Качество дорог и ассортимент товаров. День Березковского сельсовета прошел в Докшицком районе
Якасць дарог і асартымент тавараў. Гэтыя і іншыя пытанні турбавалі вяскоўцаў падчас правядзення дня Бярозкаўскага сельсавета, які прайшоў пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч. Удзел у ім прынялі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч:
– Не трэба чакаць правядзення дня сельсавета. Парадак у населеных пунктах, каля сваіх сядзіб неабходна наводзіць загадзя. У першую чаргу абкошваць землі агульнага карыстання, тэрыторыі каля пустых хат – не раз у год, а па магчымасці часцей.
На тэрыторыі Бярозкаўскага сельсавета знаходзяцца бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй і Вітуніцкі ФАП, ёсць ложкі дзённага стацыянара. Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ў 27 вёсках ажыццяўляюць аўтакрамы спажывецкай кааперацыі. Працуюць таксама дзве стацыянарныя крамы. Кожны тыдзень сваю прадукцыю прывозіць Докшыцкі хлебазавод. Прадукты можна набыць і ў паштовых аддзяленнях. У ліпені ў аграгарадку Бярозкі плануецца адкрыццё новай крамы “Баравое” аднайменнага санаторыя.
Перш чым заслухаць справаздачу пра тое, што зроблена на тэрыторыі сельсавета па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, былі падведзены вынікі прыёмаў грамадзян, арганізаваных у вёсках.
У аграгарадку Бярозкі звароты выслухаў кіраўнік раёна. Там мясцовая жыхарка падзякавала за асфальтаванне ўчастка дарогі Бярозкі – Вітунічы і разам з тым папрасіла пакласці асфальт ад Краснікаў да Кромавіч.
– Дзяржаўная праграма “Дарогі Беларусі” і надалей будзе рэалізоўвацца ў нашым раёне, – запэўніў Сяргей Уладзіміравіч.
З жыхарамі вёскі Вітунічы сустрэўся дэпутат Анатолій Сіўко. Вяскоўцы ўзнялі актуальнае пытанне – падключэнне да электраацяплення дамоў на вуліцах Азёрная і Паштовая.
– У населеным пункце не праведзены прыродны газ. Таму, калі людзі жадаюць абагравацца электрычнасцю, неабходна прадумаць найбольш удалы варыянт, як гэта зрабіць, – сказаў Анатолій Віктаравіч. – Магчыма, спатрэбіцца рэканструкцыя трансфарматарнай падстанцыі. Пытанне трэба вывучыць кіраўніцтву РЭС і прыняць адпаведнае рашэнне.
Пра недастатковы асартыментны пералік тавараў у аўтакрамах філіяла аблспажыўтаварыства вяскоўцы гаварылі ў Кромавічах, Чысцях Вардамскіх, Вілейцы, Шклянцах, Янове і Кемешаўцах. А вось абслугоўваннем крамай на колах, што працуе ад хлебазавода, людзі наадварот, задаволены.
У Новай Вілейцы прасілі абкасіць тэрыторыю вакол вёскі, у Асінавіку – зрэзаць аварыйныя дрэвы на могілках, у Забар’і – правесці ямкавы рамонт вуліцы Лясной, а ў Трацэўшчыне – наладзіць вулічнае асвятленне. У вёсцы Янова дзякавалі сацыяльнаму работніку.
Пасля аналізу зваротаў, якія паступілі падчас прыёмаў грамадзян, была заслухана інфармацыя пра тое, як у сельсавеце вырашаюцца пытанні жыццязабеспячэння насельніцтва.
– Пытанні вулічнага асвятлення, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, забеспячэння палівам вырашаем у рабочым парадку са спецыялізаванымі арганізацыямі, – паведаміла старшыня Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская. – Адна з актуальных тэм – утрыманне вулічна-дарожнай сеткі. У маі работнікі дарожнай службы заасфальтавалі тры кіламетры палатна ад Бярозак да Шыленцаў. Камунальнікі падсыпалі вуліцы ў Мацееўцах, Запаллі, Чысцях Мільчанскіх і Вардамскіх, а таксама праезд паміж Школьнай і Палявой у аграгарадку.
На тэрыторыі сельсавета налічваецца 719 домаўладанняў. Пастаянна людзі жывуць у 268, для сезоннага пражывання выкарыстоўваецца 305 дамоў. З пачатку года за кошт бюджэтных сродкаў, а таксама ўласнікам былі разабраны тры пустыя хаты ў вёсках Вітунічы, Першы Май і Кромавічы. Але ёсць некалькі прыкладаў, калі безгаспадарчыя хаты не зносяць, а купляюць. Так, у мінулым годзе за базавую велічыню яны былі набыты ў Дубраўцы, Вілейцы і Вітунічах. Новыя гаспадары ўжо прыступілі да навядзення парадку.
Утрымліваць у належным стане населеныя пункты па-ранейшаму дапамагаюць мясцовыя арганізацыі, а таксама тыя, што знаходзяцца ў райцэнтры. Напрыклад, меліяратары выдзелілі тэхніку для абкошвання тэрыторый у вёсках Вешкі і Чысці Мільчанскія. Работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях дэманціравалі старую агароджу ў Забар’і і разабралі трухлявую пабудову ў Маладзееве.
Адзін з першых памочнікаў сельвыканкама – калектыў Бярозкаўскай школы. Акрамя навядзення парадку каля воінскіх пахаванняў і помнікаў, работнікі ўстановы перыядычна абкошваюць землі агульнага карыстання ў вёсцы Грабяні.
Лясніцтвы – Бярозкаўскае і Вітуніцкае – даглядаюць дэндрапарк на вуліцы Школьнай, сажаюць дрэвы, падтрымліваюць парадак каля воінскіх пахаванняў у Жамойску і ва ўрочышчы “Калюга”.
На абкошванне зямельных участкаў, а таксама каля пустых хат выязджалі энергазбыт і энергагазнагляд. Гэту работу правялі ў вёсках Кемешаўцы, Мацееўцы і Запалле.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.