Шестью сыновьями гордятся Оксана и Дмитрий Войткевичи из Докшиц


img_7074У шматгранным паняцці жаночага шчасця мацярынства, бадай, грань самая яркая. Нараджэнне маленькага чалавечка, этапы яго развіцця, фарміравання як асобы, усведамленне важнасці і адказнасці найсвяцейшага на зямлі прадвызначэння – быць Маці – усё гэта робіць жанчыну духоўна велічнай і абуджае ў яе сэрцы самыя светлыя і высокія пачуцці, якія аб’ядноўваюцца ў магутную па сіле мацярынскую любоў. Што датычыцца нашай гераіні, то яе пяшчотных і адначасова моцных рук-крылаў хапае, каб атуліць і абагрэць шасцярых сыноў.
Пераступаем парог прыгожай і ўтульнай кватэры аднаго з чатырохпавярховікаў па вуліцы Палявой у Докшыцах – і нас разам з мілавіднай гаспадыняй сустракаюць трое маладых людзей, элегантных, падцягнутых, акуратных, з моднымі стрыжкамі. Гэта браты – пяцікласнікі Максім і Арцём і другакласнік Мацвей. Следам на моцных татавых руках выязджае з усмешкай на ўвесь ружовы тварык малодшы Вайткевіч – адзінаццацімесячны Арсеній. Гледзячы на Аксану і Дзмітрыя, яшчэ такіх маладых, не верыцца, што старэйшаму іх сыну Уладзіміру дваццаць адзін год, і ён ужо на сваім хлебе – сацыяльны псіхолаг. Ёсць яшчэ васямнаццацігадовы Аляксандр, студэнт, вучыцца на аўтамеханіка.
У дружнай сям’і Вайткевічаў усё традыцыйна: Дзмітрый, які працуе на прадпрыемстве “Віцебскторф” у Крулеўшчыне, асноўнай сваёй задачай лічыць матэрыяльнае забеспячэнне сям’і. Дапамога па доме ў любую вольную хвілінку – гэта, сцвярджае ён, само сабой зразумела. Да парадку і да разумення, што работа не дзеліцца на мужчынскую і жаночую, з малых гадоў прывучаюцца і хлопцы. І ўсё ж такі асноўны цяжар клопатаў кладзецца на Аксаніны плечы. Праўда, яна бачыць у тых клопатах задавальненне і, разумна размяркоўваючы час, паспявае трымаць дом у парадку, гатаваць смачныя стравы – па спецыяльнасці жанчына кандытар, хадзіць на прагулкі з дзецьмі, кантраляваць у іх выкананне дамашніх заданняў. Яшчэ і для заняткаў па душы хвілінкі выкройвае – займаецца алмазнай вышыўкай і бісерапляценнем.
Аксана Фёдараўна і Дзмітрый Вячаслававіч стараюцца своечасова заўважыць пэўныя схільнасці сваіх дзяцей і скіраваць іх на развіццё. Так, Максіму і Арцёму падабаецца займацца разьбой па дрэве, а Максім яшчэ ходзіць і на дзюдо. Жэўжык Мацвей мае здольнасці да матэматыкі і інфарматыкі і займаецца гэтымі прадметамі дадаткова. На пытанне, як абстаяць справы з фізкультурай і спортам, хлопцы дружна апускаюць чубы долу. “За сезон веласіпед ухайдокалі, – са смехам паясняе тата. – А так у нас, як бачыце, цэлая хакейная каманда, нават з запасным іграком”.
У 2011 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Аксане Вайткевіч высокую ўзнагароду – Ордэн Маці. Урачысты, хвалюючы момант. Іх, такіх момантаў, у жыцці Аксаны Фёдараўны безліч – першыя крокі, першыя словы, першыя класы… Яны нібы маленькія фрагменты ў велічнай мазаічнай карціне пад назвай “Мацярынскае шчасце”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Я. Кадацкага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *