Семейный альбом расскажет много интересного, уверена ученица Ситцевской СШ Анастасия Зайцева

IMG-850f6e с

Цімафей Зайцаў.

Вы любіце канікулы? Я вельмі. І не таму, што не трэба рана ўставаць, хадзіць у школу, выконваць дамашнія заданні, а таму, што можна цэлы тыдзень правесці разам са стрыечнымі братамі і сёстрамі ў бабулі Зіны, татавай мамы. Там у нас свой рэжым дня. Раніцай бабуля частуе нас смачнымі блінамі, днём мы бавім час на свежым паветры: гуляем, дапамагаем наводзіць парадак у двары, карміць коз. А вечарам пачынаецца самае цікавае. Мы дастаём сямейны фотаальбом, уладкоўваемся на канапе, і дзякуючы бабулі фотаздымкі ажываюць.

…Вось і зараз на нас глядзіць прыгожы малады чырвонаармеец. Гэта мой прадзядуля Цімафей.

Нарадзіліся браты-блізняты Цімох і Андрэй у 1922 годзе на хутары непадалёку ад вёскі Падгор’е, што на Магілёўшчыне. Спачатку тры гады вучыліся ў Магілёве, а затым працягвалі вучобу ў Грабянёўскай школе, дзе закончылі восем класаў.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Магілёўскі раённы ваенкамат быў перанесены ў вёску Вейна. Адтуль 13 ліпеня 1941 года і пайшлі на фронт браты.

Былі сфарміраваны дзве групы. Першую групу разбіў нямецкі дэсант пад Чавусамі. Другую, у якой былі Андрэй і Цімафей, направілі на Слаўгарад, а затым у Перм. Там хлопцы вучыліся ваеннай справе. А пасля ўсіх адправілі на фронт, акрамя Цімафея. Прадзядуля ўмеў кіраваць трактарам, таму яго пакінулі ўбіраць збожжа. Так назаўсёды разлучыліся браты-блізняты. Андрэй загінуў. А Цімафей удзельнічаў у абароне Масквы, быў паранены, лячыўся ў шпіталі. Затым быў накіраваны на Курскую дугу. Вызваляў Гомельшчыну, удзельнічаў у аперацыі “Баграціён”. Зноў быў ранены ў правую нагу і накіраваны ў шпіталь у Кіраваград.

Дакументы сведчаць: “Красноармеец Зайцев, будучи в должности стрелка 94 стрелкового полка 354 стрелковой дивизии 3 армии Западного фронта, принимал активное участие в боях с немецкими захватчиками с 17.06.42 года по 26.09.43 года и в бою под городом Гомель получил тяжелое ранение в правую ногу. В результате ранения правая нога препятствует быстрому передвижению…”

Цімафей Фёдаравіч Зайцаў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, медалямі Жукава і “За адвагу”, ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеней.

Вярнуўся прадзядуля з Вялікай Айчыннай вайны інвалідам ІІІ групы.

…А на гэтым фотаздымку – малады сур’ёзны мужчына. Гэта прадзядуля Цімафей у мірны час. Пасля вайны ён працаваў трактарыстам у ДЭУ-128 на радзіме, затым механікам ва ўпраўленні механізацыі па рамонце тэхнікі, брыгадзірам трактарнай брыгады ў саўгасе “Радзіма”.

…На наступнай старонцы фотаздымкі шчаслівага бацькі са сваімі сынамі Толем, Віцем і Слаўкам. А вось тут абступілі дзядулю ўнукі, сярод якіх і мой тата.

…Увагу ўсіх прыцягнуў фотаздымак, на якім мой прадзядуля ў двары свайго дома ў вёсцы Зімніца Магілёўскага раёна ля “запарожца”, што яму далі як інваліду Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, кожны месяц бясплатна давалі і бензін. Гэта машына і сёння на хаду. Калі мы былі на радзіме дзядулі, тата катаў мяне на ёй. Буду памятаць пра гэта ўсё жыццё. Згадзіцеся, не кожнаму пашчасціць праехаць на машыне свайго прадзядулі! У мяне нават фотаздымак ёсць.

Нягледзячы на асколак у назе, які застаўся пасля ранення, прадзядуля быў добрым гаспадаром, трымаў пчол, хадзіў на паляванне. Нават некалькі разоў браў з сабой і свайго любімага ўнука Кокліка (так ён называў майго тату), вучыў яго чысціць ружжо.

Першы тэлевізар у вёсцы з’явіўся ў хаце Цімафея Зайцава, і вечарамі аднавяскоўцы збіраліся паглядзець тэлеперадачы, абмеркаваць навіны.

Прадзядулю ведалі ва ўсёй ваколіцы як майстра на ўсе рукі і веселуна. Ён хвацка іграў на гармоніку, які зрабіў сам, і спяваў сваю любімую песню: “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…” Дома было шмат музычных інструментаў: барабан, бубен, губны гармонік, гітара. І кожны з іх, калі трапляў у рукі Цімафея, дарыў радасць навакольным…

Уважліва слухаю аповед бабулі, углядаюся ў кожны фотаздымак, стараюся ўявіць кожны момант, каб запомніць усё да драбніц.

На летніх канікулах мы абавязкова паедзем на радзіму дзядулі, у вёску Зімніца, сустрэнемся з яго братамі, адзін з якіх жыве ў бацькоўскім доме, і абавязкова наведаем магілу Цімафея Фёдаравіча Зайцава, майго прадзядулі.

Я прыйду з кветкамі і скажу вялікі дзякуй за мірнае неба і шчаслівае дзяцінства, паабяцаю берагчы стары сямейны альбом, каб расказваць будучым дзецям і ўнукам пра свой род, таму што ўпэўнена: без ведання каранёў бясхмарнай будучыні не будзе.

Анастасія Зайцава,
вучаніца Сітцаўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *