не заснуў, была даверана звыклая жаночая справа: працерці пыл, вычысціць шкло ў кабіне, падмесці там і на мосціку. Зрабіць гэта было зусім нескладана, бо, па ўсім бачна, прыбіраецца Міхал на рабочым месцы штодзённа.

1

Жаночы погляд на камфорт

А ведаеце – даволі камфортна! Не ўсе кабіны вадзіцеляў міжгародніх і гарадскіх аўтобусаў нават у сталіцы абсталяваны кандыцыянерамі, а на камбайнах яны  ёсць. Шкло таніраванае, можна працаваць без акуляраў ад сонца, гукапаглынальнае – не шумна. Прасторна нават для двух чалавек. Сядзенне старшага камбайнера дастаткова зручнае, памочніка, зразумела, не настолькі, дык жа ён на ім увесь час і не сядзіць. Можна слухаць радыё, можна – любімую музыку на флэшцы.

Старшы камбайнер

Да сялянскай працы ён прывык з маленства. Прызнаецца, што яна ніколі не была для яго цяжкім абавязкам, а калі работа ідзе спорна і ўсё атрымліваецца, як кажуць, да толку, то і задавальненне ад яе немаленькае. Бацькі Міхаіла ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе, і ён са смехам распавядае, як, зусім яшчэ малы, дапамагаў тату, падвозіў на трактары ваду на пашу:
– Збоку глянуць – едзе трактар без трактарыста, бо галава мая за рулём амаль хаваецца. Гэта цяпер такога не ўбачыш, а раней – звыклая з’ява.
Так і пайшоў у родны калгас “Памяць Ільіча” пасля васьмі класаў хлопец Мішка з вёскі Шылькі. За амаль тры дзясяткі гадоў давялося пабыць і слесарам на комплексе “Віржы”, і асвоіць самую розную тэхніку: працаваў на гусеніку ДТ-75, на Т-25, на МТЗ-82, на МТЗ-1221, на камбайнах “Ніва”, “Дон-1500”, “Палессе”. Заўжды быў і ёсць на добрым уліку, бо не проста працаўнік – працаголік! Шматдзетны тата, сам будаваў свой прыгожы і прасторны дом. Разам з жонкай Марынай абзаводзіліся немаленькай гаспадаркай, якую трымаюць у парадку. Усюды паспяваюць і ніколі не скардзяцца на цяжкасці.
На пытанне, у чым найбольшая радасць хлебароба, гаспадара на зямлі, Міхаіл адказвае коратка і проста:
– У самой граматна арганізаванай працы і добрай ад яе аддачы.
А яшчэ зазначае, што зямлю трэба шанаваць, не гнацца за вельмі высокімі ўраджаямі, выціскаючы з яе ўсе сокі за некалькі гадоў, а гаспадарыць разумна і беражліва, як рабілі гэта бацькі і дзяды-прадзеды.

З вопыту работы “чайніка”

“Бойся вала спераду, а каня – ззаду” – сцвярджае народная прымаўка. Адкрыла для сябе, што камбайна трэба асцерагацца адусюль: вельмі ўжо хутка дае ён задні ход. Папрашу не чытаць наступныя радкі ўсіх, хто адказвае ў раёне за бяспеку працы. Але ж, пагадзіцеся, што гэта за змена прафесіі была б, калі б журналіст увесь дзень “прабоўтаўся” збоку ў кабіне? Першыя спробы кіраваць махінай выклікалі толькі смех: піруэты, якія я выпісвала па полі, маглі б называцца фігурным катаннем на камбайне. Найбольш складаным аказалася сумяшчаць неабходнасць рабіць большыя, чым у трактары ці аўтамабілі, абароты руля (для гэтага на ім ёсць нават спецыяльная ручка) з вышэй памянутай хуткасцю задняга ходу, а ён на паваротах прымяняецца часта. Урэшце пад разумным кіраўніцтвам стала атрымлівацца нешта падобнае, і я – ад гонару проста распірала! – змагла пад’ехаць да двух другіх камбайнаў і стаць з імі ў рад.
Увогуле, калі забыцца, што камбайн – гэта рабочая машына, а не сродак для перамяшчэння, то для жанчыны такі транспарт – проста казка. У аўто з аўтаматыкай націскаеш на дзве педалі, а ў камбайне і гэта рабіць практычна не трэба. Ну і, вядома, уражанні. Калі табе падпарадкоўваецца не скутар які-небудзь ці малалітражка, а такі гігант, то гэта, як гаварыў адзін герой з кінафільма, “очень и очень!”.

Лірычная нотка

a-1347Не буду арыгінальнай, калі скажу пра захапленне ад прыгажосці жытнёвага поля, пра адчуванне значнасці і святасці хлебаробскай справы, радасці, калі бачыш, як сыплюцца ў бункер залатыя зярняты (здымак 2), як паважна пахаджваюць па ржышчы адвечныя сябры працаўнікоў палёў – буслы. Гэта на самай справе так – пранікнёна і замілавальна… А яшчэ цікавы момант – на зжатай палосцы немаведама адкуль з’явіўся здараве-енны заяц і, не зважаючы на камбайны, што рухаліся насустрач адзін аднаму паабапал яго, няспешна, прагулачным крокам, развесіўшы вушы, пашыбаваў па той палосцы ў бліжэйшы лясок.
– Відаць, і ў яго не першая ўборачная, – смяецца Міхаіл.

Абед і падвячорак у полі

a-1344О, гэта асобная тэма! Бо не толькі смачна, але і прыемна стасавацца з усмешлівай і прыязнай кухарам і раздатчыцай у адной асобе Рамуальдай Каросцік (здымак 3). Жанчына распавядае, што рабочы дзень яе і яшчэ двух кухараў, Ларысы Гурло і Таццяны Шах, пачынаецца ў восем гадзін. У 11.30 Рамуальда Баляславаўна ўжо выязджае на палі: развезці патрэбна 50 гарачых абедаў. Гэта займае часу прыкладна да шаснаццаці гадзін. Затым – новая загрузка, ужо падвячоркамі. Да дзевятнаццаці гадзін спраўляецца. Жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, шмат гадоў адпрацавала ў гаспадарцы бухгалтарам-касірам. Але кажа: як не дапамагчы, калі папрасілі?

Напрыканцы 

a-1358Бліжэй да вечара заглянуў на поле, каб даведацца, як ідуць справы, дырэктар Сяргей Кучко (здымак 4). Сяргей Сяргеевіч выказаў задаволенасць тэмпамі ўборкі ўраджаю (дарэчы, па тэмпах і па ўраджайнасці ДП “АграСітцы” ў тройцы лідараў), зладжанай работай механізатарскага звяна, інжынернай і агранамічнай службаў. Думаю, людзям прыемна было пачуць, што іх нялёгкая праца заўважаецца і цэніцца.
Немалое поле трыцікале – вочы баяцца, а рукі робяць – да васьмі вечара зжалі таксама. Памочніка, то-бок мяне, адкамандзіравалі дадому, а самі рушылі ў бок Порплішча, яшчэ на адну ніву, дзе працавалі дацямна. Не кожны дзень так бывае, гаворыць Міхаіл, але ж, калі надвор’е спрыяе, трэба рупіцца.

Пасляслоўе

Хочацца выказаць удзячнасць кіраўніцтву гаспадаркі за прадстаўленую магчымасць пазнаць “знутры” працу хлебароба і камбайнеру Міхаілу Наумцу, які цалюткі дзень ахвотна адказваў на мае дылетанцкія пытанні і з вялікім цярпеннем вучыў кіраваць камбайнам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
* (лац.) – ад пачатку.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *