Шоу-программа «Лучше всех» прошла в Докшицах (+ ФОТО и ВИДЕО)

img_0417Святкаванне Старога Новага года было адзначана дэбютам забаўляльнай праграмы – аналага расійскага тэлешоу “Лепшы за ўсіх”, якая адбылася ў ККЗ “Іскра”. Віншаваннямі яе распачалі Дзед Мароз і Снягурка. “Надоело нам быть маленькими-миленькими”, – спявалі на сцэне наведвальнікі школы ранняга развіцця “Смяшарыкі” Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, і гэта выступленне стала стартам дзіцячага шоу. Адзінаццаць экстраардынарных хлопчыкаў і дзяўчынак дзяліліся з гледачамі не толькі сваімі ўменнямі і здольнасцямі, але і непасрэднасцю і непрадказальнасцю. З нечаканымі, непрадбачанымі сітуацыямі, якія часам узнікалі на сцэне, з лёгкасцю спраўляўся вядучы праграмы Віталь Замулка. Шоумэн цудоўна інтэрв’юіраваў удзельнікаў і іх родных, якія прыйшлі падтрымаць маленькіх зорачак.
Будучым доктарам усіх навук прадставілі чацвёртакласніка СШ № 1 г. Докшыцы Кірыла Яцкоўскага (здымак 1), які тут жа ў вялікай прабірцы “пабудаваў” з розных вадкасцей вежу шчыльнасці. Пра здабыткі і перамогі ў конкурсах даследчых работ юнага навукоўца паведаміла дырэктар школы Наталля Фурсевіч, якая ўзнагародзіла Кірыла медалём “Лепшы за ўсіх”.
Такую ж узнагароду з рук вядомага харэографа ГЦК, кіраўніка танцавальнага калектыву “Акцэнт” Марыны Чабан атрымала будучая зорка балета, выхаванка ясляў-сада № 3 г. Докшыцы Варвара Пяцько, якая разам з групай падтрымкі станцавала ўрывак з пастаноўкі балета “Шчаўкунчык”, што прайшла напрыканцы года ў гэтай дашкольнай установе.
Добрыя вакальныя здольнасці сталі падставай для ўдзелу ў шоу Крысціны Красільнікавай і Марыі Шынкевіч. Акрамя спеваў, Крысціна яшчэ вельмі любіць маляваць. Сёлета яна стала дыпламанткай рэспубліканскага конкурсу. Сярод любімых выканаўцаў Маша назвала сваіх сяброў – юных артыстаў Докшыцкай ДШМ. Медалямі, магчыма, будучых удзельніц “Еўрабачання” ўзнагародзілі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Раніца” Уладзімір Пусташыла і кіраўнік народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Андрэй Чабан.
Лепшым аматарам творчасці Карнея Чукоўскага прадставілі выхаванца ясляў-сада № 1 г. Докшыцы Аляксандра Пятровіча, які віхрам, уварваўся на сцэну і адразу паказаў, хто тут галоўны. З сабой хлопчык прыхапіў любімую кнігу, а перад гледачамі выступіў з вершам пра Бармалея. Яшчэ адна аматарка паэзіі – пяцігадовая Ангеліна Кімстач – прыехала на шоу-праграму з Валкалат. Яе бабуля расказала, што дзяўчынка пачала размаўляць толькі ў тры гады. Але ўжо ў чатыры яна так пранікнёна і выразна чытала вершы, што стала актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў Валкалацкага СДК. Са званнем “Лепшы за ўсіх” Сашу і Ангеліну павіншавалі артыстка Докшыцкага народнага тэатра Святлана Шышла і загадчык філіяла № 1 ГЦК, вядомая вядучая раённых мерапрыемстваў Крысціна Гмырак.
З заміраннем сэрца сачылі гледачы за выступленнем гнуткай, пластычнай гімнасткі — васьмігадовай Кіры Аляксеенка (здымак 2). Дзяўчынка займаецца танцамі, адсюль і захапленне такім прыгожым відам спорту. Пад гучныя апладысменты, якія ні на хвіліну не змаўкалі ў зале, Кіра паказала некалькі спартыўных практыкаванняў: сядзела на шпагаце, стаяла на мосціку, “хадзіла” па сцэне на руках. Фіззарадку паспрабаваў паўтарыць за ёй і вядучы. Медаль Кіра атрымала з рук дырэктара Докшыцкай ДзЮСШ Марыны Ярмаковіч.
Пяцігадовы Марк Палідавец здзівіў уменнем гатаваць. Калі напачатку свайго знаёмства з кулінарыяй ён выступаў толькі памочнікам у маці, то цяпер хлопчык з лёгкасцю сам можа спячы розныя смакоты, што і прадэманстраваў перад гледачамі. Кухарскія здольнасці Марка таксама адзначылі медалём, які ўручыла лепшы бармен кафэ “Александрыя” Алена Нікіфарэнка.
Дырэктар аўташколы “АвтоКУРАЖ” Юрый Жыліч павіншаваў юнага аўтааматара шасцігадовага Захара Мадзялу, які з’яўляецца першым памочнікам у рамонце бацькавага аўтамабіля, лепшым у разборцы і разборцы канструктараў і докам у веданні марак машын.
Са сваімі шматлікімі малюнкамі прыйшла паўдзельнічаць у мерапрыемстве чатырохгадовая юная мастачка Дарына Палачаніна. Яе непасрэднасць падчас знаёмства ўвесь час выклікала ў гледачоў усмешку. Нечакана для ўсіх Дарына вырашыла спачатку прачытаць верш. Пасля перад усімі дзяўчынка малявала фарбамі сонейка, каментуючы кожны мазок пэндзля. Да гутаркі на сцэну запрасілі матулю Дарыны, каб перавесці “дзіцячую мову” дачушкі. Медаль юнай мастачцы ўручыў майстар раённага Дома рамёстваў Віктар Гарбачоў.
Мясцовай зоркай YouTube назвалі выхаванца школы эстэтычнага развіцця “Смяшарыкі” ДШМ Руслана Шылёнка: на адным з раённых мерапрыемстваў хлопчык так захапіўся асвятляльным абсталяваннем сцэны, што забыўся пра выступленне. Відэа, на якім захавалася яго яркая рэакцыя на тэхніку, тут жа прадэманстравалі гледачам. Да таго ж у ДШМ Руслана называюць валадаром чорна-белых клавіш. Атрымаўшы медаль “Лепшы за ўсіх” ад выкладчыка школы мастацтваў Людмілы Карповіч, хлопчык запрасіў на сцэну настаўніцу па сваім інструменце Вераніку Крывічаніну і выканаў разам з музыкантамі некалькі музычных твораў.
Усе творчыя і, бясспрэчна, таленавітыя ўдзельнікі атрымалі таксама прызы і пачастункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі, а задаволеныя гледачы — добры настрой. “Шоу абавязкова павінна мець працяг,” – дзяліліся яны сваім меркаваннем.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *