Устаноўлены помнік протапрасвітару Віталію Баравому (+здымкі)
У аўторак у аграгарадку Параф’янава адбылася ўрачыстасць у памяць протапрасвітара Віталія Баравога. Ля мясцовай царквы св. Панцеляймона на вялікім камяні ўстаноўлены барэльеф нашага выдатнага земляка. Урачыстасць пачалася з літургіі, якую служыў благачынны Докшыцкай акругі Георгій Мялешка. Яму саслужваў настаяцель Георгіеўскай царквы вёскі Сітцы айцец Леанід Страха, настаяцелі іншых храмаў благачыння. Чаканай падзеяй стаў прыезд архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які асвяціў помнік (на здымку). Перад гэтым Яго Праасвяшчэнства адслужыў ліцію за спачын раба Божага Віталія, а напрыканцы цёпла і шчыра сказаў пра аднаго з самых выбітных клірыкаў Рускай Праваслаўнай царквы, вучням якога яму давялося быць падчас вучобы ў духоўнай акадэміі.
– На жыццё будучага протапрасвітара выпала нямала іспытаў, – адзначыў архіепіскап, – але ён іх пераносіў пакорна і з хрысціянскім гонарам. Надзелены многімі талентамі, усе іх скарыстаў на службу справе Царкве Хрыстовай. Яго служэнне праходзіла ў нялёгкіх умовах дзяржаўнага кантролю, але Гасподзь даў яму мужнасць, волю і сілы крочыць па аднойчы выбраным шляху. На працягу многіх гадоў айцец Віталій з’яўляўся актыўным удзельнікам мноства міжнародных і міжцаркоўных форумаў, дзе годна прадстаўляў Рускую Праваслаўную Царкву, наладжваў дыялог паміж ёй і грамадствам. Быў Настаўнікам для некалькіх пакаленняў будучых пастыраў. І мы, сённяшнія яго вучні, беражліва шануем памяць таго, хто заўсёды быў для нас яркім прыкладам вернасці свайму прызванню.
Сваёй ўвагай падзею ўшанаваў патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел. Яго пасланне прывезлі з Мінска прадстаўнікі брацтва ў імя Віленскіх Вялікапакутнікаў, якое існуе пры Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы ў Мінску. Менавіта гэтыя людзі па блаславенні мітрапаліта займаліся арганізацыяй устаноўкі помніка.
Ва ўрачыстасці прыняў удзел сын айца Віталія Расціслаў, яго стрыечныя сёстры. Расціслаў Баравы выказаў вялікую ўдзячнасць усім добрым людзям за памяць пра бацьку, які аддана служыў Царкве і Айчыне.
Тамара Альшэўская.