«Строчицы» — единственный музей-скансен в Беларуси


82Калі комплекс “Дудуткі” даволі шырока вядомы большасці беларусаў, то вось пра “Строчыцы” чулі адзінкі. А між тым, гэта Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў. Па сутнасці, гэта, пэўна, адзіны ў рэспубліцы музей пад адкрытым небам, дзе помнікі гісторыі і культуры захоўваюцца і паказваюцца ў блізкім да натуральнага асяроддзі. І знаходзяцца “Строчыцы” не ў далёкім свеце, а ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад сталічнай кальцавой аўтадарогі за аўтарынкам “Малінаўка”, у вёсцы Азярцо, і адносяцца да музеяў этнаграфічнага комплекснага профілю рэспубліканскага значэння. Важным элементам экспазіцыі пад адкрытым небам з’яўляецца ландшафт. На афіцыйным сайце “Строчыц” etna.by, які, дарэчы, беларускамоўны, паведамляецца, што ідэя стварэння музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам упершыню была выказана ў 1908 годзе вядомым беларускім мастаком Фердынандам Рушчыцам, аднак Першая сусветная вайна, а потым Другая перашкодзілі ажыццяўленню яго задумы. У 50-60-я гады на Беларусі інтэнсіўна вялося новае будаўніцтва, ствараліся аграпрамысловыя комплексы, паляпшаўся дабрабыт сяла, вызначаліся неперспектыўныя пасяленні. Узнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры.
Пачынаючы з 1961 года, на старонках рэспубліканскага друку з’яўляецца шэраг артыкулаў аб неабходнасці захавання помнікаў народнай архітэктуры і стварэння музея пад адкрытым небам. 9 снежня 1976 года Урадам Рэспублікі была прынята Пастанова № 367 “Аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту”, а для яе рэалізацыі загадам Міністэрства культуры арганізавана Рабочая група па яго стварэнні. Архітэктары, гісторыкі і этнографы пачалі вялікую навукова-экспедыцыйную работу па рэгіёнах рэспублікі з мэтай вывучэння, пошуку і перавозкі помнікаў народнай драўлянай архітэктуры, прадметаў побыту, рамёстваў і промыслаў музейнага значэння. На працягу 1987-1994 гадоў для наведвальнікаў былі адчынены тры навукова-экспазіцыйныя сектары: “Цэнтральная Беларусь” і часткова сфарміраваныя “Паазер’е” і “Падняпроўе”. Сёння ў склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб’ектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі.
У зборы музея 30 калекцый, з якіх калекцыя помнікаў народнай архітэктуры з’яўляецца асноўнай. Гэта больш за 25 унікальных твораў народнага драўлянага дойлідства.
Для наведвальнікаў прапануюцца тэматычныя і інтэрактыўныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, традыцыйныя і абрадавыя мерапрыемствы, а таксама актыўны адпачынак.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *