Арганізацыя выбараў — прыклад для пераймання
23 верасня быў асноўным днём галасавання на парламенцкіх выбарах. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8 гадзін і практычна адразу туды завіталі выбаршчыкі. Звычайна з раніцы галасаваць прыходзяць пенсіянеры, моладзь “падцягваецца” бліжэй да абеду. Але Андрэй Карніловіч на Таргуноўскі выбарчы ўчастак № 28 завітаў амаль у 8 гадзін. Хлопец упершыню прымаў удзел у такой важнай дзяржаўнай справе, як выбары, і таму вырашыў не затрымлівацца з выкананнем галоўнага абавязку грамадзяніна Беларусі. Укінуў бюлетэнь і тут жа, як выбаршчык, які ўпершыню прагаласаваў, атрымаў віншаванне і падарунак ад старшыні выбарчай камісіі Аляксандра Малюжанца.
На ўсіх выбарчых участках, якія дзейнічалі ў Докшыцкай выбарчай акрузе № 22, у гэты дзень панавала ўрачыстая, святочная атмасфера: іграла музыка, на некаторых выступалі самадзейныя артысты, працавалі гандлёвыя кропкі. Выбаршчыкі актыўна выбіралі свайго дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, які ад іх імя будзе пісаць дзяржаўныя законы. Ужо бліжэй да абеду, калі колькасць тых, хто прагаласаваў, перавысіла 50 працэнтаў, стала зразумела, што выбары адбудуцца.
За іх ходам сачылі нацыянальныя і міжнародныя назіральнікі. Назіральнік ад СНД расіянка Людміла Сотнік, якая пабывала на 14 выбарчых участках, не заўважыла парушэнняў закона аб выбарах. Ёй спадабалася спакойная абстаноўка на выбарчых участках, разнастайны склад выбарчых камісій, дастатковая наглядная агітацыя.
Незалежны міжнародны назіральнік з Францыі Бернар Се наведаў некалькі выбарчых участкаў у Віцебску, Бешанковічах, прысутнічаў на Бягомльскім выбарчым участку № 6 пры ўскрыцці ўрнаў і падліку галасоў. Месье Се раней быў дэпутатам Нацыянальнай асамблеі Францыі, зараз з’ўляецца кіраўніком групы дружбы “Францыя-Беларусь” у рэгіёне Нор-Па-дэ-Кале. У інтэрв’ю нашаму карэспандэнту Бернар Се назваў выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. Яго ўразіла палітычная актыўнасць электарату, якая сведчыць аб пачуцці доўгу і патрыятызму беларусаў. Назіральніку спадабалася атмасфера свята, у якой праходзяць выбары, і гэта не адзінае, што, на яго думку, можа служыць прыкладам для Францыі ў час правядзення выбарчай кампаніі.
У выбарах па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 прынялі ўдзел 86,9 працэнта выбаршчыкаў. Большасць з іх (86,7 працэнта) аддалі галасы за кандыдатуру У.П. Андрэйчанкі.
Выбары парламента ў Беларусі прайшлі актыўна, у спакойнай атмасферы, і гэта лепшае сведчанне стабільнасці ў эканоміцы і ўпэўненасці грамадзян у сваёй будучыні.