Сапраўдны беларус жыве і працуе ў Докшыцах

a-273Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы  мы вырашылі пагутарыць з чалавекам, які выдатна валодае беларускай мовай і размаўляе на ёй, галоўнае, штодзённа,  у побыце. Настаўнікаў-філолагаў у разлік не бралі: тут, як кажуць французы, “noblesse oblige” – становішча абавязвае. Сумна пра гэта гаварыць, але знайсці  такога беларуса ў нас аказалася справай нялёгкай. Тым не менш, адшукалі і з вялікім задавальненнем  прадстаўляем чытачам: галоўны юрысконсульт РКЦ №40 ААТ “Бел­аграпрамбанк” Юрый МАЦЯЮН.

– Юрый Іосіфавіч, жаданне размаў­ляць на беларускай мове ўзнікла ў дзяцінстве ці ўжо ў больш сталым узросце?
– Родную мову люблю з маленства. Чуў яе ў сям’і і блізкім акружэнні, на ёй выкладаліся прадметы ў маёй школе на Глыбоччыне, адкуль я родам. Шмат чытаў, і ў асноўным гэта былі творы беларускіх аўтараў. Такія пісьменнікі, як Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, мне здаецца, не могуць пакінуць абыякавым ніводнага чалавека, здольнага глыбока мысліць, быць патрыётам і ўспрымаць хараство. Беларускай мовы, якая лічыцца ў свеце другой па мілагучнасці пасля італьянскай, – у тым ліку.
– Скажыце, а як рэагуюць навакольныя на Вашу бездакорна чыстую, правільную і вобразную літаратурную мову?
– Бывае па-рознаму: хтосьці ўспрымае, як належнае, стараецца адказваць таксама па-беларуску, хтосьці выказвае павагу і захапленне, іншыя глядзяць неяк насцярожана і недаверліва, быццам звяртаюся да іх не на мове нашых продкаў, а на нейкай іншаземнай. Бываюць і непрыемныя сітуацыі. Адна з апошніх – у адной з медыцынскіх устаноў мне сказалі: “Мы вас не понимаем, говорите на нормальном языке”. Дзіўна: украінца або паляка “понимают”, а беларуса, які размаўляе ў Беларусі на беларускай мове, – не…
– Ці ўзнікаюць цяжкасці з размовай па-беларуску, скажам так, у небеларускамоўным асяродку? – маецца на ўвазе падбор у думках патрэбных слоў і выказванняў.
– Не, зусім нескладана. Калі шмат чытаеш, твой слоўны запас нават міжволі папаўняецца. Да ўсяго, думаю па-беларуску, і падбіраць словы не прыходзіцца. Нядаўна давялося пісаць характарыстыку на аднаго з калег. Хуценька зрабіў гэта на роднай мове, пачаў перакладаць, паколькі справаводства ў нас, як вядома, на рускай. Сутыкнуўся з тым, што не магу ўзгадаць рускі адпаведнік нашаму слову “шчыры”. Слоўніка пад рукой не было, патэлефанаваў дачцэ, якая выдатна ведае мову. Яна тут жа пераклала – “искренний”. Па праўдзе, адчуў расчараванне: шчыры – нашмат глыбейшае паняцце за тое, што раскрывае рускі аналаг, і не перадае шырыні душы чалавека, якога характарызаваў.
– Весці неабходную дакументацыю на рускай мове для Вас нескладана?
– Не, выкладанне ў Мінскай вышэйшай школе вялося па-руску, уся спецыяльная літаратура таксама на рускай мове. Адводжу душу хаця б тым, што адрасы на канвертах з неабходнымі паштовымі адпраўленнямі падпісваю па-беларуску.
– Як думаеце, што магло б найперш паўплываць на сітуацыю з веданнем і ўжываннем роднай мовы?
– Усе навучальныя ўстановы, пачынаючы з дзіцячых садкоў і заканчваючы вышэйшымі, зрабіць беларускамоўнымі. Справаводства, тэлевізійныя і друкаваныя СМІ – таксама, як гэта пачыналі рабіць у 90-я гады. У гэтым плане са станоўчага боку хочацца адзначыць нашу “раёнку”, якая з глыбокай павагай ставіцца да роднай мовы. Не за месяц, не за год, але справа з мёртвай кропкі зрушылася б.

Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *