Председатель Палаты представителей Национального собрания РБ Владимир Андрейченко посетил Бегомльскую школу-интернат

Здымак на памяць аб сустрэчы выхаванцаў школы-інтэрнат з шаноўнымі гасцямі.

Здымак на памяць аб сустрэчы выхаванцаў школы-інтэрнат з шаноўнымі гасцямі.

Пераднавагодні час – гэта яшчэ адна нагода падарыць крышачку цяпла і клопату тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У першую чаргу, малечы, якая ў сілу жыццёвых абставін апынулася па-за сямейнай утульнасцю. І хто, як не дарослыя, можа выканаць дзіцячыя мары і пажаданні.

Акцыя “Нашы дзеці” аб’яднала тысячы нераўнадушных сэрцаў. Учора ў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат завітаў шаноўны госць – Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, які на некаторы час стаў для хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўдным чараўніком.
– У Бягомльскую школу-інтэрнат прыязджаю 12 гадоў запар, – сказаў Уладзімір Паўлавіч. – Тут знаходзяцца дзеці, якія засталіся без бацькоў, і ім патрэбна асаблівая ўвага. Таму з задавальненнем гасцім, уручаем падарункі і самае галоўнае, усяляем упэўненасць, што яны патрэбны грамадству, краіне.
Спікер беларускага парламента павіншаваў усіх з Новым годам, пажадаў дзецям здароўя, добрай вучобы. Падзякаваў педагогам за іх працу і цеплыню да выхаванцаў. Акрамя салодкіх падарункаў, Уладзімір Паўлавіч прывёз дзецям камп’ютар.
Да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі падключылася і кіраўніцтва раёна. Старшыня райвыканкама Алег Пінчук падарыў новенькі тэлевізар з плазменным экранам – тое, пра што выхаванцы прасілі Дзеда Мароза.
На працягу некалькіх гадоў для бягомльскіх хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўдным сябрам з’яўляецца праўленне ААТ “ААБ Беларусбанк”. На гэты раз намеснік старшыні праўлення Таццяна Міхайлоўская прывезла для школы бытавую тэхніку – пральную машыну і пыласосы і, зразумела, салодкія падарункі.
У сваю чаргу выхаванцы школы-інтэрнат падрыхтавалі навагоднюю праграму – казачнае прадстаўленне “Пітэр Пэн”. Святочнае мерапрыемства прайшло на адным дыханні.
***
У гэты ж дзень карагод вакол навагодняй ёлкі разам з выхаванцамі Бярозкаўскага садка-базавай школы вадзіў і Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі. Ён прывёз кожнаму выхаванцу салодкі падарунак, а таксама перадаў ад дабрачыннага фонду навагоднія скрыначкі з сюрпрызамі і спартыўны інвентар.
– Гэту ўстанову наведваю ўжо шмат гадоў, і сёння таксама вельмі прыемна знаходзіцца тут, – сказаў Алег Сліжэўскі. – Жадаю, каб Новы год прынёс дзецям толькі радасць і, канечне, здзяйсненне ўсіх патаемных жаданняў.
Па традыцыі вучні падрыхтавалі для гасцей навагоднюю казку.
Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” завершыцца 10 студзеня. Яна частка вялікага марафону добрых спраў, якія гатовы рабіць беларусы не толькі ў Новы год.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *