Докшиччина отпраздновала 80-летие Великой Победы
Безліч кветак да падножжа помнікаў і манументаў, шчырыя словы ад нашчадкаў і няўтойныя слёзы падзякі за права на мірнае жыццё, урачыстае шэсце калектываў і майскі вальс у квітнеючым горадзе. Так Докшыччына адзначыла юбілей Перамогі.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Бурдыка 9 мая знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы. Менавіта там са словамі віншавання і падарункамі Уладзіміра Васільевіча наведалі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Валянціна Рандарэвіч, а таксама старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Таляронак і старшыня Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Каляда.
На мінулым тыдні Докшыччына вітала Вялікае Свята – Дзень Перамогі. Не было ніводнага дня аж да самай юбілейнай пятніцы, на якую прыпала гэта знамянальная дата, каб у розных кутках раёна не праходзілі акцыі і мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Раніца 9 мая пачалася не менш сімвалічна: у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў райцэнтры быў адслужаны Падзячны малебен Госпаду Богу за дараванне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у набажэнстве прыняло кіраўніцтва раёна. Затым прадстаўнічая дэлегацыя, якую ўзначалілі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, накіравалася ў Бягомль. Менавіта са сталіцы партызанскага краю, як называюць гераічную Бягомльшчыну, узнагароджаную ў жніўні 2009 года вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, стартавалі ўрачыстыя мерапрыемствы юбілейнага мая 2025 года. На плошчу каля Дома культуры на мітынг “Званы памяці” сабраліся прадстаўнікі мясцовых працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі, старэйшыя жыхары Бягомля. Сярод ганаровых гасцей – ураджэнец Докшыччыны, генерал-маёр запасу, у мінулым начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Віктар Гулевіч.
Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся Валянціна Рандрарэвіч і старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч.
Затым кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыла Ганаровую грамату Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў за значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна ветэрану працы, былому дырэктару Бягомльскага музея народнай славы Уладзіміру Герасімёнку, які 1 мая адзначыў сваё 90-годдзе.
Мітынг нездарма быў арганізаваны на святым для кожнага месцы – каля Брацкай магілы. Хвіліна маўчання… 60 секунд непахіснай цішыні. Вочы долу, а сэрца з тымі, хто навечна ў нябёсах і назаўсёды ў памяці. І вось першыя кветкі кладуцца да Брацкай магілы, за імі яшчэ дзясяткі гваздзікоў і майскіх цюльпанаў. І нібыта спецыяльна гэты май такі халодны, каб чырвоныя прыгажуны не адцвілі да часу і дачакаліся Дня Перамогі.
Такое ж мора кветак і да падножжа манумента “Праклён фашызму” ў спаленай і не адноўленай разам з Азарцамі, Залатухамі і Баравымі Шунеўцы. Сумнае месца. Велічнае месца. Людзі крочаць у такт з набатам, вецер шапаціць у навакольных дрэвах, пералятаючы да рознакаляровай вяртушкі, якую разам з цацкамі хтосьці пакінуў каля калодзежа – месца жудаснага апошняга прыстанку мясцовай малечы. На памяць прыходзяць радкі А. Вярцінскага, якія кожны раз гучаць на гэтым месцы:
“Хацелі б сказаць мы вам
добрыя словы,
Ды вораг люты
пазбавіў нас мовы.
Не мы на сяле –
цені нашыя ходзяць.
Ні бачыць, ні чуць,
ні слова сказаць мы
Не ў стане… Мы попелам сталі…
Каб попелам не стала памяць пра цану Перамогі, сённяшняя Беларусь кожны раз ужо восем дзясяткаў гадоў нагадвае пра гэта нашчадкам, і не толькі ў дзень 9 Мая. У падзяку за мірнае жыццё збіраюцца штогод калектывы ў райцэнтры на ўрачыстае шэсце. І кожны раз яно праходзіць вельмі ўрачыста. Плячом да пляча побач дзеці і дарослыя. Тыя, хто перадае гістарычную праўду, і тыя, хто будзе рабіць гэта надалей. Калона рушыць па вуліцы Ленінскай. На душы светла, урачыста, хвалююча. На плошчы імя І.С. Палявога – урачысты мітынг памяці. Слова трымае кіраўнік раёна Сяргей Абірала:
– 9 Мая — гэта святая дата, якая аб’ядноўвае ўсе пакаленні беларусаў, сімвал доблесці і мужнасці нашага народа, бясконцага гонару за пакаленне пераможцаў і самаахвярнай любові да Радзімы. Мы ніколі не забудзем сапраўдны патрыятызм і самаахвярнасць воінаў-вызваліцеляў, знамянальную Перамогу справядлівасці над злом і гвалтам. 80 гадоў аддзяляе нас ад пераможнага мая 45-га. Нараджаюцца новыя пакаленні людзей, якія не ведаюць пра нягоды і жахі ваенных гадоў, але ў нашых сэрцах захоўваецца памяць пра подзвіг нашых прадзедаў, дзядоў і бацькоў.
Дзень Перамогі – сімвал гонару за тых, хто абараніў свабоду і незалежнасць Радзімы, сімвал мужнасці, велічы, сілы духу і волі нашага народа. Усведамляючы сябе нашчадкамі народа-пераможцы, мы павінны памятаць пра тое, што зараз нясём сваю долю адказнасці за лёс свайго раёна, свайго краю, сваёй краіны. Са святам, дарагія землякі! З Днём Перамогі!
Віктар Гулевіч гучна нагадвае землякам: “Менавіта нашы продкі здабылі Перамогу. На рэйхстагу ўсе надпісы толькі на рускай мове. І як бы хто ні імкнуўся перапісаць гісторыю, гістарычная памяць і праўда за нашым народам”.
Дзяржаўны гімн – завяршальны акорд мітынгу, а ўсіх дакшычан чакае прыгожы сюрпрыз. На пляцоўцы перад ККЗ “Іскра” выстройваюцца пары, і па наваколлі разліваецца вядомая ўсім мелодыя “Майскага вальса” – пачынаецца неверагоднае кружэнне пад “Помнит Вена,/ Помнят Альпы и Дунай/Тот цветущий /И поющий яркий май.”
“Майскі вальс” – савецкая песня аб Вялікай Айчыннай вайне, фіналіст тэлевізійнага фестывалю “Песня-85”. І руку да яе стварэння прыклалі беларусы. Аўтар музыкі — кампазітар Ігар Лучанок, аўтар слоў — Міхась Ясень. Упершыню прагучала ў эфіры 30 снежня 1985 года ў выкананні народнага артыста Беларусі, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Яраслава Еўдакімава пад акампанемент эстрадна-сімфанічнага аркестра ў Палацы спорту “Дынама” ў заключным канцэрце Усесаюзнага тэлевізійнага фестывалю савецкай песні “Песня года” 1985 года.
На такой узнёслай ноце прысутныя накіраваліся ў ККЗ “Іскра”, дзе ў фае працавала тэматычная выстава інсталяваных пляцовак “Тэрыторыя памяці”. Свае экспанаты для выставы прадаставіла і 19-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада, якая дыслакуецца ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна.
Апоўдні на галоўнай сцэне райцэнтра можна было паглядзець відовішчную тэатралізаваную праграму. Моц пастаноўкі нумароў і аддача мясцовых творчых калектываў і артыстаў не маглі не выклікаць захапленне і апладысменты прысутных.
Наталля СТАШЭВІЧ.