Письмо с благодарностью за порядок на кладбище в д. Ускромье Бегомльского сельсовета пришло в редакцию
Гэты ліст у рэдакцыю “РВ” прыйшоў з Мінска за подпісам Сафіі Васільеўны Савіцкай. Жанчына акцэнтавала ўвагу на Годзе добраўпарадкавання і прасіла размясціць на старонках раённай газеты падзяку людзям, якія непасрэдна на месцах займаюцца рэалізацыяй мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Друкуем вытрымкі.
“Ужо больш за трыццаць гадоў наведваем з сям’ёй могілкі ў вёсцы Вускрам’е, дзе пахаваны родныя. Для нас гэта важны рытуал, неабходны для выказвання павагі да памерлых і захавання памяці пра іх, а таксама для падтрымання месцаў пахавання ў належным стане.
Упрытык да пахаванняў растуць вялізныя сосны. У некаторых з іх пашкоджаны ствалы, што небяспечна як для наведвальнікаў могілак, так і для магільных збудаванняў. Па тэме выдалення аварыйных дрэў на тэрыторыі могілак звярнулася ў Бягомльскі сельвыканкам, і пытанне было вырашана аператыўна, прафесійна і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Нават нягледзячы на складанасць выканання работ, дрэвы выдалены вельмі па-майстэрску, без прычынення шкоды помнікам і агароджам.
У сувязі з гэтым выказваю падзяку старшыні Бягомльскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргею Ягоравічу Захарэвічу і начальніку Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Юрыю Міхайлавічу Кукулю за разуменне нашай сітуацыі і прафесіянальныя дзеянні ў вырашэнні пытання. Акрамя гэтага, раней былі выкананы работы па ачыстцы тэрыторыі могілак ад смецця, вывазе адходаў і абуладкаванні пляцоўкі для іх збору. Ды і дарога да могілак падтрымліваецца ў добрым стане.
Таксама ўдзячна індывідуальнаму прадпрымальніку Яўгенію Стэфанавічу Янкоўскаму і спецыялістам, якія займаліся афармленнем пахаванняў маіх родных. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, работы выкананы на належным узроўні і ў тэрмін. Упэўнена, што добраўпарадкаванне тэрыторыі могілак будзе працягнута”.