Сорок лет ездит на ВАЗ 2101 житель города Докшицы

a-404Усё радзей і радзей на нашых вуліцах і дарогах, запоўненых суцэльным патокам іншамарак, можна сустрэць савецкія “масквічы” ды “жыгулі”, не кажучы ўжо пра “запарожцы”. А вось ВАЗ-2101 жыхара Докшыц пенсіянера Пятра Дайлідзёнка, з даўніх часоў празваны ў народзе “капейкай”, адзначае сёлета сваё саракагоддзе. І калі ў доўгажыхароў-людзей самыя розныя рэцэпты даўгалецця, то ў машын рэцэпт той, мусіць, адзін: прафесіяналізм і клапатлівыя рукі гаспадара.
У 1979 годзе купіў свае “Жыгулі” Пётр Васільевіч і так прыкіпеў да іх душой, што не захацеў расставацца з аўтамабілем, мяняць яго на новы. А навошта, калі стары друг верна служыць і ніколі не падводзіць. Канешне, для гэтага аўтааматар прыкладае немалыя намаганні. Ці не кожны дзень можна ўбачыць Пятра Васільевіча каля гаража, дзе ён займаецца дробным рамонтам або доглядам свайго чатырохколага сябра. Змазвае, чысціць, падкручвае, падфарбоўвае. Вядомы ў раёне музыкант, ён адносіцца да машыны гэтак жа беражна і трапятліва, як да музычнага інструмента. Такім чынам, калі ты дылетант у гэтай справе і не ведаеш часу выпуску аўто, нізавошта не дасі яму яго гадоў.
Вадзіцель Пётр Васільевіч вельмі акуратны, правілаў не парушае, на вялікай хуткасці ніколі не ганяў і ў маладосці, зараз – тым больш. Дальнія рэйсы ў яго выпадаюць рэдка, а вось па Докшыцах і акрузе ездзіць практычна штодня, часта выбіраецца з жонкай і хатнім любімцам-сабакам на прыроду або ў Крулеўшчыну да сына. Мяняць машыну па-ранейшаму не плануе і спадзяецца, што яна ў падзяку за клапатлівыя адносіны праслужыць да свайго паўвекавога юбілею.
НА ЗДЫМКУ: Пётр Дайлідзёнак з адным са старэйшых у раёне аўтамабіляў ВАЗ-2101.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *