Траву — скосить, ограждение — покрасить. Изменения в правилах благоустройства прокомментировали в отделе ЖКХ Докшицкого райиспокома
У Беларусі ўнесены змены ў правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 16 мая 2025 года № 267. Дакумент быў распрацаваны для таго, каб аб’яднаць намаганні дзяржавы, арганізацый усіх форм уласнасці і грамадзян для навядзення парадку на зямлі, а таксама палепшыць экалогію і сфарміраваць эстэтыку населеных пунктаў на ўсёй тэрыторыі краіны.
Пастанова ўтрымлівае канкрэтныя патрабаванні для забеспячэння належнага ўтрымання земляў агульнага карыстання, участкаў, якія былі прадастаўлены для абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і тэрыторый, замацаваных за грамадзянамі і суб’ектамі гаспадарання.
Падрабязней пра змены ў правілах добраўпарадкавання расказала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Клігус.
Трава, вышэйшая за 20 сантыметраў, – штраф?
– У адпаведнасці з новымі правіламі, уладальнікі прыватных дамоў і зямельных участкаў абавязаны падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане будынкі, гаспадарчыя пабудовы, альтанкі, лаўкі і агароджы, – звяртае ўвагу Таццяна Мікалаеўна. – У тым ліку фарбаваць іх і рамантаваць. Калі канструкцыі дэфарміраваліся альбо былі пашкоджаны некаторыя іх элементы, – замяняць на новыя.
Часта гаспадары ў сваіх дварах захоўваюць будаўнічыя матэрыял. Дык вось, яны павінны быць акуратна складзены. Акрамя гэтага, неабходна абкошваць траву, калі яе вышыня больш за дваццаць сантыметраў. Зразумела, што на тэрыторыі не павінна быць смецця і сухой расліннасці.
Правілы пасадкі
– Дакументам ўводзяцца новыя правілы пасадкі дрэў і кустоў каля сумежных участкаў, – працягвае Таццяна Клігус. – Так, высокае дрэва, якое ў дарослым стане дасягае больш за тры метры, можна саджаць ад мяжы на адлегласці не менш як тры метры. Сярэднярослае, гэта значыць да трох метраў, – не менш за два, а нізкарослае, якое ў будучым вырасце не большым за два метры, – не менш за метр.
Чысцім снег
Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца ўладальнікаў аўтамабіляў. Калі яны паркуюцца ў дварах дамоў, якія адносяцца да земляў агульнага карыстання, то яны абавязаны своечасова прыбіраць тэрыторыю ад снегу ў радыусе не менш за метр ад пакінутага аўто. Гэта правіла распаўсюджваецца як на звычайных уласнікаў транспартных сродкаў, так і на юрыдычных асоб.
Функцый стала больш
Пашырыліся функцыі ў камунальнай службы, якая ў тым ліку займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем. У яе абавязкі ўваходзіць устаноўка і рамонт архітэктурных форм, дзіцячых, спартыўных пляцовак. Таксама абуладкаванне і ўтрыманне кветнікаў, уборка скошанай травы і лісця з тэрыторый азелянення.
Санкцыі для парушальніка
За незахаванне ўсіх пералічаных правіл прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Фізічным асобам пагражае штраф да 25 базавых велічынь (да 1050 рублёў). Індывідуальныя прадпрымальнікі рызыкуюць атрымаць ад 10 да 50 базавых велічынь (420 – 2100 рублёў), а юрыдычныя асобы – ад 20 да 100 базавых велічынь (840 – 4200 рублёў).
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота з адкрытых крыніц.