Регистрация имущества в Докшицком районе требует ответственности


izobrazhenie-317_originalСёлета споўнілася 15 гадоў з часу замацавання ў сучасным выглядзе сістэмы дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Зараз у ёй знаходзяцца Дзяржаўны камітэт па маёмасці, Нацыянальнае кадастравае агенцтва і тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі, створаныя ў кожнай вобласці. У складзе Віцебскага абласнога агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры некалькі філіялаў. Докшыцкае і Бягомльскае бюро, якія абслугоўваюць жыхароў нашага раёна, уваходзяць у склад Глыбоцкага філіяла.

Нягледзячы на тое, што Вольга Ананіч (на здымку) рэгістратарам нерухомасці ў Докшыцкім бюро працуе толькі тры гады, яна зарэкамендавала сябе як кемлівы, дасведчаны і вельмі адказны спецыяліст.
– За час працы не сутыкалася з ідэнтычнымі сітуацыямі з нерухомасцю, дзеліцца Вольга Генадзьеўна. – У кожнага кліента – свая складаная гісторыя. А таму і новая справа – як чысты ліст. Каб працэс рэгістрацыі маёмасці не зацягваць, імкнуся як мага больш інфармацыі атрымаць ад самога кліента. Заўсёды раюся з самым вопытным работнікам нашага бюро Вольгай Квяцінскай, якая працуе спецыялістам па тэхнічнай інвентарызацыі, але мае велізарны стаж і не меншы аб’ём ведаў па нашай спецыфіцы.
Дзяржрэгістратар зазначае, што насельніцтва пакрысе адыходзіць ад звычкі пакідаць афармленне зямлі і нерухомасці на потым, бо разумее, што недахоп нават адной якой паперыны для нашчадкаў добрай справы не саслужыць.
Разам з тым, бываюць сітуацыі, калі кліент настроены варожа, бо здзелкі з нерухомасцю не заўжды бываюць таннымі і хуткімі, а ў пададзеных у бюро дакументах часам сустракаюцца памылкі. У такім выпадку рэгістратару прыходзіцца быць яшчэ і псіхолагам. Дарэчы, каб прадухіліць падобнае, на прыёме заўсёды вядзецца аўдыёзапіс, фіксуецца ход размовы.
Адказнасць, якая ўскладзена дзяржавай на асобу рэгістратара нерухомасці, каласальная.
Пасля таго, як на дакументах пастаўлены яго подпіс і пячатка, здзелка становіцца законнай, а чалавек, які атрымлівае дакументы на рукі, прызнаецца ўласнікам. Працэс завершаны.
Уся адказнасць за гэтыя дзеянні кладзецца на рэгістратара. Аспрэчыць іх у адваротным выпадку можна толькі ў судовым парадку.
Прамаруджваць па суб’ектыўных прычынах з афармленнем дакументаў ўвогуле не ў інтарэсах бюро, бо заробак свой яго спецыялісты атрымліваюць за колькасць аказаных паслуг.

З гісторыі бюро тэхнічнай інвентарызацыі
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў БССР была знішчана ўся інвентарызацыйна-тэхнічная дакументацыя. Адразу пасля заканчэння ваенных дзеянняў Савет Міністраў БССР абавязаў выканкамы мясцовых Саветаў правесці ў гарадах і гарадскіх пасяленнях БССР тэхнічную інвентарызацыю зямлі, дамавога фонду, аб’ектаў гарадскога добраўпарадкавання, камунальных прадпрыемстваў і інш.
У 1945 годзе аднавіў сваю дзейнасць сектар тэхнічнай інвентарызацыі пры Віцебскім аблкамунгасе. У 1958 годзе ён быў перайменаваны ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі, а ў 1980 го-дзе яно ўвайшло ў склад абласнога аб’яднання тэхнічнай інвентарызацыі. Затым было яшчэ некалькі перайменаванняў, а ў 2003 годзе было ўтворана Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *