Ангел-хранитель Евгении Кургей не покидал её во время войны

izobrazhenie-062Колькі іх, дзяўчат-падлеткаў, лёс якіх апаліла Вялікая Айчынная вайна. Што яны бачылі, адчувалі і перанеслі? Пра што рашаюцца расказаць сёння, а што назаўсёды застаецца ў самых глыбінных кутках памяці і не будзе пачута ніколі? Можна толькі здагадвацца. Бо гэтыя бабулі, якім зараз ужо за дзевяноста, расказваюць пра перажытае, шкадуючы нас, сучаснікаў, каб чарговы раз не трывожыць.

З Яўгеніяй Кургей, якая жыве ў Бягомлі, мы сустрэліся ў пачатку красавіка. У акуратную, дагледжаную хату, дзе яна жыве разам з сынам, гаспадары запрасілі вельмі гасцінна і далікатна. А далей пачаўся аповед даўжынёй у некалькі гадзін, перарываць які не хацелася.
Жэня нарадзілася ў Караліно і была пятай з шасці дзяцей. У 1941-м яна паспела скончыць чатыры класы. Два браты ўжо служылі, а старэйшыя сёстры павыходзілі замуж: адна за каваля, а другая за работніка сельсавета Антона Міхаля. Камсамолец Міхаль у партызаны пайшоў адным з першых, стаў камісарам атрада. Зараз Яўгенія Мікалаеўна разумее, што гэта акалічнасць і была перадумовай таго, што яна стала партызанскай сувязной. А здарылася гэта вось як.
Тое, што ў акрузе Бягомля былі сканцэнтраваны партызанскія атрады, – рэч вядомая. Ведалі пра гэта і жыхары бліжэйшых вёсачак. І вось аднойчы ранкам у Караліно на кані прыскакаў Міхаль. Увайшоў у хату і прыцішана вымавіў:
– Жэня, злазь з печы, пойдзеш у Маргавіцу.
Дзяўчына нясмела зашаптала:
– Я баюся, там немцы.
– Не бойся, абувай лапці.
Міхаль дастаў з каўняра паперчыну і схаваў яе за анучу, якую дзяўчына ўжо накруціла на нагу.
Камісар павучаў сваячку:
– На гары перад Маргавіцай запытаюць, куды ідзеш. Жаласліва кажы, што да цёткі, хворай на тыф, каб працепліць у печы і прынесці вады.
…Колькі разоў потым Яўгенія паўтарала гэту легенду, не злічыць. Маршрут яе быў такі: прайсці праз шлагбаўм, далей, не спяшаючыся, накіравацца да крайняй хаты, падставіць лесвіцу на гарышча, знайсці гаршчок, адсунуць яго, а пад ім узяць запіску. На яе месца Жэня клала тую, што была ўкручана ў анучу. І галоўны ўгавор з Міхалем, які так і не дажыў да Перамогі: ні слова пра гэта ніводнай жывой душы.
Якім жа моцным быў анёл-ахоўнік у Яўгеніі Мікалаеўны, што ні разу за гэтыя паходы ў Маргавіцу яна не выклікала падазрэння ў немцаў і паліцаяў! Дарэчы, быў ён побач з дзяўчынай і потым, калі вёску палілі, а жыхароў пагналі ў палон.
– Была ў немцаў такая страшная забава: на замініраванае партызанамі поле адпраўлялі спачатку нас, палонных, міны “абясшкоджваць”, – бабуля на хвілінку заплюшчвае вочы і працягвае: – Многіх парвала на шматочкі, кавалкі адзення пры гэтым узносіла на верхавіны сосен.
Але і з гэтага пекла яна выбралася. Калі канвой гнаў чалавечы натоўп праз чарговую вёску, Яўгенія нейкім дзівам шмыганула ў адчыненыя дзверы хаты. А там – старэнькая бабуля на ложку: “Прэч ідзі, — кажа, — а то і цябе, і мяне заб’юць”. Жэня непрыкметна выбралася з хаты — і праз поле ў лес, там адляжалася ў канаве…
Усё жыццё Яўгенія Мікалаеўна жыве ў Бягомлі па вуліцы Маякоўскага. Працавала на пякарні, якая некалі функцыянавала паблізу, вырасціла трох сыноў: Віцю, Васю і Валеру. Засталося іх зараз толькі двое. Малодшы жыве з маці, для якой у вясковай хаце стварыў усе выгоды. Любіць слухаць яе аповед пра вайну, як і іншыя родныя. Пакуль жыве памяць, трагедыя пад назвай “вайна” не паўторыцца.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *