В какой форме ходят докшицкие ученики в школу


4Дзяўчаты ў карычневых сукенках з белымі напрасаванымі фартухамі і бантамі – гэты вобраз зараз можна назіраць хіба толькі на старонках савецкіх падручнікаў ды на апошнім званку ў школах, бо сучасныя дзяўчаткі не спяшаюцца адмаўляцца ад формы, якая вытрымала выпрабаванні савецкіх часоў.
У беларускіх школах уведзены дзелавы стыль адзення, але тое, што называецца “дзелавым” у паразуменні вучня, не заўсёды атаясамліваецца з уяўленнем аб гэтым іх бацькоў і настаўнікаў.

З мэтай паставіць кропку ў несупадзенні падыходаў да дзелавога стылю аддзення ў пачатку 2018 года ў Беларусі быў зацверджаны дзяржстандарт вопраткі для навучэнцаў, які носіць рэкамендацыйны характар. Яго ініцыятарам стаў канцэрн “Беллегпрам”. Зараз у крамах можна набыць школьныя касцюмы, сукенкі, сарафаны на любы густ. Тым не менш, не ўсе сучасныя вучні карыстаюцца магчымасцю апранацца стыльна і да месца. Хлопчыкі працягваюць хадзіць у школу ў любімых “дзіравых” джынсах, утульных расцягнутых кофтах, дзяўчаты – у прыгожых, але не надта прыступных туфлях на высокіх абцасах, ды яшчэ макіяжу тры пласты накладваюць. Што гэта: жаданне выдзеліцца ці адсутнасць густу? І дзе мяжа паміж самавыяўленнем і павагай да педагога?
– Дзелавы стыль адзення дысцыплінуе, – лічыць начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Гушчык. – Можна прытрымлівацца яго і пры гэтым заставацца модным, стыльным і быць, так бы мовіць, у трэндзе. Што датычыцца яркага макіяжу ды афарбаваных валасоў – у час майго юнацтва гэта строга забаранялася. Зараз падыход да знешняга выгляду школьніка змяніўся. Яно, канечне, добра, што моладзь цікавіцца моднымі тэндэнцыямі. Тым не менш, і бацькі, і настаўнікі павінны вучыць падлеткаў не перашчыраваць з гэтым. Трэба ўсведамляць, што прыгажосць чалавека павінна быць натуральнай.
— Выдзяляцца трэба розумам і дасягненнямі, а не знешнім выглядам, – упэўнены дырэктар Крулеўшчынскай сярэдняй школы Уладзімір Піскуновіч, дзе з мінулага навучальнага года было прынята рашэнне аб адзінай школьнай форме для вучняў першага класа. Кіраўнік установы прызнаецца, што думкі такія з’явіліся, як толькі стаў дырэктарам. Вырашылі рабіць гэта паступова. Бацькоў леташніх першакласнікаў не прыйшлося доўга ўгаворваць, бо высветлілася, што школьная форма – больш танны варыянт (форма на дзяўчынку каштуе каля 110 рублёў), чым дзелавыя касцюмы, сарафаны і сукенкі. У інтэрнэт-краме, з якой вось ужо другі год супрацоўнічае школа, можна знайсці мноства варыянтаў школьнага адзення ад розных беларускіх брэндаў: “Калинка”, “Світанак”, “8 Марта”, “Полесье” і іншыя. Там можна падабраць форму розных колераў і фасонаў для дзяцей любога росту і камплекцыі, а таксама спартыўныя касцюмы, абутак і нават рамяні.
Як вынік, у мінулым годзе дзеці з Крулеўшчыны ішлі ў першы клас у бардовай школьнай форме, сёлета першакласнікі апранулі форму сіняга колеру. Навінкай новага навучальнага года сталі спецыяльныя значкі-эмблемы вучня Крулеўшчынскай СШ, распрацаваныя дырэктарам. Самыя маленькія атрымалі іх падчас урачыстага прыняцця ў першакласнікі.
Гарадская школа №2 таксама актыўна працуе над пытаннем увядзення адзінай формы адзення для школьнікаў. Яе плануюць увесці ў наступным навучальным годзе адразу ва ўсіх класах.
– Да высновы, што школьная форма абавязкова павінна з’явіцца ў нашай школе, прыйшлі на першым бацькоўскім сходзе, – паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 Вольга Карніловіч. – Лічу, што гэта новаўвя­дзенне вырашыць іншае, не менш важнае пытанне – сацыяльнага статусу. Усе дзеці ў школе павінны адчуваць сябе роўнымі сярод роўных, а дэманстраваць свае модныя дарагія ўборы можна падчас школьных дыскатэк і ў іншых месцах.
Сваё стаўленне да школьнай формы выказала Алена Самсонава, маці адзінаццацікласніцы Анастасіі:
– Цалкам за школьную форму, але, лічу, што ўводзіць яе трэба з пачатковай школы. У адзінаццатым класе гэта рабіць позна. Мая дачушка прытрымліваецца дзелавога стылю адзення. Сукенкі, спадніцы ды касцюмы выбірае сама, але ўлічвае маё меркаванне таксама. Што датычыцца прычоскі, то лічу адназначна: валасы павінны быць прыбранымі. Раней Насця заікалася і пра афарбоўку, але, пэўна, перарасла, і зараз падобных пытанняў не ўзнікае.
Яблычак ад яблынькі…
Аднойчы давялося размаўляць з дзяўчынай, валасы якой былі афарбаваныя ў ярка-ружовы колер. Брыво было “ўпрыгожана” нейкай жалезінай, а ў вушах – вялізныя дзіркі – “тунэлі”. Яна шчыра прызналася, што “кінулася ў моду”, як толькі скончыла школу. І вось ужо два гады яна “такая”. Некалькі хвілін тлумачыла мне прычыны перамены свайго іміджу, нават пашпарт паказвала: з апошняй старонкі на мяне глядзела сімпатычная русявая дзяўчынка. Але, калі з пад’езда выйшла кабета ў ярка-чырвоным паліто з кароткай стрыжкай вогненна-рыжых валасоў і кідкім макіяжам (яе маці), я зразумела: яблычак ад яблынькі…
– У жаданні падлетка выдзеліцца такім чынам ёсць дзве асноўныя прычыны, – лічыць псіхолаг ЦРБ Бажэна Вайцяховіч. – З аднаго боку, гэта жаданне атрымаць асаблівы статус у калектыве, з другога – выяўленне яго ўнутранага свету. Бацькам у такой сітуацыі трэба размаўляць са сваім дзіцем, вучыцца чуць яго і разумець. Толькі ў такім выпадку можна дапамагчы яму ўба­чыць свет значна шырэй. І, магчыма, тады ў яго з’явіцца больш варыянтаў для самавыяўлення.
Тое, што падлеткі не любяць апранацца так, як ім рэкамендуюць бацькі і настаўнікі, асаблівасць дзіцячай псіхікі. Але калі школа любімая, то і форму можна насіць з няменшым энтузіязмам, чым міні-спадніцу ці лабутэны.

З гісторыі школьнай формы.
Мода на школьную форму прыйшла да нас з Англіі ў 1834 годзе. У жаночых гімназіях школьная форма з’явілася ў 1886 годзе: выхаванкі насілі карычневыя сукенкі з высокім каўняром і фартухі. У 1918 годзе яна была адменена ў рамках Адзінай працоўнай Савецкай школы.
Да 1949-га года школьнай формы ў Савецкім Саюзе не было.
Пазней было вырашана вярнуцца да карычневых строгіх сукенак і фартухоў. Мадэльныя стрыжкі да канца 50-х гадоў былі пад строгай забаронай.
У 1962-м годзе хлопчыкі пераапрануліся ў шэрыя шарсцяныя касцюмы, а ў 1973-м – у касцюмы з сіняй паўшарсцяной тканіны, з эмблемай і алюмініевымі гузікамі. У 1976 годзе дзяўчынкі сталі хадзіць у цёмна-карычневых сукенках, а хлопчыкі – у сініх касцюмах.
У пачатку 1980-х была ўведзена форма для старшакласнікаў, яе пачыналі насіць з восьмага класа.
І толькі ў 1992 годзе школьную форму адмянілі, выключыўшы адпаведны радок з закона “Аб адукацыі”. Карычневыя сукенкі і сінія касцюмы замянілі “вараныя джынсы”, штаны-клёш і дзявочыя ўборы ў духу “хто што знайшоў у шафе”.

Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: першакласнікі Крулеўшчынскай СШ з класным кіраўніком Святланай Цішаловіч.
Фота з архіва Крулеўшчынскай СШ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *