Газета «Родныя вытокі» приняла участие в праздновании Дня белорусской письменности (+ ФОТО)

img_0650

На мінулым тыдні нашаму раёну пашчасціла стаць удзельнікам міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая ў 24 раз крочыла па беларускіх гарадах і вёсках. Сярод яе ўдзельнікаў – духавенства, навукоўцы, пісьменнікі, музыканты, настаўнікі. Вядомыя культурныя і асветніцкія дзеячы падарожнічалі па Беларусі напярэдадні Дня пісьменства. З сабой яны неслі Благадатны Агонь і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Прасвятой Багародзіцы, копіі якой пакідаюць у кожным храме, які наведваюць па вызначаным маршруце. Узначальваюць экспедыцыю вядомая беларуская пісьменніца, заслужаны работнік культуры Ніна Загорская і яе сын – навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі. Сёлета ўпершыню сярод удзельнікаў і наша зямлячка – загадчыца аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алена Сарокіна. Унікальная падзея – шэсце працоўных калектываў у гонар 1155-годдзя Полацка, для якога прадпрыемствы і арганізацыі пашылі больш за 300 гістарычных касцюмаў. У ім прынялі ўдзел менавіта 1155 чалавек. Па цэнтральнай вуліцы прайшлі ганаровыя грамадзяне горада, затым – гільдыі друкароў (здымак 1), купцоў, рамеснікаў, хлебапёкаў, лесарубаў, музыкаў, дактароў пад кіраўніцтвам дружыны князя. Затым гістарычныя персанажы прадстаўлялі мінулыя эпохі на розных святочных пляцоўках, якія займалі амаль 10 кіламетраў.
Цікавасць выклікаў праект устаноў адукацыі “Горад макетаў” – дэманстрацыя міні-копій храмаў і гістарычных будынкаў Полацка. Увогуле маштабнасць і грандыёзнасць святкавання немагчыма лаканічна апісаць у адным артыкуле – гэта трэба бачыць на свае вочы.
Дзень беларускага пісьменства па праве лічаць яшчэ адным сваім прафесійным святам пісьменнікі, журналісты і выдаўцы. Таму Фестываль кнігі і прэсы, які праходзіў на плошчы Францыска Скарыны, два дні ўражваў сваёй насычанасцю палачан і гасцей свята. У кніжным сэрцы горада можна было ўбачыць, як выглядаў друкарскі двор у ХVІ стагоддзі, пабываць на прэзентацыях 20-томнага факсімільнага выдання кніжнай спадчыны першадрукара, а таксама серый найноўшай літаратуры Беларусі і краін СНД, на выставах да 135-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, азнаёміцца з праектамі полацкіх паэтаў і пісьменнікаў, наведаць павільёны друкарскага Дома “Звязда”, холдынгу “Савецкая Беларусь”, “СМІ Віцебшчыны”.
Пашчасціла пабываць на свяце і журналістам “Родных вытокаў” (здымак 2) на чале з галоўным рэдактарам Аляксандрам Варанковічам. Ганарымся, што ў адведзенай для нашай газеты частцы павільёна, дзе прэзентаваліся праекты Тамары Альшэўскай “Докшыцы-610”, Яўгеніі Малевіч “Творчасць. Прыгажосць. Гармонія”, Наталлі Сташэвіч “Зямля пад белымі крыламі” і іншыя, дзе можна было пачытаць і атрымаць у падарунак найбольш удалыя нумары раёнкі і выйграць магніты з выявамі Докшыц за ўменне размаўляць па-беларуску і ведаць адметныя родныя словы, было ўвесь час ажыўлена і шматлюдна. Літаратурную Докшыччыну і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выхаванцаў і выкладчыкаў прэзентаваў наш раённы Цэнтр дзяцей і моладзі (здымак 3).
Прыемная навіна: за пранікнёнае выкананне верша Дануты Бічэль “Родная мова” ў фінале рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” трэцяе месца заваявала вучаніца Докшыцкай СШ №2 Віялета Будзько. Віншуем юную пераможцу!
Свята атрымалася цудоўным. На памяць аб ім засталіся кнігі, сувеніры з беларускай сімволікай і ўзнёслыя пачуцці ад судакранання са старадаўняй культурнай спадчынай нашага народа. Эстафета перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча
і В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *