Международный пленэр «Палітра сяброўства» собрал талантливых художников в Докшицах

0-02-04-cdf010b09492c90111431cf387d0fb950d1a6410bb080c848ddf4a73be0c7b5b_df15fcefМіжнародны пленэр “Палітра сяброўства”, які праводзіцца ў межах Рэспубліканскага фестывалю дзвюх рэк, у гэтым годзе сабраў больш за 20 удзельнікаў самага рознага ўзросту. Паспрабаваць свае сілы ў напісанні карцін прыехалі госці з Мінска, Балві, з розных куточкаў блакітнавокай Віцебшчыны. Дар’я Сіўцэвіч, былая выпускніца Докшыцкай ДШМ і цяперашняя навучэнка Віцебскага каледжа, запрасіла сваіх сяброў і знаёмых на свята творчасці.

— Гэта ўжо чацвёрты пленэр за лета,­­— кажа Клара Бондарава з Друі. – Калі запрашаюць паўдзельнічаць, не адмаўляюся. На свята ў Докшыцы трапіла першы раз – уражанні самыя лепшыя.
Сёлетні пленэр стаў асобнай падзеяй у праграме фестывалю. Урачыстае адкрыццё, якое адбылося ў Докшыцкай дзіцячай школе мастацтваў, задало настрой усяму мерапрыемству. Калектыў установы арганізаваў для ўдзельнікаў сустрэчу з мастачкай і майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, членам Саюза мастакоў Галінай Маркавец-Крываблоцкай. Яна пажадала ўсім натхнення, смеласці ў пачынаннях і поспеху.
Пасля вячэры ў раённым Доме рамёстваў была арганізвана творчая лабараторыя з метадыстам-майстрам мастацкай разьбы па дрэве Віктарам Гарбачовым. Нечаканасцю і прыемным сюрпрызам стала для ўдзельнікаў заданне, дзе кожны змог праявіць сваё бачанне і фантазію: размаляваць драўляную фігурку шпака. Засяроджана, і ў той жа час з гумарам, усе прыступілі да працы, у выніку якой птушкі набылі сваю, непаўторную афарбоўку.
Віктар Гарбачоў, дарэчы, пасля амаль 10-гадовага перапынку вырашыў узгадаць тэхніку напісання карцін алеем. Касцёл у восеньскіх колерах атрымаўся вельмі прыгожым, натуралістычным. Як кажуць, рукі памятаюць…
Для таго, каб назбіраць мастацкіх вобразаў, удзельнікі пленэру наведалі тэматычныя пляцоўкі і канцэртную праграму, прысвечаную Дню горада. Потым моманты свята знайшлі сваё адлюстраванне на іх карцінах.
У нядзелю на беразе гарадскога возера можна было ўбачыць людзей з мальбертамі, фарбамі, алоўкамі. Кожны: і той, хто толькі спрабуе сябе ў жывапісе, і аматар, і прафесіянал – знайшоў сваё месца, каб занатаваць тое, што да душы. Настаўніца мастацкага аддзялення Докшыцкай ДШМ Людміла Ляйчынская падтрымлівала пленэрыстаў, дапамагала, заўсёды была побач.
img_3273Для напісання карцін удзельнікі выкарыстоўвалі розныя тэхнікі: акварэль, алей, гратаж, аловак, гуаш. У якой з іх працаваць – выбіралі самі аўтары, у залежнасці ад сваёй задумкі, бачання. А дзякуючы разнастайнасці мастацкіх матэрыялаў і сродкаў адзін і той жа пейзаж выглядаў па-рознаму, і здавалася, што гэта ўжо нешта іншае. Вось дзе сіла мастацтва!
Пераканацца ў гэтым можна было, наведаўшы выставу работ удзельнікаў пленэру, арганізаваную на новай прыстані. Між іншым, новая канструкцыя спадабалася і гараджанам, і гасцям свята. Не пакінулі яе па-за ўвагай і прыхільнікі жывапісу: на замалёўках і пейзажах прыстань засталася назаўсёды. “Вернісаж работ” выклікаў цікавасць у наведвальнікаў, некаторыя ваказвалі жаданне далучыцца ў наступным годзе да ўдзельнікаў пленэру.
Падвядзенне вынікаў мерапрыемства адбылося вечарам у летнім амфітэатры. Дыпломы за ўдзел у Міжнародным пленэры мастакоў уручала наша зямлячка Галіна Маркавец-Крываблоцкая. Яна ўвесь час падтрымлівала маладых, пачынаючых мастакоў, ацэньвала, раіла. Кожны з іх атрымаў яшчэ і памятны падарунак.
Развітваючыся з Фестывалем і дзелячыся ўражаннямі, арганізатары і ўдзельнікі, наведвальнікі выставы прыйшлі да высновы: “Пленэр адбыўся! Пленэру быць!”
Наталля ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *