Комсомольцы докшичины отмечают столетний юбилей

untitled-fr12-0001“Гэта было здорава, гэта было весела, гэта была маладосць!”– так успамінаюць свой удзел у моладзевай арганізацыі савецкіх часоў прыкладна ўсе, хто насіў тады камсамольскі значок, мець які лічылася за гонар. Тагачасны камсамол – гэта сапраўды эпоха ўдарнай працы, гераізму, актыўнай дзейнасці і вялікіх
здзяйсненняў. Ён прайшоў слаўны шлях і ўпісаў у гісторыю краіны мноства яркіх старонак сваёй біяграфіі, дзе ёсць месца перамогам, героям і подзвігам. У большасці сваёй тыя камсамольцы былі рамантыкамі. Яны будавалі гарады, абаранялі Ра­дзіму, рабілі адкрыцці. Менавіта таму імем камсамола названы гарады і горныя вяршыні, вуліцы і плошчы.
Напрыканцы 1918 года пасля 1-га з’езда Расійскага камуністычнага саюза моладзі на тэрыторыі Беларусі, вызваленай ад германскіх войскаў, пачалі ўзнікаць камсамольскія арганізацыі. У камуністычны саюз моладзі Беларусі афіцыйна яны аформіліся на з’ездзе камсамола Заходняй камуны, які праходзіў у Смаленску. У верасні 1920 года саюз уступіў у рады Расійскага КСМ. Гэты з’езд прынята лічыць часам стварэння камсамола Беларусі. Паступова камсамол мацнеў, набіраўся вопыту і стаў баявой масавай арганізацыяй. У гады індустрыялізацыі камсамольцы ўдарна працавалі на будаўніцтве БелГРЭС, Гомсельмаша, Мінскай ТЭЦ-2, Аршанскага льнокамбіната, Віцебскага “КІМа”. Яны ўдзельнічалі ў кампаніі па ліквідацыі непісьменнасці, адкрывалі школы, чытальні, ладзілі спектаклі. Тысячы накіраваліся на курсы трактарыстаў. Першым камсамольскім важаком у Беларусі быў Маісей Ахманаў, рэпрэсіраваны ў 1937 годзе. Пазней ён загінуў у лагерах. Даваенны камсамол нарадзіў такіх герояў, як Вера Харужая, Сяргей Прытыцкі, Кірыл Мазураў, Максім Танк, Пётр Машэраў, якіх прадстаўляць, здаецца, не трэба.
У Заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад акупацыяй панскай Польшчы, таксама пачалі ўзнікаць камсамольскія арганізацыі, толькі падпольныя. Хлопцы і дзяўчаты слухалі па начах радыё савецкай Расіі, пісалі ўлёткі, потым расклейвалі іх у самых шматлюдных месцах. На 1 Мая і 7 лістапада развешвалі чырвоныя сцягі. Пасля гэтага адны, ратуючыся ад расправы польскай дэфінзівы, уцякалі за мяжу ў БССР, а некалькі чалавек развіталіся з воляй, сядзелі ў турмах у Глыбокім і Вільні.
Нельга не адзначыць подзвіг камсамольцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У першы ж ваенны год каля 2 мільёнаў хлопцаў і дзяўчат сталі байцамі Чырвонай Арміі, папоўнілі рады партызан. Хто не паспеў апрануць ваенную форму, змагаўся з ворагам у падполлі. Прыклад таму — падпольная арганізацыя Асінторфа, подзвіг бягомльскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў, якія практычна ўсе загінулі ў гестапа.
Вайна закончылася вялікай Перамогай, але гарады і вёскі прыходзілася ўздымаць з руін і папялішчаў. І зноў наперадзе быў камсамол, які адгукаўся на кожны заклік партыі.
Успамінае Любоў Румчык, былы сакратар першага пасляваеннага райкама камсамола Докшыцкага раёна:
untitled-fr12-0002 untitled-fr12-0003– У камсамол я ўступіла ў эвакуацыі і гэтым вельмі ганарылася. Як толькі вызвалілі Докшыцы, тату, як даваеннаму савецкаму работніку, загадалі адразу вяртацца ў Беларусь. За ім прыехалі і мы з мамай і сястрою. У горадзе пасля пажару ўцалела толькі некалькі будынкаў, таму ўсе раённыя ўстановы, у тым ліку і райкам ЛКСМБ, часова размясціліся ў Параф’янаве, дзе і працавалі да лета 1945 года. Там я пачынала. Разам са мной працавалі Назарава, Бармінскі, Рэкуць, Казьяніна. Мы вельмі шмат хадзілі па вёсках. Менавіта хадзілі, бо ездзіць не было на чым, таму такая каман­дзіроўка магла доўжыцца і некалькі дзён, і агітавалі моладзь уступаць у камсамол. Прымалі, дарэчы, не ўсіх, толькі актывістаў, якія зарэкамендавалі сябе як барацьбіты за справу Леніна-Сталіна. Апранаць надта што не было чаго, есці таксама, але мы ўсе былі вельмі шчаслівыя, бо выжылі ў страшнай вайне.
Усе пасляваенныя дзесяцігоддзі, аж да распаду СССР, гісторыя камсамола – гэта грандыёзныя па маштабе працоўныя дасягненні: засваенне казахстанскай цаліны, будаўніцтва новых гарадоў і БАМа. Сібірскі Ніжнявартаўск і зараз называюць беларускім горадам. Дзякуючы молодзі ўзніклі Салігорск і Наваполацк. Было модным імкнуцца ў тайгу, пакараць горы, шукаць нафту, зімаваць на льдзіне. Час рамантыкаў патрабаваў падобнага выпрабавання на трываласць.
Асобна стаіць старонка мужнасці савецкіх салдат, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Магчыма, сённяшнім маладым не зразумець, але гэта быў час, калі працавалі “за ідэю” і станавіліся ўдарнікамі, калі на суботнікі выходзілі пасля рабочага дня на асноўнай працы, калі лічылі за ганьбу не ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах ці мастацкіх конкурсах.
Гісторыя захавала прозвішчы некаторых тагачасных важакоў камсамола раёна. У розныя часы райкам камсамола ўзначальвалі Уладзімір Цацоха, Вячаслаў Русаковіч, Вольга Махонь, Іван Баравікоў, Анатоль Салаўёў, Людміла Акунявец, Вацлаў Зялёнка, Юрый Жылінскі, Вольга Лабынька, Аляксандр Каралевіч, Віктар Малаш.
Успамінае Генадзь Межыеўскі, сакратар камсамольскай арганізацыі саўгаса “Сітцы”:
– У 1985 годзе, калі я ўзначаліў арганізацыю, у ёй налічвалася каля 300 чалавек, таму пасада камсамольскага сакратара была вызваленай. Гэта значыць, лічылася службовай пасадай. Прыкладна такой жа па колькасці была камсамольская арганізацыя і ў калгасе “Зара камунізму” (Таргуны). Паміж намі было заўсёды як бы тайнае спаборніцтва.
Чым жыў тады камсамол? Маладосцю і задорам. Нас хапала і на працу, і на адпачынак, умовы для якога стваралі сабе самі. Гэта быў час укаранення калектыўнага падраду, у раёне грымелі імёны нашых камсамольцаў-перадавікоў. А моладзь раёна зайздросціла таму, што ў Сітцаўскім клубе працуюць Мікалай Салаўёў і Пётр Грыгаровіч, якія стварылі першы ў раёне сельскі ВІА, устанавілі ў СДК модную на той час святламузыку. На танцы да нас з’язджаліся з усяго раёна. Міша Лазараў арганізаваў такіх жа апантаных мотааматараў, якім быў сам, і стварыў нешта накшталт сучаснага клуба байкераў. Хлопцы на матацыклах са сцягамі калясілі па суседніх раёнах і паказвалі там канцэрты. Артыстаў было шмат, як, дарэчы, і спартсменаў. На гітары ў ансамблі ігралі па чарзе. Арганізавалі хор з 80 чалавек, для якога прыдумалі купіць канцэртныя касцюмы, а яны каштавалі як тагачасныя “Жыгулі”. Дырэктар саўгаса Іван Ільіч Старчак, канечне, адразу нам адмовіў. Тады мы падключылі “цяжкую артылерыю” у асобе яго жонкі. І дырэктар урэшце здаўся, а потым ганарліва паглядаў па баках і прымаў віншаванні, калі мы з помпай выступілі ў іх на раённым свяце. Касцюмы тыя і да сённяшняга ёсць. Надумаліся неяк зрабіць летнюю танцпляцоўку. Залівалі яе цэментам пасля работы, вечарамі, затое як здорава было на ёй танцаваць! Елачкі, якія садзілі мы вакол стадыёна, зараз ужо выраслі ў вялікія дрэвы. Ведаеце, чым быў адметным наш час? Нікога не трэба было ўгаворваць, людзі самі не жадалі сядзець дома, ім хацелася жыць напоўніцу.
Успамінае Алена Жданько, сакратар камсамольскай арганізацыі Заборцаўскай васьмігодкі:
– 1983 год. Гэта было так даўно, але і сёння ўспамінаць прыемна. Весела жылі. Не маглі дачакацца, калі стукне 14 гадоў, каб уступіць у камсамол. Гэта было пачэсна. І няпраўда, што нехта там не хацеў уступаць, усе імкнуліся і беглі. А вось уступіць было не так і лёгка. Перш прымалі ў камітэце камсамола школы. Каб вытрымаць гэта выпрабаванне, інакш яго і не назавеш, трэба было назубок ведаць статут ВЛКСМ, праграму, матэрыялы з’ездаў камсамола, партыі і шмат чаго яшчэ, аж да прозвішчаў лідараў краін сацыялістычнага лагера. Вучылі, трэсліся, хваляваліся, затое і радасць была вялікай, калі атрымлівалі ў райкаме камсамола доўгачаканы білет са значком.
У камсамольскія лідары траплялі актывісты і выдатнікі вучобы. За дрэнную вучобу, паводзіны выклікалі ў камітэт камсамола школы на разгляд асабістай справы. Гэтага вельмі баяліся, бо нічога не было больш страшнага, чым выключэнне з радоў ВЛКСМ, а такія выпадкі былі. Пасля заканчэння васьмі класаў у Заборцах я пайшла вучыцца ў Параф’янаўскую школу. Там мяне выбралі камсоргам класа, а сакратаром у нас быў Віктар Арлоўскі. Сёння мы з ім зноў ра­зам. Я іграю ў драмгуртку Параф’янаўскага СДК. З камсамольскіх часоў так і не развіталася са спортам. Мы па-ранейшаму ў камандзе маладосці нашай.
У снежні 1991 года на 30-м з’ездзе ВЛКСМБ было прынята рашэнне аб
статутных змяненнях арганізацыі і змене яе назвы на падставе юрыдычнага правапераемніка ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ). У лютым 1995 года ён стаў называцца Беларускі саюз моладзі (БСМ). Праз два гады была арганізавана яшчэ адна моладзевая арганізацыя – Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ). У 2002
годзе на аб’яднаным з’ездзе гэтых дзвюх арганізацый быў створаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Грамадская арганізацыя БРСМ існуе і цяпер.
Успамінае Валянціна Рандарэвіч, першы сакратар БПСМ першага саставу:
– У складзе першага райкама БПСМ, акрамя мяне, працавалі яшчэ Вадзім Кішулька, Алег Лешчык, Дзмітрый Ставер, Таццяна Гапанёнак. Каманда падабралася цудоўная. Усе вельмі творчыя, ініцыятыўныя, лёгкія на пад’ём. З паперамі тады было менш работы, уся наша ўвага была скіравана на моладзь, на агульныя справы, якіх было шмат. Менавіта мы былі ініцыятарамі правядзення ёлкі для дзяцей-інвалідаў, якая стала традыцыйнай. У адным з памяшканняў гарадской лазні адкрылі для дзяцей камп’ютарны клас. Арганізавалі міжгарадскі КВЗ з глыбачанамі. Плённа працаваў клуб “Эсперанта”. Той, хто засвоіў гэту міжнародную мову, і да сённяшняга падтрымлівае сувязі са сваімі замежнымі аднадумцамі. Мы настаялі, каб у новым кафэ “Александрыя” ўстанавілі більярд, і, дарэчы, самі сачылі там за парадкам. Створаны аператыўны моладзевы атрад у абавязковым парадку нёс дзяжурства ў грамадскіх месцах. “Агеньчыкі “Зорная мяцеліца” ў рэстаране таксама нашых рук справа. Разам з журналісткай Веранікай Пашэвіч прыдумалі і пачалі выпускаць моладзевы нумар раённай газеты пад назвай “ДЗЮіМ”. Гэты праект пазней стаў пераможцам абласнога конкурсу. Трэба сказаць, што хлопцы і дзяўчаты ўступалі ў нашы рады і актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.
Хачу звярнуцца да сённяшняй моладзі. Вы маеце ўсе шанцы набыць вядомасць сваёй ініцыятыўнасцю, прадпрымальнасцю і плённай дзейнасцю! Больш актыўна ўдзельнічайце ў жыцці свайго раёна, сваёй краіны і ў вас усё атрымаецца.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Один комментарий для “Комсомольцы докшичины отмечают столетний юбилей

  • 01.11.2018 в 8:30 пп
    Permalink

    Комсомольские годы — это годы молодости, годы романтики и годы свершений. Всесоюзный ленинский коммунистический союз молодежи был одним из самых масштабных молодежных объединений в мире.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *