Минск — Черницы-2: как изменилась жизнь семьи Счастных

a-093Зрабіць круты паварот у сваім жыцці, кардынальна памяняць усё: месца жыхарства, умовы пражывання, работу – на гэта здольны далёка не кожны. Робіцца так часцей за ўсё пад уплывам нейкіх абставін, а вось каб добраахвотна, ужо маючы за плячыма набыткі, дасягненні, кола сяброў, звыклы ўклад жыцця… Мінчане Аляксей і Кацярына Шчасныя рызыкнулі перайначыць свае лёсы і, па іх словах, ні кропелькі аб гэтым не шкадуюць. Наадварот: знайшлі шчасце і душэўны спакой на малой радзіме Аляксея, у вёсцы Чарніца-2.

“Былое і думы”
Гараджанін – гэта не проста прапіска, месца жыхарства. Гэта асаблівыя, адрозныя ад вясковых, тэмп жыцця, погляды на яго, манеры рухацца, апранацца, кантактаваць, разуменні практычнасці, патрэбнасці, першачарговасці, уменне адпачываць, рабочы рытм і нагрузка і многае іншае. Як карэннаму гараджаніну не проста прыстасавацца, адаптавацца да вясковага жыцця, а менавіта прыняць умовы і парадкі і палюбіць яго? Каця і Аляксей пра гэта не задумваліся: калі людзі знаходзяць адзін аднаго (а “знайшліся” яны ў Сеціве) і ім хораша разам, калі яны адкрываюць кожны дзень адно ў адным новую часцінку ўнутранага свету, тады, мабыць, з’яўляецца жаданне і вакол сябе стварыць новы, неспазнаны раней свет – свет для дваіх. І калі там, у Мінску, у мінулым Аляксея засталася работа на img_20180516_172927_81трактарным заводзе, якая мае хоць нейкі адгалосак у цяперашнім жыцці, то яго чароўная спадарожніца спаліла ўсе масты. Кацярына працавала ў Белдзяржфілармоніі, з’яўлялася артысткай-вакалісткай вышэйшай катэгорыі, з гастролямі аб’ехала паўсвету. Яе сольная кар’ера – выкананне рамансаў пад віяланчэль і фартэпіяна, выкладчыцкая – кіраўнік эстраднай студыі пры педуніверсітэце і дзіцячай студыі ансамбля “Сябры”. Але абое прызнаюцца, што жаданне жыць больш ціхім, размераным жыццём на ўлонні прыроды ў іх спела ўжо даўно, у кожнага паасобку. Разам – здзейснілі.
З чаго пачыналі
Укласці грашовыя сродкі новаспечаныя вяскоўцы планавалі ў будаўніцтва: бабуліна хатка невялічкая і, зразумела, патрабуе пэўнага рамонту. Паспелі дабудаваць да дома толькі прасторную веранду, сучасную, светлую, без ніякіх шкодных для здароўя матэрыялаў – з дрэва.
– І тут “падвярнуўся” трактар – ці ж мог я ад яго адмовіцца? – смяецца Аляксей. – Ну а да трактара колькі ўсяго трэба: прычэп, плугі-культыватары, касілкі-варашылкі… У нас усё гэта ўжо ёсць. Пілараму сваю прыдбалі. Які ты гаспадар на зямлі ў сучасных умовах, калі тэхнікі, абсталявання не маеш? А мы сюды прыехалі не на лавачцы сядзець ды кветкі ў лузе збіраць – гаспадарамі станавіцца, як некалі дзяды-прадзеды былі. Таму будаўніцтва на некаторы час, думаю, непрацяглы, замарозілі.
– З-за гэтага не перажываем, – падтрымлівае Аляксея Кацярына. – У бабулінай хаце пачуваемся вельмі добра: зімой печкі цеплім і не мерзнем, летам – прахалода і дыхаецца лёгка. Нават ложак пакуль не памянялі на сучасны: на гэтым та-акі зручны матрац, так добра спіцца!
У доме ёсць уся неабходная бытавая тэхніка, а інтэр’ерам, у якім прысутнічаюць старыя іконы, упрыгожаныя па праваслаўнай традыцыі даматканымі вышыванымі ручнікамі, фотаздымкі ў рамачках на сценах, палавічкі, бабуліны рэчы ў куфэрачку, яго жыхары задаволены.
Гаспадарка
Сухая статыстыка на сённяшні дзень: зямля – 25 сотак, карова, козлік, два парсючкі, два дзясяткі курэй з пеўнем, выведзеныя ў інкубатары кураняты, індычка a-090(сядзіць на яйках), дзве аўчаркі, кот і два новазеландскія папугаі – гарадская спадчына. Важная дэталь: завялася ўся гэтая жыўнасць, за выключэннем папугаяў, не паступова, а практычна адначасова, што не можа не гаварыць аб рашучасці і нават авантурнасці маладых гаспадароў.
А за гэтымі лічбамі, канешне ж, цэлае жыццё: работа, яе плён і эмоцыі. Калі гаварыць пра самую буйную жывёліну, карову, то яе Кацярына раней бачыла толькі “праездам”. Адзначае, і цікава было, і страшнавата. Нічога: як кажуць, не багі гаршчкі абпальваюць – пайшла справа. Доіцца рагуля аўтаматам, травіцы вакол мора, сена ёсць магчымасці і сілы на зіму нарыхтаваць. Гаспадыня хутка навучылася рабіць тварог, смачны сыр, масла. Сабе хапае ўдосталь, а ўся лішняя “малочка” і яйкі ідуць на продаж. У Мінску, куды гатовую прадукцыю Каця возіць то на аўтамабілі, то на маршрутцы, з рукамі адрываюць і ў чаргу запісваюцца.
– “Зарплату” я тут атрымліваю не меншую за былую мінскую, – заўважае яна, – і пры гэтым магу распараджацца сваім часам сама. Гэта мне вельмі падабаецца.
– І мне таксама: будзільнік тут у мяне карова, начальнік – жонка, – падтрымлівае Кацю жартаўлівы Аляксей. Што, мабыць, справядліва часткова: нядаўна ён уладкаваўся на працу ў лясніцтва.
Большая нагрузка па доглядзе за жывёлай кладзецца на гаспадыню, якая практычна ўвесь час дома. Таму беленькі козлік Козя ад яе ні на крок, дужа радуецца, калі аказваецца ў абдымках гаспадыні, і туліцца, і песціцца, як малое дзіця, толькі рук няма, каб абхапіць “маму” за шыю. У планах набыццё для Козі пары.
Жывёлу сваю Шчасныя вельмі лю­бяць і клапоцяцца пра яе. Стары Рэкс, спісаны з пагранзаставы, ніякіх практычных функцый не выконвае, аднак жыве ў пашане. Ката Нафаню, які вольна падарожнічае па наваколлі, паспяваюць памыць і вычасаць. Карова, свінкі і птушкі жывуць пакуль у старых хлявах, але ўжо праектуюцца новыя, больш зручныя, прасторныя і сучасныя пабудовы.
Старую зарослую сажалку новыя жыхары Чарніцы спачатку акультурвалі ўласнымі сіламі, а затым замовілі з Лепеля экскаватар-балотнік, з дапамогай якога яна вычысцілася і набыла патрэбную глыбіню. Зараз там можна купацца. Ну і рыбу на развод запусцілі. Усю гародніну для сябе, а таксама на корм жывёле, вырошчваюць на прысядзібным участку, нічога не купляюць.
“Плюсы” і “мінусы” вясковага жыцця
a-091– Пакуль бачым практычна адны плюсы, – сцвярджаюць суразмоўцы. – Экалагічна чыстыя прадукты харчавання, якія атрымліваем уласнымі сіламі, – карысць для здароўя і падняцце ўзроўню самаацэнкі. Здорава, калі ты не толькі спажывец, а і вытворца. Магчымасць паспрабаваць сябе ў новым, так бы мовіць, амплуа: у будаўніцтве, агародніцтве, жывёлагадоўлі, рацыянальным вядзенні гаспадаркі. Хараство прыроды вакол і еднасць з ёю. Новыя захапленні: збор грыбоў і ягад, зёлак, вырошчванне кветак… Ніякага інфармацыйнага вакууму няма. Зносіны з сябрамі і роднымі засталіся ранейшымі. Ведаеце, гэта каля Мінска ніякай інфраструктуры няма. Напрыклад, жывуць нашы сябры ў Раўбічах, сядзяць за высокімі агароджамі, да бліжэйшай крамы тры кіламетры, не кажучы пра медустановы, дзіцячыя садкі. Гаспадарку там не завядзеш, вадаёмы брудныя – не пакупаешся. Заўважана, што многія зараз стараюцца набываць летнікі падалей ад сталіцы. Нам здаецца, што людзі пачалі вяртацца да зямлі, цаніць і любіць працу на ёй і цёплыя чалавечыя зносіны – такія, якія бываюць менавіта ў вёсках, дзе ты, як і ўсе жыхары, навідавоку, дзе не патрэбны агароджы, запоры і замкі, бо на тваё ніхто не пасягае, дзе можна разлічваць на дапамогу, падтрымку і добрасуседства. Таму па нашым прыкладзе многія сябры і знаёмыя зацікавіліся пакупкай доміка ў вёсцы. Можа, хто-небудзь і непадалёку паселіцца – будзем рады. Што яшчэ? Фізічная праца, на нашу думку, – добры лекар ад дэпрэсій, нервовых расстройстваў, яна вельмі аб’ядноўвае нас, дае эмацыйны зарад. Наш узрост, падаецца, самы аптымальны для такога роду дзейнасці: яшчэ ёсць сілы і ўжо ёсць вопыт, веды, практычны розум.
Перспектывы
– Толькі расшыраемся! – упэўнена сцвярджаюць “чарнічныя” энтузіясты. – Рамантуем дом, узводзім гаспадарчыя пабудовы, апрацоўваем зямлю. Збожжа сеяць, хутчэй за ўсё, не будзем: з абмалотам цяжкавата. Лепш пасадзіць больш бульбы, прадаць, а на выручаныя грошы тое збожжа купіць. Жывёлы больш развядзём – гэта ж наш добры даход. Што яшчэ ў перспектыве? Жыць на гэтай зямлі і радавацца жыццю.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага і аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *