Ода жизни ветерана Великой Отечественной войны Владимира Бурдыко
Вайна… Жорсткае слова. Колькі гора і пакут, скалечаных лёсаў тоіць яно ў сабе. Праз чалавечыя лёсы раскрываецца трагедыя вайны. Людзі, якія перажылі вайну, сапраўдныя героі. Іх шмат! У кожнай сям’і, у кожным доме ёсць тыя, успаміны пра каго перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нам пашанцавала. Мы маем жывога сведку тых страшных падзей – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Васільевіча Бурдыку, кожная сустрэча з якім – свята.
“Вайна нікога не робіць шчаслівым”, – адзначае Уладзімір Васільевіч. Яго дзяцінства скончылася вельмі рана. “Бачыў, як палыхае родная вёска Замошша, што пад Ушачамі. Неведомасць. Версія, што родныя разам з іншымі палоннымі будуць працаваць ў Германіі, стала надзеяй, што сям’я ўсё ж жывая. Не было б страшнейшай праўды…”
Уладзімір Васільевіч не любіць размовы пра смерць. Ён спявае оду жыццю. Можа, таму і кашчавая, што колькі разоў дыхала ў спіну, прызнавала сваё паражэнне і адступалася. “О, як прагна хацелася жыць, калі лютаўскім марозам ішоў праз заснежаны лес з надзеяй знайсці партызанаў! Якая там вопратка пасля пажару? Блукаў тры дні і ўсё ж знайшоў!” Пятнаццацігадовага хлопца залічылі ў атрад імя Даватара партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, які базіраваўся ў Лепельска-Полацкай зоне. Там вучыўся спраўляцца са зброяй, валодаць нажом. Шустрага хлопца накіроўвалі ў разведку, на розныя заданні, неаднаразова ён прымаў удзел у баях. Самым значным момантам партызанскага жыцця была аперацыя “Прарыў” непадалёку ад Ушач. Уратаваўся і ад разгневаных немцаў, што зрабілі аблаву за дыверсію на чыгунцы. Гналіся 12 кіламетраў… Напярэданні Уладзімір з таварышамі амаль тры дні поўз па сырой, раскіслай восеньскай зямлі, каб усталяваць міну пад цягнік з нямецкай тэхнікай, зброяй і снарадамі. Невядома, колькі жыццяў землякоў было б загублена, калі б той цягнік не пайшоў пад адкос.
Падчас вызвалення Беларусі партызанскі атрад з’яднаўся з Савецкай арміяй. У 1944 годзе юнака направілі дадому: гадоў малавата. Але Уладзімір адразу накіраваўся ў ваенкамат. Выпадкова пачуў, як лаецца ў тэлефоннай размове маёр. Былы вайсковец, са скалечанай рукой, таксама рваўся на фронт, а тут перад ім малалетні “ордэнаносец!”, што з ім рабіць?! Але, разумеючы, што хлопец не адступіцца, па-бацькоўску, сказаў: будуць ісці артылерысты – гэта твой шлях на фронт. Так Уладзімір трапіў у артылерыю, дзе яму выдалі салдацкую форму, улічылі партызанскія заслугі і прызначылі трэцім падносчыкам снарадаў. Праходзіў з баямі па тэрыторыі Беларусі, потым Нямеччыны. На ўсходзе Германіі яго знайшлі пад насыпам зямлі амаль абяскроўленага. І тым не менш, чарговае спатканне са смерцю скончылася безвынікова. Маладосць і прага да жыцця пераважылі. Вайну закончыў у якасці артылерыста.
І сёння Уладзімір Васільевіч ахвотна дзеліцца сваімі жыццёвымі правіламі: “Будзь напаўгалодным, напаўхалодным, не прывыкай да залішняга камфорту. Любі сваю сям’ю, бацькоў, сваю зямлю. І абавязкова любі сябе. Чалавек, які любіць сябе, не дазволіць сваёй душы здзейсніць дрэнны ўчынак. Калі любая справа будзе напоўнена любоўю, людзям не патрэбна будзе ваяваць…”
Ірына ТРАНЧЭЎСКАЯ,
член прафпярвічкі Сітцаўскай СШ.