Шедевры из мыла делает Мария Румо в Докшицком районе

izobrazhenie-017Якія сувеніры часцей за ўсё прывозяць з вандровак? Магніцік на лядоўню, талерку з краявідамі, паштоўкі… Пачатак спіса не надта арыгінальны. Госці ж свята ў Докшыцах да традыцыйных сувеніраў мо­гуць набыць на памяць…духмянае мыла ручной работы з выявай сімвала фестывалю – лебедзя і краявідамі горада ад Марыі Румо.

Марыя працуе медыцынскай сястрой у санаторыі “Баравое” і мае такое карпатлівае захапленне, як мылаварэнне. Колькі часу таму аформіла дакументы на занятак рамеснай дзейнасцю і ўсе вольныя хвілінкі імкнецца ўдасканальвацца ў гэтай справе: вывучае саставы мыльных асноў і іх узаемадзеянне з масламі, араматызатарамі і пігментамі. Спрабуе вырабляць мыла рознай вагі, формы і афарбоўкі, камбінуе цвёрдыя асновы з жэлепадобнымі, празрыстыя — з белымі і гэтак далей. Спецыяльна да першага верасня майстар заказала водарастваральныя карцінкі на школьную тэматыку, а да дня нараджэння горада – з адметнымі месцамі райцэнтра. Пра сваё хобі жанчына расказвае так:
– Я не з тых, каму даспадобы шыццё, вязанне ці вышыўка. Але калі патрапіла ў Сеціве на майстар-клас па мылаварэнні, адарвацца не змагла. Гэты працэс вельмі таямнічы і захапляльны, нагадвае нечым вопыты ў хімічнай лабараторыі.
Марыя Румо дадае, што перад тым, як зрабіць самы першы кавалачак мыла, яна два гады вывучала асаблівасці гэтага працэсу самастойна. Усё ж такі гэта касметычны прадукт, а таму пры яго хай сабе і хатняй вытворчасці трэба прытрымлівацца галоўнага запавету медыцынскай этыкі: не нашко­дзь. Дарэчы, да яе любімай справы неабыякавыя сын і муж: даюць слушныя парады па развіцці групы з вырабамі ў сацыяльных сетках, дапамагаюць з дэталямі: выбарам упакоўкі, афармленнем заказаў.
Па словах рамесніка, варыяцый з мыльнай прадукцыяй безліч: хтосьці просіць зрабіць кавалачак мыла для сябе з пэўным пахам і не зважае на мудрагелістасць формы, іншы шукае арыгінальны адрасны падарунак і просіць улічыць захапленні, пол, узрост. Для дзяцей часцей заказваюць мыла ў выглядзе гадзіннічкаў, звяркоў, казачных персанажаў. Жанчынам выбіраюць мыла ў форме кветак, прысмакаў, сэрцайкаў. Для моцнай паловы чалавецтва часцей выбіраюць тэматычныя наборы рыбака, гульца ў камп’ютарныя гульні і інш. Зараз выклікаюць цікавасць вясельныя наборы для маладажонаў, словам, ёсць месца для творчасці і самаўдасканальвання.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *