120 лет со дня рождения Героя Советского Союза, комиссара бригады «Железняк» Степана Манковича

Манкович Степан

13 мая спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча – аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашага земляка.

Сцяпан Сцяпанавіч нарадзіўся ў вёсцы Беразіно. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў на розных пасадах: старшынёй калгаса, загадчыкам хаты-чытальні, сакратаром партыйнай ячэйкі, старшынёй сельсавета, дырэктарам машынна-трактарнай станцыі. З 1939 года – сакратар Бягомльскага раённага камітэта КП(б)Б.

У пачатку вайны Сцяпан Манковіч быў пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы з гітлераўскімі акупантамі і правёў вялікую работу ў гэтым кірунку. З сакавіка 1942-га – у партызанах, з красавіка – камісар атрада. З верасня 1942 года па снежань 1943-га – камісар праслаўленай партызанскай брыгады «Жалязняк». Партызаны грамілі варожыя гарнізоны, вызвалялі населеныя пункты, знішчалі цягнікі, мосты, валасныя і жандарскія ўпраўленні. З-за актыўных дзеянняў народных мсціўцаў брыгады «Жалязняк» і іншых партызанскіх фарміраванняў у раёне Барысаўска-Бягомльскай зоны германскія войскі страчвалі сваю моц.

Асабістыя рэчы Сцяпана Манковіча, якія захоўваюцца ў Бягомльскім музеі народнай славы

Асабістыя рэчы Сцяпана Манковіча, якія захоўваюцца ў Бягомльскім музеі народнай славы

За ўзорнае выкананне ўрадавых заданняў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленую пры гэтым адвагу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года камісару брыгады «Жалязняк» Сцяпану Манковічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Пасля вайны знаходзіўся на савецкай і партыйнай рабоце ў Віцебскай вобласці. У 1947 годзе быў накіраваны ў Гомельскі абкам КП(б)Б на пасаду 2-га сакратара. У 1948-м узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Працаваў старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама і дырэктарам саўгаса ў Браслаўскім раёне. У 1965 годзе выйшаў на пенсію, жыў у Віцебску. Не стала Сцяпана Сцяпанавіча ў 1978 годзе. Памяць пра яго шчыра ўшаноўваецца на радзіме. Імя Сцяпана Манковіча носяць вуліца і сярэдняя школа ў Бягомлі.

З успамінаў Ніны Сычовай, дачкі Сцяпана Манковіча, пра паляванне фашыстаў на камісара:
“З устанаўленнем акупацыйнага рэжыму і з’яўленнем інфармацыі аб ролі і месцы знаходжання Манковіча ў Бедзіне (вёска, радзіма жонкі Манковіча. – Рэд.) прыйшла павестка з загадам з’явіцца для рэгістрацыі ў Бягомль. Бацька пайшоў на новае месца падпольнай работы ў вёску Домжарыцы, дзе ён працаваў яшчэ ў мірны час. Пошукі бацькі, за галаву якога давалі 20 тысяч нямецкіх марак і прапаноўвалі іншыя абяцанкі, не прынеслі поспеху, таму фашысты арыштавалі маму, Ефрасінню Мікітаўну Буяльскую, спадзеючыся такім чынам вылавіць Манковіча. На шчасце, дзявочае прозвішча і падрыхтаваная «легенда» выратавалі маму, яна вярнулася дадому. Праз некаторы час бацька забраў нас «у лес», як тады называлі партызанскія базы…”

З успамінаў Сцяпана Манковіча пра дзяцінства:
“Калі пачалася вайна з Японіяй, бацьку забралі на фронт. Думаючы пра тое, што муж не вернецца, маці ў памяць пра яго, калі я нарадзіўся, назвала мяне Сцяпанам. Так я стаў Сцяпанам Сцяпанавічам. Дзяцінства маё было непрывабным, як і ва ўсіх дзяцей беднага саслоўя ў вёсцы…
З вайны бацька вярнуўся. У сям’і было ўжо трое дзяцей: старэйшы Іван, які неўзабаве памёр, за ім Міхаіл і малодшы я. Бацька зноў заняўся сельскай гаспадаркай…
З самага дзяцінства ён прывучаў нас да работы. Вадзіў на сенажаць, дзе мы растрасалі пакосы, а калі сена падсохне, заграбалі, а бацька складваў у копы…”

Рэдакцыя выказвае ўдзячнасць супрацоўнікам Бягомльскага музея народнай славы за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Бягомльскага музея народнай славы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *