Четверым детям семьи Михновичей удалось спастись, когда фашисты жгли деревню Золотухи

Муж і жонка Марк і Ядзвіга Міхновічы.

Муж і жонка Марк і Ядзвіга Міхновічы.

Неверагоднае выратаванне дзяцей

Паводле трагічных падзей знішчанай вёскі Залатухі

Нашым пастаянным чытачам ужо добра вядома імя нашага земляка Генадзя Адамовіча, які самааддана вядзе пошукі звестак пра ахвяр вёскі Залатухі, спаленай нямецка-фашысцкімі захопнікамі 20 сакавіка 1943 года і так і не адноўленай пасля вайны. “Родныя вытокі” неаднаразова знаёмілі дакшычан з карпатлівымі даследаваннямі Генадзя Валянцінавіча. І вось – новая трагічная гісторыя.

Пошукі прывялі ў Эстонію

– Амаль тры гады нам спатрэбілася для раскрыцця яшчэ адной таямніцы трагедыі ў вёсцы Залатухі, – расказвае Генадзь Валянцінавіч. – Ад нашчадкаў Марыі Локцік (яго сваячка, якая цудам уцалела на пажары, але страціла ў агні мужа і дзяцей. – Рэд.) мы ведалі, што хтосьці з дзяцей, якія вырваліся з фашысцкіх лап у Залатухах, нібыта жыў пасля вайны ў сям’і Вітольда і Ядзвігі Лубнеўскіх у вёсцы Валкалатка. Ні імя, ні прозвішча дзіцяці ўспомніць ніхто не мог. Як і тое, чаму яно трапіла менавіта ў гэту сям’ю. Меркавалася, што хлопчык знаходзіўся ў сваёй цёці, якая, магчыма, была родам з Залатух, але ніяк не ўдавалася ўстанавіць дзявочае прозвішча жанчыны. Родных дзяцей Вітольда і Ядзвігі ўжо няма на свеце, а ўнукі раз’ехаліся хто куды, і знайсці хоць кагосьці было няпроста.

Першы поспех чакаў Генадзя і яго паплечнікаў пасля атрымання з архіва звестак пра дзяцей, якія нарадзіліся ў Залатухах перад вайной. Выявілася, што ў двух немаўлят Міхновічаў была хроснай Ядзвіга Лубнеўская. Стала зразумела, што за Вітольда Лубнеўскага ў Валкалатку выйшла замуж сястра Марка Міхновіча Ядзвіга. Генадзь пачаў шукаць нашчадкаў гэтай сям’і з падвоенай энергіяй. Зачэпкай стала інфармацыя, што адзін з сыноў Вітольда пасля вайны паехаў працаваць у Эстонію, таму хацелася верыць, што там могуць жыць яго нашчадкі. Так праз сацыяльныя сеткі быў наладжаны кантакт з дачкой таго самага хлопчыка, які выратаваўся ў Залатухах, – Ірынай.

Цёця Уладзіслава, якая выгадавала яго.

Цёця Уладзіслава, якая выгадавала яго.

На вачах у малых

Як расказала Ірына, перад вайной у Залатухах жылі дзве вялікія сям’і родных братоў Аляксандра і Марка Міхновічаў. Сям’я Аляксандра загінула поўнасцю ў падпаленым фашыстамі хляве, а сям’ю Марка накрыла іншая бяда.

…У Марка і яго жонкі Ядзвігі гадавалася пяцёра сыноў. У дзень расправы над залатухаўцамі фашысты ўварваліся ў іх дом. А што было далей, можна толькі здагадвацца. Магчыма, галава сям’і аказаў супраціўленне карнікам або стаў хаваць дзяцей ці ўжо паспеў схаваць некаторых, таму што фашысты пачалі помсціць ім за нешта тут жа. Марка і яго старэйшага сына Эдварда забілі на вачах у астатніх дзяцей і пачалі гвалтаваць Ядзвігу. Трое меншых дзяцей з васьмімесячным братам на руках нейкім чынам змаглі ўцячы ў лес. Азвярэлыя фашысты, хутчэй за ўсё, забілі Ядзвігу ў хаце, а не заганялі ў хлеў.

Дзевяцігадовы Генік, сямігадовы Уладзік і пяцігадовы Янек неслі па лесе немаўля, а яно ўвесь час плакала. Хлопчыкі баяліся, што гэты плач навядзе на іх фашыстаў, і нават хацелі ўтапіць браціка, але, дзякуй богу, не рашыліся. Цудам дабраліся да нейкай вёскі, дзе жыў сябар бацькі, і іх схавалі ў падвале. Самаму маленькаму дзіцяці ўдалося знайсці карміцельку, і яно выжыла.

У тым падвале Ядзвіга Міхновіч і знайшла сваіх пляменнікаў. Аднак у сваю сям’ю яна змагла забраць чамусьці толькі аднаго – Уладзіка.

У яе самой расло трое родных дзяцей. Прадуктаў не хапала. Пазней Уладзіслаў успамінаў, што хоць даводзілася есці бульбяное лупінне, але ўсё ж Лубнеўскія выгадавалі яго.

Уладзіслаў пражыў доўгае і годнае жыццё. Стаў геолагам, працаваў і жыў у Эстоніі. Выгадаваў дваіх дзяцей, знайшоў Геніка і Янека і сябраваў са зводнымі братамі. Усе ўспамінаюць пра яго з любоўю.

На дадзены момант вядома, што Генік (Эўгеніюш) пасля вайны апынуўся ў Мурманску, Янек – у Сімферопалі. Яны прыязджалі ў Эстонію да брата ў госці.

Наймалодшы вырас у Расіі і стаў навукоўцам. Наконт яго браты рабілі запыт, але адказу не атрымалі. Разважалі, што, магчыма, той стаў засакрэчаным вучоным, таму і не адгукнуўся. Ніхто не памятае нават яго імені…

У цяперашні час дачка Уладзіслава страціла сувязь з нашчадкамі братоў свайго бацькі, хаця калісьці гасціла ў дзядзькі Янека ў Сімферопалі.

Уладзіслаў Міхновіч.

Уладзіслаў Міхновіч.

“Мы абавязаны…”

– Як і дзе гэтыя дзеці, акрамя Уладзіка, перажылі год вайны, пакуль не зразумела, – разважае Генадзь Адамовіч. – Можа, пасля вызвалення Беларусі выхоўваліся ў дзіцячых дамах. Пра падрабязнасці гэтага дзіўнага выратавання яшчэ патрэбна даведацца. Загадкай пакуль застаецца і факт, што Аляксандр і Марк Міхновічы не трапілі ў пасляваенныя спісы загінуўшых. Акрамя таго, імя Марка не пазначана на помніку, устаноўкай якога займалася сястра Ядзвіга. Мабыць, згарэлы ва ўласнай хаце труп Марка адразу не знайшлі і спадзяваліся, што мужчына выжыў. Але зараз дакладна вядома, што браты Міхновічы той раніцай загінулі ў Залатухах, і мы абавязаны аднавіць іх імёны на помніках.

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *