Райскую красоту для души создает на даче в Комайске Алеся Дмитриченко
Праязджаючы па маляўнічых гарыстых вулачках Камайска, звярнулі ўвагу на дворык, які літаральна патанаў у кветках, сярод якіх немалую долю складалі рознакаляровыя петуніі ў кашпо. Як гаспадарам сёлетнім заліўным чэрвенем удаецца трымаць кволых і капрызных зялёных гадаванцаў у шыкоўным стане? – задаліся такім пытаннем і накіраваліся ў двор, дзе нас першым прыязна сустрэў вясёлы беленькі вартаўнік па мянушцы Майк.
– А мы з дачушкай Яраславай пільна сочым за прагнозам надвор’я, на ноч уносім расліны ў дом, калі чакаецца моцны дождж, і па магчымасці робім гэта нават днём, – дае нам адказ дакшычанка Алеся Дзмітрычэнка, што працуе ў Камайску дзяжурнай па доме паляўнічага і рыбалова раённай арганізацыйнай структуры “БТПР” і жыве ў летніку практычна бязвыезна.
Уявіце сабе, колькі гэта клопатаў – штодзённа цягаць з дому і ў дом даволі-такі цяжкія кашпо з петуніямі, геранямі, вербенамі, якіх налічваецца некалькі дзясяткаў! Добра яшчэ, што ёсць памочніца: сямікласніца Яраслава, як і мама, любіць працаваць на зямлі і ствараць прыгажосць.
Гаспадыні з актыўным удзелам чатырохногага сябра ахвотна праводзяць для нас экскурсію па сваіх уладаннях, дзе разам з аднагадовымі раслінамі выдатна ўжываюцца хвойныя пароды, клематысы, ружы, гартэнзіі і іншыя кветкі і дэкаратыўныя кусты. Ёсць і агарод, і абсталяваная ўтульная зона адпачынку з міні-мангалам – каб фігуры ў парадку трымаць, смяецца Алеся Мікалаеўна. На сонечных участках выдатна адчуваюць сябе саджанцы вінаграду, а памідоры ў камайскіх руплівіц жывуць не толькі ў цяпліцы, але і ўздоўж паўднёвай сцяны даўжэзнай варыўні, пад аховай даху, у спецыяльнай дашчанай градцы – развіваюцца ані не горш.
– Так, кветкі патрабуюць нашмат болей клопату і часу, чым агародныя культуры, – разважае Алеся. – Ёсць людзі практычныя, якія не бачаць у кветках ніякай карысці і не трацяць час на іх развядзенне. Мы з Яраславай не з гэтай катэгорыі. Не ўсё на свеце мае цану. А задавальненне ад таго, што сваімі рукамі ствараеш прыгажосць, маленькі куточак раю, дакладна не купіш ні за якія грошы.
З гэтым нельга не пагадзіцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.