Елена Канашиц из Докшиц — за качество молочной продукции

dscn1666Так характарызуе начальнік вытворчага цэха філіяла Лепельскага малочнакансервавага камбіната ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Уладзімір Хілько сваю падначаленую, прыёмшчыцу малочнай прадукцыі Алену Канашыц (на здымку). Васямнаццаць гадоў яна на прадпрыемстве і за гэты час дасягнула высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці, бо працуе, як руплівая пчолка.

Вось і сёння, яшчэ добра не развіднелася, а Алена Рыгораўна – на працоўным месцы: хутка прыедуць першыя машыны з малаком, таму трэба напоўніць бочкі вадой, зрабіць спецыяльны рабочы раствор для дэзінфекцыі шлангаў. Яна стараецца падрыхтаваць усё загадзя, каб пасля не было замінак у рабоце.
Зараз у гэтым упэўненым спецыялісце амаль нічога не засталося ад той нявопытнай дзяўчыны, якой Алена прыйшла на прадпрыемства пасля размеркавання. Яна прыехала ў Докшыцы з Копыльскага раёна. Выхоўвалася ў сям’і даяркі і трактарыста і з дзяцінства ўсведамляла, што такое праца. Скончыўшы Слуцкі каледж перапрацоўчай прамысловасці, атрымала спецыяльнасць майстра малочнай вытворчасці і спачатку працавала апаратчыцай на прадпрыемстве, пасля стала прыёмшчыцай малочнай прадукцыі.
– Адразу было даволі складана, – успамінае Алена Рыгораўна. – Па-першае, аб’ёмы малака былі значна большымі, па-другое, выпускалі вялікую колькасць рознай уласнай прадукцыі ад кефіру і смятаны да сыроў і марожанага. Па-трэцяе, раней не было такога абсталявання, якое зараз з’явілася ў цэху і аўтаматызавала вытворчасць.
Сапраўды, два дзясяткі гадоў таму прадпрыемства прымала звыш ста тон малака за змену ў параўнанні з цяперашнімі дваццаццю тонамі, але і зараз работы хапае.
Перад тым, як трапіць да прыёмшчыка, сыравіна ад насельніцтва і гаспадарак праходзіць вельмі строгі кантроль. Лабарант робіць поўны яе аналіз, а пасля ў справу ўключаецца Алена Рыгораўна. Яна не толькі прымае сыравіну, але і кіруе апаратам ахаладжэння, які ачышчае і ахалоджвае малако, каб у крамы дастаўлялася толькі паўнавартасная прадукцыя, бяспечная для здароўя дзяцей і дарослых.
Вопытная прыёмшчыца давяла работу да аўтаматызму і зараз з вялікімі цяжкасцямі ў працы не сустракаецца. З калектывам таксама даўно спрацавалася і да рухомага графіка прывыкла.
– Люблю сваю работу і не ўяўляю сябе ні ў якай іншай прафесіі, — падсумоўвае Алена Рыгораўна і зноў вяртаецца да сваіх абавязкаў: малакавозы ўжо чакаюць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *