Предприятие «КартЛам» в г.п. Бегомль выпускает импортозамещающую продукцию

img_5464Прыватнае прадпрыемства “КартЛам” па вытворчасці падложак для вакуумнай упакоўкі і ўпакоўкі з металізаванага кардону пачало працаваць у Бягомлі тры месяцы таму. Яно размясцілася на былой вытворчай тэрыторыі завода “Ветразь”, якая доўгі час пуставала. Ідэя запусціць унікальнае для нашай краіны прадпрыемства прыйшла да яго генеральнага дырэктара Ігара Дзяменцьева, калі ён даведаўся, што буйныя харчовыя вытворцы частку матэрыялу для ўпакоўкі прадукцыі вымушаны набываць у Расійскай Федэрацыі і не толькі, бо на тэрыторыі Беларусі падобных прапаноў няма. Прадпрымальнік знайшоў у гарпасёлку прыдатнае памяшканне, закупіў неабходнае абсталяванне. Зараз штат “КартЛам” – шэсць чалавек, якія заняты ламінацыяй, рэзкай і ўпакоўкай гатовай прадукцыі. Для асновы падложак выдатна падыходзіць вільгацеўстойлівы кардон беларускага вытворцы, пры ламініраванні якога выкарыстоўваецца спецыялізаваная металізаваная плёнка, прыдатная для харчовай прамысловасці. Затым ламініраваныя лісты адпраўляюцца на высокатэхналагічную паперарэзальную машыну з праграмным кіраваннем, якая надае ім форму падложак.

Дырэктар “КартЛам” – чалавек па-дзелавому асцярожны. Усіх планаў ён не раскрывае, бо толькі пачынае прабівацца на рынак, а таму патрабуецца яшчэ шмат намаганняў, каб адладзіць вытворчасць, падабраць спецыялістаў, якія б адпавядалі яго патрабаванням, мець стабільныя заказы і завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Але той факт, што за вельмі непрацяглы тэрмін ТАА “КартЛам” здолела атрымаць заказ на першую партыю ў 50 тысяч адзінак прадукцыі ад такога прамысловага гіганта, як “Санта Брэмар”, і мае наступны ад яго ж на 300 тысяч адзінак падложкі, якая хутка будзе адпраўлена ў Брэст, сведчыць, што будучыня ў беларускага вытворцы ламініраванай упакоўкі ёсць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: аператар паперарэзальнай машыны Любоў Дзёрына кантралюе выхад гатовай прадукцыі.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *