В педиатрическом отделении Докшицкой ЦРБ создают комфорт для маленьких пациентов
Пасля рамонту педыятрычнае аддзяленне Докшыцкай ЦРБ змяніла сваё аблічча на больш сучаснае.
Работы распачалі ў лістападзе мінулага года ўласнымі сіламі.
– Нашы рабочыя па комплексным абслугоўванні – майстры на ўсе рукі: і электрыкі, і плітачнікі, і сантэхнікі, умела выконваюць самыя разнастайныя рамонтныя работы, – ахарактарызаваў сваіх калег Сяргей Лобан, начальнік гаспадарчай службы бальніцы.
І сапраўды, зроблена ўсё якасна. Адрамантаваны палаты, ізалятар, працэдурны, малочны, раздатачны і гульнявы пакоі, калідоры, сталовая, санвузлы, кабінет урача, пакоі медыцынскага і абслуговага персаналу, інвентарныя. Пафарбаваны сцены, столь, дзверы, заменены лінолеум і старыя свяцільні на святлодыёдныя. Праведзены “еўрарамонт” у адным з санвузлоў – пакладзена плітка, заменена сантэхніка, устаноўлена бідэ. Памянялі сантэхнічныя прыборы і ў палатах. Паставілі новыя замкі і зашчапкі ў дзвярах памяшканняў.
Такія цудоўныя ператварэнні патрабавалі і новай мэблі. Бальніца закупіла ложкі для дзетак і іх мам, спавівальныя столікі для немаўлят, тумбачкі, сталы і крэслы ў сталовую, шафы для медпрэпаратаў і іншае.
Сцены аздобілі мілымі аплікацыямі і карцінамі, намаляванымі дзецьмі работнікаў бальніцы.
Аддзяленне, загадчыкам якога з’яўляецца малады доктар Дзмітрый Сачына, разгорнута на дзесяць ложкаў, яшчэ два маецца ў дзённым стацыянары і адзін – у ізалятары. Для кожнага пацыента – асобная паўбоксавая палата, забяспечаная рукамыйнікам з дызенфіцыруючым сродкам.
Аддзяленне стала светлым і ўтульным. На рамонт і мэблю былі выдаткаваны бюджэтныя і бальнічныя сродкі.
Застаецца толькі пажадаць маленькім пацыентам хуткага выздараўлення і выдатнага настрою.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.