В очень непростых условиях ведут заготовку кормов сельхозпредприятия Докшицкого района

Таргуноўскія працаўнікі палёў: (злева направа) Пётр Кавалёў, Аляксандр Трус, Аляксандр Касцюковіч і Вячаслаў Аніковіч.
У вельмі няпростых умовах, калі практычна ніводнага дня не абыходзіцца без дажджу, у сельгаспрадпрыемствах ідзе сёлета корманарыхтоўка. Вось і ў ААТ “Таргуны”, дзе запланавана закласці ажно 23 700 тон сенажу, надвор’е ніяк не дае разгарнуць справу на поўную моц. Тым не менш вопытныя механізатары не здаюцца і выкарыстоўваюць кожную спрыяльную гадзіну.
У панядзелак, першы за доўгі час сонечны і больш-менш цёплы для чэрвеня дзень, мы заспелі каманду аграрыяў на велізарных палетках за вёскай Нова-Вольберавічы.
– Змагаемся, – бадзёра паведаміў перадавы механізатар раёна Вячаслаў Аніковіч. – Бывае, што тэхніка і буксуе, і нават вязне. На гэты выпадак у нас ёсць дзяжурны “Кіравец” на спараных колах – выцягвае, калі ёсць пагроза капітальна засесці. Асабліва вязкія месцы аб’язджаем у надзеі, што дажджы ўрэшце суцішацца і можна будзе пачатае цалкам завяршыць.
Вячаслаў Іванавіч на сваім “Ягуары” працуе ўжо васямнаццаты год. “Функцыянуе яшчэ мой пенсіянер са стажам”, – усміхаецца. Яшчэ б не функцыянаваць пры такім гаспадары: тэхніка, як і жывыя істоты, клопат і догляд любіць, падыход разумны, рукі ўмелыя, а гэтага Аніковічу не займаць. У яго калегі Пятра Кавалёва КВК-800, наадварот, “юнак”, трэці год у эксплуатацыі. Пётр Іванавіч з Вячаславам Іванавічам і напаўняюць зялёнай масай шэсць магутных трактароў, на якіх механізатары Аляксандр Аксючыц, Сяргей Ралавец, Аляксандр Трус (трактары Fendt), Дзмітрый Ралавец (“Кіравец”), Міхаіл Бальшуноў (МТЗ-3522) і Аляксандр Касцюковіч, які трымае ў гэтай камандзе лідарства па колькасці перавезеных тон (МТЗ-3022), перавозяць яе на трамбоўку ў траншэю каля МТК “Гліннае”. На касьбе заняты Сяргей Пецько. Такім чынам у гаспадарцы закладзена сенажу крыху больш чым трэцяя частка ад запланаванага і на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана пяць цэнтнераў кармавых адзінак.
Калі браць за асноўны паказчык менавіта колькасць нарыхтаваных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы, то тут са значным адрывам лідзіруе ААТ “Бягомльскае”, дзе па стане на 23 чэрвеня на ўмоўную галаву жывёлы маецца 10,28 цэнтнера кармавых адзінак і з запланаваных 7000 тон сенажу закладзена ўжо больш чым 5000, што складае 73 працэнты. Што датычыцца ААТ “Таргуны”, то сенажу ў гаспадарцы заклалі 8595 тон, у “Барсучанцы” – 5602 тоны (4,69 ц.к.адз.), ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 5273 тоны (4,83 ц.к.адз.). У працэнтах да плана гэтыя сельгаспрадпрыемствы, а таксама ДП “АграСітцы” (5,22 ц.к.адз.) набліжаюцца да сарака. Пакрысе набіраюць абароты ДП “Гняздзілава-Агра” (2,83 ц.к.адз.) і КУП “Докшыцкі” (2,22 ц.к.адз.). У апошняй гаспадарцы, а таксама ў райаграсэрвісе і “Бягомльскім” найбольш актыўна закладваюць зялёную масу ў палімерную ўпакоўку. Да нарыхтоўкі сена прыступілі ў райаграсэрвісе і ДП “АграСітцы”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.