Мария Кожемячёнок — хозяйка вышиванок в Докшицком районе

img_3449Угольцы з тых лясных вёсачак, якія і ў лепшыя часы былі невялікімі і маланаселенымі. Перад вайной у ёй налічваўся 41 двор, 129 жыхароў. У ваеннае ліхалецце Угольцы не абмінуў лёс тых населеных пунктаў, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне. Вёсачка згарэла, некалькі жыхароў загінула. Людзі вярнуліся пасля вызвалення на папялішча, капалі зямлянкі, потым будавалі невялікія хаткі, на большыя не было ні сілы, ні сродкаў, ладзілі сваё небагатае жыццё на пясчаных бярэзінскіх землях, якія ніколі не былі ўрадлівымі. Жыхары Угольцаў, як і іх суседзі, заўсёды больш спадзяваліся на лес, які іх карміў, апранаў, не даваў прапасці. Сёння ў вёсачцы жыве тры чалавекі. Гэта зімой, а летам тут шумна і весела: наязджаюць гараджане дыхаць чыстым паветрам і ласавацца ляснымі дарамі.
Ва Угольцы завіталі напачатку сакавіка, вока яшчэ радавалі прыгожыя зімовыя лясныя пейзажы, а ў самой вёсцы ўжо адчувалася вясна. Пра яе прыход нагадвалі яркія вышыванкі, што гойдаліся на шнуры ля адной з хат. Зразумела, што гаспадыня памыла сваё багацце, рыхтуючыся да галоўнага веснавога свята – Вялікадня.

Гаспадыняй вышыванак, што вык­лікалі наш інтарэс, аказалася Марыя Кажамячонак. Пачуўшы, што пра яе хочуць напісаць ў газеце, засаромелася, стала тлумачыць, што майстрыха яна звычайная, тады, у гады яе маладосці, усе вышывалі. Яно то так, але не ўсе захавалі свае работы да сённяшняга, а тым больш не ўпрыгожваюць імі хату, усё больш цягнуцца да фабрычнага, не разумеючы, што сапраўдная прыгажосць – гэта іх самаробныя, а таму такія дарагія рэчы.
У хаце ў Марыі Іванаўны чысціня і ўтульнасць ад мноства кветак, букецікаў, макатак і палавічкоў. Бабуля прызнаецца, што любіць, каб было пекна, асабліва перад Вялікаднем. Гэта яе любімае свята. Малітваў не ведае, але верніцай была заўсёды, нават калі гэта і не віталася. Без Бога ў душы жыць немагчыма, лічыць вяскоўка. Да свята пачынае рыхтавацца задоўга, бо трэба ж усюды навесці парадак, падрыхтаваць велікодны стол.
– У нас здаўна так прынята, што менавіта на Вялікдзень ходзяць на могілкі памінаць памерлых, – расказвае Марыя Іванаўна. – Зараз дзеля гэтага едуць з усіх канцоў былыя жыхары Угольцаў. Толькі на могілках можна сустрэцца з тымі, з кім не бачыўся некалькі гадоў. Вось і я чакаю прыезду дзяцей, унукаў. У хаце будзе весела і шумна, як даўней.
Марыя Іванаўна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў гэтай маленькай вёсачцы. Яе бацька Іван Крупеня быў перадваенным старшынёй мясцовага калгаса. Раніцай у нядзелю 22 чэрвеня 1941 года ён разам з іншымі мужыкамі пайшоў касіць сена на балота, і больш сям’я яго не бачыла. Хутчэй за ўсё калгаснікі адтуль рушылі ў Бягомль на прызыўны пункт, а дзе пазней загінулі — невядома. У час карнай аперацыі немцаў амаль усе жыхары Угольцаў, што хаваліся ў балоце, вымушаны былі выйсці адтуль на верную смерць, як яны думалі тады. Але спалілі толькі вёску, а іх усіх пешшу пагналі ў Параф’янава за калючы дрот, а адтуль вывезлі ў Германію. Сярод іх была і сям’я Марыі. Дадому на папялішча вярнуліся ўсе. Елі лапуны з гнілой бульбы, што збіралі на бульбянішчы, напалову з травой. Ад галоднай смерці выратавала карова, якую далі за бацьку. Галодныя ад цямна да цямна цяжка працавалі ў калгасе. Трэба было вырабіць 120 выхадаў, за якія пісалі працадні. Плацілі ў канцы года збожжавым шмаццём. Як выжылі, аднаму Богу вядома. На працу ў калгас Марыя пайшла ў 14 гадоў. Разам з мужыкамі касіла сена, вазіла на быках гной, торф, валіла лес. І ўсё роўна жылі, як жабракі. Таму як толькі з’явілася магчымасць людзі пачалі адпраўляць сваіх дзяцей у горад, далей ад непасільнай працы. Вось і адказ на пытанне, чаму пустымі стаяць зараз вёскі.
Цяпер Марыя Іванаўна ўсім задаволена. Жыццё – казка, у параўнанні з тым, што было. Шкада толькі, што гады ўжо не тыя. “У маладосці і галодныя спявалі, пешшу ў царкву хадзілі ў Бярэзань, на кірмаш — у Тумілавічы, – успамінае Марыя Іванаўна, – а зараз і ў любімы лес па грыбы ўжо цяжкавата выпраўляцца. Дачка Галіна носіць іх кошыкамі, калі прыязджае з Віцебска. Бывае, што і ўсё лета жыве са мной. Яна на пенсіі, а на радзіму ў родную хатку ў старасці сэрца яшчэ больш імкнецца”.
НА ЗДЫМКУ: мясцовая майстрыха Марыя Кажамячонак.

Один комментарий для “Мария Кожемячёнок — хозяйка вышиванок в Докшицком районе

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *