Теперь и на китайском… В музее СШ № 1 г. Докшицы имени Героя Советского Союза И.С. Полевого проводят экскурсии на трех языках

Данііл Маргун праводзіць чарговую экскурсію для гасцей школы.

Данііл Маргун праводзіць чарговую экскурсію для гасцей школы.

У пачатку мая рашэннем райвыканкама сярэдняй школе № 1 г. Докшыцы вернута імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога. 

А школьны музей, які таксама носіць імя мужнага лётчыка, зараз прапаноўвае экскурсіі не толькі на рускай і беларускай мовах, але і… на кітайскай!

Іван Сцяпанавіч Палявой – славуты савецкі лётчык, які самаахвярна змагаўся з нямецкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яго самалёт пацярпеў крушэнне ў 1944 годзе на Докшыччыне – каля вёскі Малажане. Разам з Палявым загінулі штурман Васілій Ніцай і стралок-радыст Сямён Шумкоў. Членаў экіпажа пахавалі паблізу месца авіякатастрофы, а ў 1962 годзе перапахавалі ў Брацкай магіле ў нашым раённым цэнтры.

У 1964-м дырэктар Докшыцкай СШ Уладзімір Паруль, былы камісар аднаго з партызанскіх атрадаў, разам з паплечнікамі пачаў збор інфармацыі пра Палявога і яго полк. У тым жа годзе школе, вуліцы і плошчы горада было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза.

Але з цягам часу ганаровы дадатак “імя…” ў сілу некаторых абставін быў страчаны. А ў апошнія гады, асабліва калі з боку замежных дзяржаў пачасціліся спробы перайначыць гістарычную праўду ў адносінах да цаны Вялікай Перамогі, школа вяла мэтанакіраваную работу па вяртанні імені героя. І вось нарэшце справядлівасць адноўлена!

У школьным музеі аформлены тры экспазіцыі, прысвечаныя Івану Палявому. Таксама размяшчаюцца іншыя экспанаты, звязаныя з вайной. Тут праводзяцца музейныя заняткі і экскурсіі, у тым ліку для вучняў іншых школ.

Кіруе дзейнасцю музея малады настаўнік гісторыі Данііл Маргун. Ён паведаміў, што з кожным годам музейны фонд папаўняецца. Напрыклад, летась з расійскага архіва даслалі копіі асабістай справы І.С. Палявога.

Сам Данііл Канстанцінавіч захапляецца вывучэннем замежных моў, сярод якіх і кітайская. Дапамагае школьнікам асвоіць яе азы на платнай аснове. Больш за тое, на гэтай мове гатовы праводзіць экскурсіі ў музеі – былі б жадаючыя. А ў будучым марыць падрыхтаваць відэаматэрыялы для віртуальных экскурсій. Бо чым больш шырока будзе асвятляцца тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тым больш шанцаў не дапусціць паўтарэння трагедыі.

Па словах дырэктара школы Івана Шкелкі, урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар І.С. Палявога запланавана на жнівень і будзе прымеркавана да свята горада.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *