В Инженерно-техническом центре СШ № 1 г. Докшицы прошел семинар-совещание
У Інжынерна-тэхнічным цэнтры, адкрытым у канцы мінулага года ў СШ № 1 г. Докшыцы, адбыўся семінар-нарада з удзелам педагогаў і дзяцей установы, прадстаўнікоў вучэбна-метадычнага кабінета, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Дырэктар СШ № 1 г. Докшыцы Іван Шкелка расказаў аб дзейнасці цэнтра, які на дадзеным этапе мае значэнне раённага, яго тэхнічным абсталяванні і дасягненнях вучняў. Галоўныя мэты стварэння структуры – канцэнтрацыя рэсурсаў для фарміравання прыродазнаўча-матэматычнага і інжынернага мыслення навучэнцаў, прыцягненне іх да тэхнічнай творчасці з дапамогай праектнай дзейнасці, выпрацоўка матывацыі да атрымання інжынерных спецыяльнасцей. Школьнікі займаюцца робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, праграмаваннем, схематэхнікай, даследчай работай.
У цэнтры сучаснае аснашчэнне: два 3D-прынтэры, сем ноўтбукаў, робататэхнічнае абсталяванне “ROBBO” (па сем лабараторый і робаплатформ), сем набораў “Схематэхніка” і столькі ж робататэхнічных канструктараў «Kazi EV6». Сёлета чакаецца закупка новых камп’ютараў за бюджэтныя сродкі. Яшчэ неабходна набыць стэнды і мэблю – сталы і шафы.
Настаўнік інфарматыкі Анатоль Стадольнік разам са сваімі выхаванцамі пазнаёмілі прысутных з робататэхнічнымі праектамі, якімі яны займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах. Прадэманстравалі выкарыстанне 3D-прынтэра і ўручылі гасцям сувеніры, надрукаваныя з яго дапамогай. Вучні Анатоля Юльянавіча, пачынаючы з 2021 года, заваявалі 97 дыпломаў у разнастайных конкурсах гэтага кірунку.
Наогул у школе арганізаваны факультатыўныя заняткі “Вывучэнне асноў робататэхнікі (на прыкладзе камплектаў Robbo)” для вучняў 2–6 класаў, «Асновы 3D-мадэлявання» ў 8 класе, аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка з WEDO 2.0”, “RoboScratch”, “РОББО Схематэхніка”, рэалізуецца праект “Разумны горад”.
На базе цэнтра плануецца адкрыць інжынерна-тэхнічныя класы.
Спецыялісты раёна, якія прысутнічалі на сустрэчы, адзначылі запал дзяцей на занятках любімай справай і пажадалі ім далейшых поспехаў. Разам з тым было абмеркавана пытанне супрацоўніцтва цэнтра з прадпрыемствамі і арганізацыямі з намерам прафарыентацыйнай работы, правядзення практычных заняткаў і г. д.
Арына АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.