В Бегомльской СШ прошла встреча с афганцами


img_2018Афганістан – гэта боль і слёзы тых людзей, што пабывалі на вайне, тых, хто не дачакаўся з яе сваіх сыноў. У раённай арганізацыі “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” налічваецца 70 воінаў-інтэрнацыяналістаў, шэсць чалавек узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, адзінаццаць маюць медаль “За баявыя заслугі”, восем – “За адвагу”. Кожны год напярэдадні свята памяці аб тых гадах, напоўненых мужнасцю і стратамі, яе члены сустракаюцца з моладдзю. Сёлета такая сустрэча адбылася ў Бягомльскай сярэдняй школе.
– Гэта стала своеасаблівай традыцыяй, – падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі. – Моладзь павінна ведаць нашу гісторыю, бо без яе не будзе будучыні.
Да прыёму гасцей школьнікі падрыхтаваліся як след: падарылі ім на памяць аб сустрэчы невялікія сувеніры, паказалі канцэртную праграму, песні і вершы якой закранулі душу, асабліва афганцаў. А яны, у сваю чаргу, дзяліліся з вучнямі ўспамінамі: Кабул, Джэлалабад, душманы, страта сяброў… За вайну, якая доўжылася дзевяць гадоў, адзін месяц і 18 дзён, загінула больш за 15 тысяч савецкіх салдат. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.
Падчас мерапрыемства афганцам, былым выпускнікам Бягомльскай школы, Валянцін Андрыеўскі ўручыў медаль “Удзельніку паветрана-дэсантнай аперацыі Кабул, Баграм”. Іх атрымалі Эдуард Батура, Дзмітрый Разумовіч, Уладзімір Капытка і Сяргей Ціханавец. Пра тое, што трэба памятаць імёны герояў, якія былі верныя воінскай прысязе, адчуваць адказнасць за свой народ і справамі ўмацоўваць суверэнітэт роднай краіны, гаварылі ў сваіх выступленнях ваенны камісар раёна Віталь Леснічэнка і пракурор раёна Сяргей Куратнік.
Завяршылася сустрэча выступленнем удзельніка баявых дзеянняў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан Уладзіміра Шчэпіна з Наваполацка.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *