Высококлассные хирурги из Докшицкого района не забывают свою малую родину

Першае, што кідаецца ў вочы пры знаёмстве з Паўлам і Іванам Штурычамі, – гэта тое, што ў народзе называюць словам “парода”. Яна праглядвае ў гэтых неардынарных людзях і падчас адпачынку, у хатніх нязмушаных абставінах – у рухах, жэстах, рэпліках, прыязнасці і галантнасці, стрыманых аповедах пра сябе.

a-1221

Бацька

Ён хацеў быць урачом з дзяцінства. Пра тое, што гэта самая высакародная прафесія ў свеце, яму гаварылі цётка і старэйшая сястра. Дзвюм родным жанчынам сваю мару рэалізаваць па розных прычынах не ўдалося. А вось у самога Паўла Штурыча, ураджэнца Новай Вёскі, што ў Сітцаўскім сельсавеце, усё атрымалася. Віцебскі медыцынскі інстытут шырока расчыніў перад ім дзверы. Вучыўся на “выдатна”, бо шчыра не разумеў, як веды будучага ўрача, ад якога залежыць здароўе, а часам і жыццё пацыента, могуць быць здавальняючымі. І вось жаданы дыплом у руках і разам з ім размеркаванне на малую радзіму, у Докшыцы.
– Тыя Докшыцы, дзе ў 1967 годзе пачалася мая працоўная дзейнасць як урача-хірурга, і сённяшнія вельмі розняцца, – дзеліцца назіраннямі Павел Іванавіч. – Я прыемна ўражаны чысцінёй гарадка, мноствам кветак, цікавымі малымі архітэктурнымі формамі, рэканструкцыяй старых будынкаў і будаўніцтвам новых. І цэнтральная раённая бальніца зрабіла вялікі крок наперад па аснашчанасці медыцынскім абсталяваннем і іншых параметрах. Тады, у канцы 60-х, урачам было нашмат складаней рэалізоўваць свае патэнцыяльныя магчымасці. Тым не менш тыя гады майго станаўлення як урача-практыка сталі вялікай школай прафесійнага майстэрства і пакінулі след як у душы, так і ў памяці. Дома і сцены дапамагаюць – сцвярджаюць нашы мудрыя продкі.
У 1970 годзе Павел Штурыч паступае ў клінічную ардынатуру, пасля заканчэння якой застаецца ў Віцебску і ўладкоўваецца ў абласную клінічную бальніцу. Безумоўна, раён страціў выдатнага спецыяліста, але сам ён займеў мажлівасць маштабна прымяняць свае здольнасці. А ўрэшце, выраз “страціў” можа быць і не зусім карэктным, бо сувязь з малой радзімай у Паўла Іванавіча не парвалася ніякім чынам. Дакладнай колькасці землякоў, якім дапамог паправіць здароўе, ён не ведае, збіўся з ліку даўным-даўно, толькі сціпла канстатуе: стараўся зрабіць усё магчымае для кожнага, хто звяртаўся. А яшчэ ў яго маецца ўласнаручна пабудаваны домік у маляўнічым месцейку каля вёскі Рапяхі, дзе так добра праводзіць летнія месяцы. А яшчэ – сябры. А яшчэ – магілы бацькоў-дзядоў, якія ён разам з сынам Іванам клапатліва даглядае.
Чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў Павел Штурыч у абласной бальніцы. За плячыма прыкладна чатыры з паловай тысячы (!) аперацый на органах брушной поласці і шчытападобнай залозе.
– У часы майго станаўлення не вельмі задумваліся над словам “кар’ера”, – разважае Павел Іванавіч. – Было ёмкае паняцце: “спецыяліст высокага ўзроўню”. Вось да гэтага статусу імкнуліся. А кар’ера ўжо, скажам так, магла стаць вынікам дадзенага дасягнення. Ды і ніякія рэгаліі не заменяць шчаслівых усмешак, слёз радасці і ўдзячных слоў выратаваных, вылечаных пацыентаў, іх родных і блізкіх.
На пытанне, якім павінен быць высакакласны хірург, адказвае коратка:
– Хірург павінен мець жаночыя рукі, арліныя вочы і львінае сэрца.
Задумваецца і дадае:
– Набыўшы пэўны вопыт, я верыў у сваю кампетэнтнасць, спадзяваўся на ўласнае майстэрства, але перад пачаткам кожнай аперацыі шчыра прасіў у думках: “Дапамажы, Божа”.

Сын

Іван Штурыч нарадзіўся ўжо ў Віцебску, але карані свае ведае, свята шануе і на Докшыччыне даволі часты госць. Дастойны сын свайго бацькі, бліскучы прадаўжальнік сямейнай дынастыі, бо і матуля таксама была ўрачом – тэрапеўтам, жартуе:
– У мяне проста не было выбару! Вырасці ў сям’і медыкаў, з маленства “купацца” ў гэтай атмасферы і стаць праграмістам або інжынерам? Так бывае ў жыцці, але я, як бачыце, традыцый не парушыў.
І гэта здорава! – хочацца пракаментаваць, бо Іван Паўлавіч не толькі практыкуе, але і вельмі паспяхова займаецца навуковай работай: ён дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук. Працуе ў сталіцы, у РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак. Праводзіць каля паўтары сотні аперацый за год па заборы органаў і іх перасадцы: печань, ныркі, падстраўнікавая залоза… Пасля прагляду відэазапісу, дзе Іван Паўлавіч “усяго толькі” сшывае сасуд, захацелася схіліць галаву ў паклоне і перад ім, і ў яго асобе перад усімі ўрачамі, ад чыйго майстэрства захоплівае дух.
“Парода” Івана вельмі яскрава выяўляецца і ў адносінах да бацькі. Іх блізкасць, еднасць, любоў і павага адно да аднаго і яшчэ штосьці нематэрыяльнае, што звязвае душы нябачнай ніткаю, адчуваецца адразу, з першых хвілін знаёмства. Не так часта гэта даводзіцца назіраць, і тым большае захапленне такая сувязь родных людзей выклікае.
– Мы вось тут бульбачкі свежай з салам насмажылі – смаката! Дыетолагі могуць ахаць і лічыць калорыі, а калі гэта бульба беларусам шкодзіла? – смяецца Іван Паўлавіч, але ўдакладняе, што яны з бацькам прыхільнікі здаровага ладу жыцця: – Гэта проста неабходнасць для таго, хто любіць сваю сям’ю, імкнецца не змарнаваць жыццё і жадае рэалізаваць сябе ў выбранай прафесіі.
“Калі рукой кіруе Бог…” – гэтыя словы з песні ў поўнай меры і без залішняга пафасу характарызуюць талент урачоў Паўла і Івана Штурычаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *