Юбилей города и фестиваль Двух рек собрал всех друзей в Докшицах

img_1673Слаўны горад Докшыцы сабраў у сваю 610-ю гадавіну сотні гараджан і гасцей на цэнтральнай плошчы, каб падарыць усім людзям добры настрой, расказаць пра свае традыцыі і гісторыю. Гэта свята кожны год чакаюць і дарослыя, і дзеці. І яно сапраўды атрымалася яскравым і запамінальным.
Павіншаваць горад прыехалі начальнік Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Наталля Задзяркоўская, а таксама дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Дзмітрыева Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Балві Рэспублікі Латвія.
Усіх прысутных прывітаў кіраўнік раёна Алег Пінчук.
– Мы свята захоўваем традыцыі нашага краю, – падкрэсліў Алег Леанідавіч, – і ганарымся землякамі, якія праславілі Докшыцкі раён нават за межамі краіны. Асаблівых слоў падзякі заслугоўваюць ветэраны вайны, якія адстаялі мір, і ветэраны працы, якія сваёй стараннасцю аднавілі народную гаспадарку. Штодзённа жыхары горада ўносяць уклад у развіццё райцэнтра, робяць яго яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Сёння на свяце не змаглі прысутнічаць працаўнікі вёскі, нашы хлебаробы, бо ў гэтыя гарачыя дні знаходзяцца ў полі. Але яны паабяцалі, што ў гонар горада-юбіляра пастараюцца намалочваць па 3000 тон зерня ўдзень.
Старшыня райвыканкама павіншаваў усіх са святам, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і новых працоўных поспехаў.
Віншаванні Докшыцам і яго жыхарам у сваіх прывітальных адрасах накіравалі спікер беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка, губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў.
У нашым краі нарадзілася шмат таленавітых людзей, чые імёны вядомы далёка за яго межамі. Некаторыя з іх прыехалі, каб раздзяліць са сваімі землякамі агульную радасць. Сёстры Валянціна Маркавец-Бартлава і Галіна Маркавец-Крываблоцкая прывезлі і ўручылі кіраўніцтву раёна фотаздымак карціны “Свята ў Докшыцах”, якая была напісана іх братам Віктарам і зараз захоўваецца ў Дзяржаўным нацыянальным музеі.
Магчымасцю сустрэцца з роднымі мясцінамі скарысталіся расійскі афіцэр, падводнік, Герой Расіі Уладзімір Дронаў, генерал-маёр, дацэнт кафедры Узброеных Сіл Ваеннай Акадэміі РБ Мікалай Мінаеў, акадэмік Акадэміі навук РБ Павел Апанасевіч, вучоны Аляксандр Андарала. Гледачы рады былі вітаць пісьменніка, аўтара рамана “Юргінія” Міхаіла Конана, празаіка-драматурга Фёдара Палачаніна, кампазітара Мар’яна Зелянкевіча. Прыемна адзна­чаць, што творчыя калектывы раёна выкарыстоўваюць у сваім рэпертуары музычныя творы Мар’яна Казіміравіча. Вось і ў святочны вечар хорам ветэранаў “Залатыя гады”, які выконваў песню “Прыдзвінскі край”, дырыжыраваў сам маэстра.
Хвалюючым момантам у жнівеньскі вечар стала падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторый горада “Мой і твой квітнеючы горад”.
Па добраўпарадкавнні дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў 3-е месца заняў дом № 1 па вуліцы Ленінскай, 2-е – дом № 8 па вуліцы Школьнай. Самым узорным прызнаны дом № 11 па вуліцы Школьнай. Гэты пяціпавярховік разам з яго стараннымі жыльцамі выйшаў у пераможцы.
Заслужаныя ўзнагароды – дыпломы, грашовыя прэміі і ганаровыя шыльдачкі – былі ўручаны руплівым гаспадарам.
Заахвочвальныя прызы за навядзенне парадку на дваровых тэрыторыях жылых шматкватэрных дамоў атрымалі арганізатары чысціні і прыгажосці Людміла Шашко (вул. Школьная, 12, трэці пад’езд), Рэміра Салаўёва (вул. Школьная, 30, другі пад’езд), Лідзія Яловік (вул. Чарняхоўскага, 2, чацвёрты пад’езд), Павел Каляда (вул. Усходняя, 7).
Актыўны ўдзел у афармленні сваіх прыватных дамоў прынялі іх гаспадары. Лепшыя: сем’і Карніловічаў (завулак Гідратэхнікаў, 24), Шэкаў (завулак Садовы, 2) і Надзея Страканава (вул. Заазёрная, 7) — былі адзначаны на свяце. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая пажадала і іншым гараджанам браць прыклад з пераможцаў конкурсу.
Да свята горада як след падрыхтаваліся прадпрыемствы і арганізацыі. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі ўручыў падзякі і падарункі кіраўнікам Бягомльскага лясгаса, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, РВЭС, Раёна газазабеспячэння, Цэнтра дзяцей і моладзі, рэдакцыі газеты “Родныя вытокі”, РВПС, СШ № 1 і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Далей удзельнікам свята была прапанавана канцэртная праграма, насычаная яркімі выступленнямі салістаў і творчых калектываў раёна. Фінальным акордам стаў феерверк.
Выхадная нядзеля нікому не дазволіла доўга спаць: зноў свята ў Докшыцах! Фестываль дзвюх рэк паклікаў усіх на бераг гарадскога возера. А спачатку жыхары і госці Докшыц сталі сведкамі маштабнага тэатралізаванага шэсця “Дзве ракі збіраюць сяброў”. Быццам Бярэзіна і Вілія зліліся ў адну раку на цэнтральнай вуліцы, а па ёй плыў сімвал фестывалю – бялюткі лебедзь. Ва ўрачыстым шэсці прынялі ўдзел працоўныя калектывы, дзеці, моладзь, госці з суседніх раёнаў. Па традыцыі па горадзе маладыя бацькі правезлі сваіх немаўлят у стылізаваных калясках.
Чароўная музыка прымусіла спыніцца ля берага гарадскога возера. Пад гукі гітары і фартэпіяна тут адбылося адкрыццё дэкаратыўнай аркі ў выглядзе двух лебедзяў, якія сімвалізуюць каханне, вернасць і высакароднасць, для маладажонаў. У гэты дзень дзве маладыя пары — Вячаслаў і Наталля, Мікалай і Алена, якія ўзялі шлюб, прымалі віншаванні і божае благаслаўленне ад благачыннага Докшыцкай акругі протаіерэя Георгія Мялешкі.
У парку за летнім амфітэатрам разгарнулі свае выставы тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з суседніх раёнаў Віцебскай вобласці, майстры-рамеснікі, мастакі. Незлічоную колькасць забаў і конкурсаў арганізавалі для дзяцей.
Удзельнікаў фестывалю бліжэй да сцэны паклікала святочная праграма “Віват, фестываль!” Сваім талентам дзяліліся вакальная група народнага жаночага хору “Беразіначка” з Лепельскага раёна, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Братка беларус” з Барысаўскага раёна, народны ансамбль песні “Лявоніха” з Бярэзінскага раёна, народны ансамбль народнай песні “Добры настрой” з Бабруйскага раёна, вакальны ансамбль “Імпульс” з Дзмітрыева Курскай вобласці і танцавальны калектыў з Балві.
У рэспубліканскім Фестывалі дзвюх рэк прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абаснога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, начальнік Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Наталля Задзяркоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка і каардынатар праекта ПРААН/ЕС па Віцебскай вобласці Андрэй Давыдзенка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *