«Главный ресурс экономики — люди,» — уверена экономист санатория «Боровое» Юлия Кутько
Сёння — Дзень эканаміста
Эканаміст санаторыя “Баравое” Юлія Куцько за шматгадовую добрасумленную працу і ўзорнае выкананне абавязкаў, а таксама за значны асабісты ўклад у развіццё санаторна-курортнага лячэння была ўзнагароджана Падзякай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Напярэдадні Дня эканаміста, які адзначаецца 30 чэрвеня, карэспандэнт “РВ” пагутарыла з вопытным спецыялістам пра выбар справы жыцця і галоўныя складальнікі паспяховасці любога прадпрыемства.
Паважаныя чытачы, згадзіцеся: гледзячы на гэту маладую абаяльную жанчыну, цяжка ўявіць, што ў прафесіі яна больш за два дзесяцігоддзі.
Тым не менш гэта факт. Дарэчы, пра тое, што звяжа сваё жыццё са светам лічбаў і сістэмай разлікаў, Юлія Мікалаеўна, а тады яшчэ дзяўчынка Юлечка, ведала з дзяцінства. Чаму? Уся справа ў прафесіі матулі. Наша гераіня нарадзілася ў вёсцы Пугачова на Бягомльшчыне. Яе маці Ларыса Лаўрэнцьеўна працавала бухгалтарам, у тым ліку і галоўным, у мясцовай гаспадарцы. А дзе праводзяць час дзеці бухгалтара ў моманты бясконцых справаздач, “палаючых” дат і цякучага дакументаабароту? Правільна, за суседнім столікам, асвойваючы лічыльнікі і размалёўваючы чарнавікі.
– Калі наша матуля заседжавалася за чарговымі разлікамі, мы з сястрой, прафесія якой таксама звязана з лічбамі, зачаравана назіралі за тым, як скрупулёзна яна займаецца гэтай справай, як дакладна, крок за крокам, апрацоўвае кожную справаздачу, як радуецца, калі памылку ў разліках удаецца знайсці хутка, – дзеліцца Юлія Мікалаеўна. – А паралельна матуля тлумачыла нам, што за кожнай лічбай тояцца чалавечая праца і тыя паказчыкі, з якіх будзе падсумоўвацца дабрабыт прадпрыемства. Дарэчы, гэта думка дапамагае мне і зараз, калі вочы баляць ад мільгацення манітора камп’ютара, а разлікі, бывае, “не ідуць” з першага разу. Думаю пра тое, што за імі камфорт і дабрабыт нашых адпачываючых і працоўнага калектыву. Эканамічны сектар працуе ў цеснай узаемасувязі з іншымі падраздзяленнямі санаторыя. Разам мы распрацоўваем новыя праграмы для гасцей, падсумоўваем іх эканамічную эфектыўнасць, сочым за тым, каб яны былі запатрабаваныя.
Наша гераіня прызнаецца, што паспяхова працаваць у сферы санаторна-аздараўленчых паслуг ёй дапамагло тое, што з самага пачатку сваёй дзейнасці яна ніколі не ленавалася вучыцца ў старэйшых калег, з прагай новых ведаў адпраўлялася на курсы, наладжвала сяброўскія чалавечыя адносіны з вопытнымі спецыялістамі з іншых здраўніц, да якіх можна было звярнуцца за парадай.
Няпросты час перажыла сфера паслуг у часы пандэміі, але кіраўніцтву санаторыя ўдалося захаваць калектыў, распрацаваць новыя аздараўленчыя праграмы. Пры гэтым укладваліся сродкі ў абнаўленне інфраструктуры здраўніцы.
– Моцнай эканоміцы садзейнічаюць такія фактары як эфектыўнасць і рэсурсы. Запаўняльнасць нашага санаторыя на добрым узроўні, ахоп лячэбна-аздараўленчымі працэдурамі вельмі дастойны, ну а галоўны рэсурс эканомікі – гэта людзі, – разважае вопытны эканаміст Юлія Куцько. – У нас няма цякучкі кадраў, выдатныя спецыялісты, дастойны заробак, а значыць кірунак выбраны правільна. Ганаруся тым, што працую ў такой моцнай арганізацыі, са сваімі традыцыямі, важкім сацыяльным пакетам і надзейным калектывам.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.