Узнали, как будет организована летняя занятость детей и подростков в Докшицком районе

Ситцевская СШ. Трудовая практика на пришкольном участке

Ситцевская СШ. 

Канікулы! Самы раз даведацца пра планы дарослых на карысны дзіцячы адпачынак. Размова з гэтай нагоды – з галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі райвыканкама Аленай  Кучыц.

Кучиц Елена– Алена Аляксандраўна, штогод ва ўстановах адукацыі раёна праводзіцца маштабная работа па максімальнай летняй занятасці навучэнцаў. Наколькі поўна ўдасца ахапіць дзіцячую аўдыторыю сёлета?

– Мяркуецца, што агульная занятасць складзе 94,6 працэнта, астатнія 5,4 працэнта непаўналетніх будуць знаходзіцца дома – па прычыне хваробы, аддаленасці населеных пунктаў, у якіх яны пражываюць, ці па жаданні бацькоў.

– Як будзе праходзіць аздараўленне?

– Па традыцыі на базе ўстаноў адукацыі адкрыюцца выхаваўча-аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання – запланаваны адпачынак 521 дзіцяці. Лагеры з кругласутачным знаходжаннем абрала каля 500 дзяцей: палатачныя – 75, лагеры працы і адпачынку – 24, «Бярозку» – 380 (столькі паступіла заявак). У спартыўна-аздараўленчым лагеры «Алімпіец» адпачне 105 чалавек. А ў цэлым аздараўленнем будзе ахоплена 46 працэнтаў навучэнцаў.

– Звычайна на канікулах многія падлеткі імкнуцца працаўладкавацца. Што вядома наконт цяперашняга лета?

– Да працы прыступяць 80 працэнтаў навучэнцаў!
Будзе арганізавана другасная занятасць моладзі праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Згодна з заключанымі дагаворамі, прадоўжыцца рамонт школьнай мэблі – гэтай работай зоймуцца 48 вучняў.
Яшчэ 320 чалавек увайшлі ў брыгады па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі. Вучні 5–8 класаў павінны прайсці працоўную практыку на прышкольных участках.
Акрамя гэтага, 57 старшакласнікаў з дзевяці ўстаноў адукацыі збіраюцца індывідуальна працаўладкавацца ў гаспадаркі і на прадпрыемствы раёна: ААТ «Таргуны», ДП «АграСітцы», Бягомльскі лясгас, КУП «Докшыцкі», ВУ «Віцебскторф», ААТ «Барсучанка» і інш.

– Прыемна адзначыць, што школьнікі і летам працягваюць удзел у працоўных дэсантах. Не дзеля заробку, а па поклічы сэрца…

– Так, восем цімураўскіх атрадаў – 126 навучэнцаў 4–8 класаў – і 90 валанцёраў з васьмі ўстаноў адукацыі будуць задзейнічаны ў акцыях па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў савецкіх салдат, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў і абеліскаў, у дабрачыннай акцыі «Адзінокіх людзей не бывае». Валанцёрскія атрады Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова, Сітцаўскай СШ, Бярозкаўскай БШ – усяго 36 чалавек – прадоўжаць аказанне пасільнай дапамогі пажылым грамадзянам аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, бальніцы сястрынскага догляду па месцы жыхарства.

– Якая выхаваўчая работа намечана на час канікул?

– Адбудзецца больш за 70 экскурсійных паездак: у мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Прарыў», «Шунеўка», Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш. А таксама каля 40 аднадзённых паходаў па родных мясцінах, месцах баявой славы, тры двухдзённыя паходы. У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі прадоўжаць працаваць аб’яднанні па інтарэсах з пераменным складам.
Да паслуг дзяцей школьныя стадыёны, спартыўныя залы, клубныя фарміраванні на базе Дамоў культуры. Ва ўстановах культуры запланаваны дзіцячыя і падлеткавыя тэматычныя дыскатэкі, вечары адпачынку, гульнявыя і забаўляльныя праграмы. Школьнікаў запросяць на раённыя масавыя мерапрыемствы: турысцкія злёты, разнастайныя святы.
У той жа час навучэнцы стануць удзельнікамі рэспубліканскіх конкурсаў «Праз мінулае ў сучаснасць», «Па старонках дзённіка вандроўніка», «Гісторыя Перамогі ў асобах», «Юны натураліст», «Упрыгожым Беларусь кветкамі», Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў «Сцяжынкамі Бацькаўшчыны».
Адзначу, што асаблівая ўвага пры арганізацыі летняй кампаніі надаецца падлеткам, якія знаходзяцца на розных відах уліку. У прыватнасці, непаўналетнія будуць прыцягнуты да мерапрыемстваў сацыяльнага праекта «Крок наперад», які рэалізуецца ў раёне.

– Дзякуй за інтэрв’ю.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *