Молодой специалист Докшицкого РЦГиЭ Анастасия Громонть приняла участие в патриотической экспедиции

photo_2025-с

Памочнік урача-эпідэміёлага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Настасся Громанць магла стаць перакладчыкам і падарожнічаць па розных краінах свету, бо ў школе сур’ёзна захаплялася вывучэннем замежнай мовы. Але вандраваць і знаёміцца з сусветнымі славутасцямі ёй пашчасціла дзякуючы Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, актыўным членам раённай арганізацыі якога яна з’яўляецца. Аднак пра ўсё па парадку.

Насця – малады спецыяліст, год таму па размеркаванні трапіла ў Докшыцы пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага каледжа. Менавіта медыцына прывабіла яе, выпускніцу Падсвільскай школы Глыбоцкага раёна.

– Ведаеце, школьніцай я не была такой ініцыятыўнай, як цяпер, – гаворыць Настасся. – Раскрыцца якраз-такі дапамог калектыў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дзе з першых дзён атулілі мяне клопатам і ўвагай. Калі старэйшыя калегі дапамагалі ў рабоце, то моладзь адразу захапіла ў віхуру шматлікіх мясцовых мерапрыемстваў. Першым маім выхадам, так сказаць, у свет стаў гарадскі баль. Спачатку вельмі хвалявалася і сумнявалася, што спраўлюся. Але, пазнаёміўшыся з канкурсантамі, знайшла блізкіх па духу людзей, і з іх падтрымкай усё склалася само сабой. Акрамя таго, са сваім партнёрам па танцах Даніілам Буглаком яшчэ і пераможцамі сталі! Так і пачалося маё актыўнае бэрэсэмаўскае жыццё. Потым быў удзел у электаральнай кампаніі ў якасці інтэрв’юера экзітполу. Напэўна, самым запамінальным стаў удзел у патрыятычнай экспедыцыі “Непакораныя”, падчас якой разам з беларускай і расійскай моладддзю адправіліся ў падарожжа ад Брэста да Севастопаля па 14 гарадах Беларусі і Расіі. Мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Каб стаць яго ўдзельнікам, трэба было прайсці анкетаванне і сур’ёзны адбор. Мне пашчасціла стаць адзіным прадстаўніком Віцебскай вобласці. Падчас аўтапрабегу мы наведвалі гістарычныя месцы і мемарыялы, знаёміліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На кожнай лакацыі разгортвалі самы вялікі Сцяг Перамогі плошчай больш за дзве тысячы квадратных метраў! Гэта незабыўнае падарожжа, у якім знайшла шмат сяброў.

Нягледзячы на пачатак працоўнай дзейнасці, у калектыве райЦГіЭ маладога спецыяліста Настассю Громанць цэняць. Кіраўніцтва адзначае яе адказнасць, добразычлівасць. У бліжэйшы час у саставе докшыцкай каманды яна будзе ўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах па грамадзянскай абароне. Няхай поспех усміхнецца ёй і тут. Дарогі ўсе па сіле маладым!

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва гераіні публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *