Завидный жених живёт в Угольцах Докшицкого района

a-359Яшчэ адзін жыхар Угольцаў – чалавек адносна малады. Хата, у якой нарадзіўся і вырас, стала для Валянціна Міхаля адзіным месцам прапіскі за ўсё жыццё.
– Маё дзяцінства помніцца мне яркім і вясёлым, – распавядае Валянцін Васільевіч. – На той час у вёсцы было больш за трыццаць двароў, у кожнай хаце гадавалася сама меней па трое дзяцей, ды і шасцёра рэдкасцю не з’яўлялася. Таму дзятвы было на добрую цяперашнюю школу. Гульні, забавы, свавольствы, гоман на вуліцы – усё было і прайшло, нібыта прыснілася. Нас у бацькоў расло чацвёра – два браты ў мяне яшчэ і сястра. Тата працаваў лесніком, а мама – конюхам у саўгасе. У саўгасе “Чырвонабярэзінскі” пачынаў і я свой працоўны шлях механізатарам. Праз пэўны час змяніў “на пасту” бацьку – таксама ўладкаваўся лесніком. Па душы мне была гэта работа, усё наваколле ведаю як уласныя пяць пальцаў. У нас тут, самі бачыце, хараство такое.
Дапрацаваць да пенсіі ў лясніцтве Валянціну Васільевічу перашкодзіла сур’ёзная траўма нагі, пасля якой атрымаў ІІ групу. Праз пэўны час, кажа, групу знялі, а работу па сіле дзе тут знойдзеш? Вось і жыве чалавек у чаканні пенсійнага ўзросту з уласнай падсобнай гаспадаркі. Не верыце, што ў наш час такое магчыма? Валянцін Міхаль ахвотна тлумачыць, якім чынам:
– Трыццаць сотак зямлі маю, самаробны трактарок. Гадую курэй і трусоў – не затратна і карысна для здароўя. Увогуле я тут не адзін: прыязджаюць сястра, браты, пляменнікі, дапамагаюць. Летам не лянуюся і, добра ведаючы лес, наношваю і здаю столькі ягад і грыбоў, што да наступнага сезона мне хапае выручаных грошай і на аплату камунальных паслуг, і на харчаванне, і на іншыя патрэбы. З чаркай не сябрую, таму марна грошы не трацяцца. Усе неабходныя гаспадарчыя работы выконваю сам, ёсць бензапіла, розныя электраінструменты.
З першага погляду бачна, што гаспадар гаворыць шчыра: на панадворку і ў доме парадак, такі, які падтрымліваецца гадамі і штодзённа. Валянцін Васільевіч і печ з хаты не выкінуў, не замяніў на больш сучасную пліту, спрытна ўпраўляецца з вілачнікамі і гаршчкамі. Нават па-добраму пазайздросцілі яму, успомніўшы смак капусты ды дранікаў з гарачай печы…
І ўвогуле добра ўсё было б, каб яшчэ гаспадыню ў хату. На асцярожнае пытанне, чаму застаўся без пары, суразмоўца аджартоўваецца: маўляў, невысокія дзяўчаты на той час былі ў наваколлі, куды яму, мядзведзю (а гэта сапраўды так: і рост унушальны, і сажань касы ў плячах), маленькую жонку. Жарты жартамі, але, хай ужо даруе Валянцін Васільевіч, несправядліва гэта: у яго ўзросце на кожнага мужчыну па статыстыцы дзве жанчыны прыпадаюць. А тут яшчэ жаніх зайздросны: як кажуць, відны, гаспадарлівы і не п’яніца. Таму раім звярнуць увагу. Адрас вядомы: вёска Угольцы ў Бярэзінскім сельсавеце, а хату знойдзеце лёгка – іх там, жылых, усяго тры.
НА ЗДЫМКУ: Валянцін Міхаль.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *