Еще одно место для купания появилось в Докшицком районе
Яшчэ адно месца для купання з’явілася ў Докшыцкім раёне. Абуладкаваны ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі пляж адкрыты на рацэ Студзёнка ў вёсцы Будачы Бягомльскага сельсавета.
Удзельнікамі ўрачыстага адкрыцця сталі старшыня абласной арганізацыі “Беларускага таварыства выратавання на водах” Аляксандр Мясаедаў, начальнік РАНС Віктар Кужэль, старшыня Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Захарэвіч.
– Усімі зацікаўленымі службамі зроблена шмат, каб пляж стаў не толькі камфортным, але і бяспечным, – сказаў старшыня раённага таварыства выратавання на водах Ігар Рагулька. – На беразе вадаёма дзейнічае выратавальная станцыя. Устаноўлены лаўкі, кабінкі для пераапранання, арганізаваны месцы для збору смецця і прыбіральня. Хочацца нагадаць наведвальнікам пра выкананне правілаў бяспекі на вадзе. Асабліва ўважліва трэба сачыць за дзецьмі.
Дарэчы, дагэтуль дазволеным месцам для купання ў раёне быў толькі абуладкаваны пляж на беразе гарадскога возера ў райцэнтры.
Купальны сезон у Беларусі кожны год афіцыйна стартуе 1 мая і працягваецца да 30 верасня.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Бягомльскім сельвыканкамам.