О пользе спелеотерапии рассказала медсестра санатория «Боровое» Наталья Рословцева

IMG_2291 с

Падзяка старшыні райвыканкама на ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята была ўручана медыцынскай сястры па фізіятэрапіі ДУ “Санаторый “Баравое” Наталлі Рослаўцавай.

Для Наталлі Іосіфаўны здраўніца – адзінае працоўнае месца, якому яна не здраджвае вось ужо 27 гадоў. Дакшычанка з дыпломам аб заканчэнні Віцебскага медыцынскага вучылішча на працу вярнулася ў родны раён, дзе склаўся яе асабісты і прафесійны лёс. Дадаткова атрымала спецыяльнасць масажыста, таму першыя дзесяць гадоў работы ў санаторыі прысвяціла маленькім адпачываючым, а дакладней дзіцячаму масажу. Справа ў тым, што працяглы час пэўная частка нумарнога фонду ўстановы была разлічана на прыём, аздараўленне і рэабілітацыю дзяцей з забруджаных рэгіёнаў. Вядома, што работа спецыяліста па дзіцячым масажы вельмі запатрабаваная і сацыяльна значная. Наталля Іосіфаўна валодала рознымі тэхнікамі, адаптаванымі пад узрост і накіраванымі на галоўную задачу – паляпшэнне фізічнага стану дзіцяці, яго рэабілітацыі пасля захворванняў, а таксама фарміраванне правільнага развіцця апорна-рухальнага апарата.

У 2005 годзе дзіцячае аддзяленне перастала дзейнічаць, і Наталля Рослаўцава прыняла іншы ўчастак работы. Зараз гэта абаяльная жанчына, высакакласны спецыяліст адказвае за вельмі папулярны і запатрабаваны кірунак – галатэрапію.

– Спелеатэрапія – гэта адзін з найстаражытных аэратэрапеўтычных метадаў лячэння, – расказвае Наталля Іосіфаўна, – гэта немедыкаментозная працэдура заснавана на ўжыванні штучнага мікраклімату, блізкага па параметрах да ўмоў падземных саляных спелеалячэбніц. Наша галакамера асабліва запатрабавана сярод адпачываючых, якія цяжка хварэлі ў пандэмію. Вельмі добра праходзіць сеансы дзецям. Урачы рэкамендуюць такую працэдуру ўсім, хто пакутуе на бранхіяльную астму, хранічны бранхіт, алергічны рыніт, а таксама людзям з захворваннямі скуры: нейрадэрмітам, экзэмай і псарыязам. На карысць спелеалячэнне і ў прафілактычных мэтах: паляпшаецца сон, здымаецца раздражняльнасць і стомленасць. Ведаеце, колькі ні назіраю за наведвальнікамі, заўсёды заўважаю, што ўжо пасля першай працэдуры з салянай пячоры яны выходзяць у іншым настроі. Ну а тое, што рабочы дзень распісаны літаральна па хвілінах, яшчэ раз даказвае, што працэдура запатрабаваная і вельмі карысная.

photo_2025-06-13_09-44-28– Наталля Іосіфаўна – вопытны супрацоўнік і тактоўны чалавек, – адзначае галоўная медсястра санаторыя “Баравое” Людміла Чыграй. – Увогуле, кожны з сарака прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу, знаходзіцца, як кажуць, на сваім месцы. Работа з людзьмі, якія прыехалі за адпачынкам і аздараўленнем 24/7 на абмежаванай тэрыторыі патрабуе вялікіх прафесійных навыкаў і не дае права прыносіць асабістыя перажыванні ці дрэнны настрой у рабочы кабінет. Але з гэтай задачай усе спраўляюцца на выдатна. Карыстаючыся выпадкам, дазвольце напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў павіншаваць нашых урачоў, сярэдні медперсанал, усіх супрацоўнікаў “Баравога” і нашых калег з усяго раёна са святам. Здароўя, дабрабыту і мірнага неба.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *